Ці можа ў Латвіі паўтарыцца Данбас? Рэпартаж
Рэпартаж з Даўгаўпілса — горада, на які мог пакласці вока Пуцін
/ Euroradio/OpenAI
Узброеная група з Беларусі спрабавала пранікнуць на тэрыторыю Латвіі, пісалі днямі латвійскія СМІ. Людзі ў масках і са зброяй суправаджалі групу мігрантаў. Падобныя правакацыі здараліся і раней, але гэтым разам тыя, хто суправаджаў мігрантаў, былі асабліва агрэсіўныя.
За тыдзень да гэтага ў Латвію і Эстонію пранікла група журналістаў Еўрарадыё. Яна і Аня адправіліся ў Нарву і Даўгаўпілс — пра гэтыя гарады на межах з Беларуссю і Расіяй кажуць як пра патэнцыйныя новыя Луганск і Данецк.
Усю дарогу Яна і Аня перапісваліся галасавымі паведамленнямі і дапамагалі адна адной разабрацца ў геапалітыцы і складаных пачуццях.
Дзень 1. Аня едзе ў Даўгаўпілс. “Ды каму мы патрэбныя? Бедны, жабрацкі горад”
Дызель да Даўгаўпілса ідзе больш за тры гадзіны. У дарозе чытаю зварот рускамоўнай журналісткі Іны Плавока да рыжскіх палітыкаў. У сакавіку 2022 года яна прасіла іх прыехаць у горад і пагаварыць з рускамоўнай меншасцю Латвіі.
“Скажыце рускамоўным жыхарам Даўгаўпілса і Латгаліі, што яны вельмі патрэбныя Латвіі — цяпер і заўсёды, — пісала Іна. — Размаўляйце з імі наўпрост, каб гэтыя людзі не адчувалі сябе жыхарамі пуцінскай краіны”.
Яшчэ чытаю аналітыкаў, якія пісалі, што “краіны Балтыі — наступныя”. Тэлефон разраджаецца, а ў дызелі з Рыгі да Даўгаўпілса няма ніводнай разеткі. І я пакуль не ведаю, што гэта метафара.
На тэксце расійскіх прапагандыстаў пра тое, што “Расію чакае яшчэ адна СВА” (намякалі на краіны Балтыі), тэлефон канчаткова здаецца. Гарбаты ў дызелі таксама няма, застаецца толькі глядзець у акно.
Ад Даўгаўпілса да Беларусі — менш за 40 кіламетраў, раней адтуль рэгулярна хадзілі маршруткі ў Верхнядзвінск і Полацк. Пейзажы за акном майго дызеля — проста як у Віцебскай вобласці. З гэтай думкай засынаю, а калі прачынаюся, пейзажаў ужо не разгледзець. З крыніц святла застаецца толькі месяц, ні на адной станцыі, якія мы праязджаем, не гарыць святло… З разраджаным тэлефонам цудам дабіраюся і да Даўгаўпілса, і да сваёй нанятай кватэры.
— Labdien, — вітаюся з гаспадыняй.
— Добры дзень!
— Можна па-руску, так?
— Можна, канешне, у нас дзевяноста працэнтаў горада па-руску размаўляюць.
У Вікіпедыі было напісана, што восемдзесят. Разгаварыліся па-руску.
— А што хочаце ў нас паглядзець? — пытаецца гаспадыня.
Кажу, што хачу паглядзець на прарасійскія настроі і што я журналістка. Потым дадаю: ну, нармальная, не расійская прапаганда. І думаю, што пакуль не ведаю, якіх журналістаў у Даўгаўпілсе лічаць “нармальнымі”.
— Многія вераць, што Расія нападзе на НАТА, як бы гэта мякчэй сказаць… тут? — пытаюся.
— Залежыць ад таго, хто які тэлевізар глядзіць.
У тэлевізары ў маёй нанятай кватэры — толькі ютуб і ніякіх навін. Пастаяльцы, якія жылі тут да мяне, глядзелі рамантычныя камедыі з расійскай агучкай і трохі — расійскія серыялы.
Проста каля майго дома — модная кавярня. Раніцай я спрабавала дапытвацца ў маладой барысты пра НАТА, але яна сказала, што палітыкай не цікавіцца. І папрасіла, каб людзям проста “далі спакойна жыць”, а я замовіла флэт уайт і арэшак са згушчонкай.
У суседняй крамцы кажуць, што Даўгаўпілс — горад “сумных бабуль”, чые ўнукі з’ехалі жыць у Лондан ці Нью-Ёрк. Тут сапраўды самая высокая доля пажылых людзей сярод усіх латвійскіх гарадоў. Заводжу з бабулямі смол-токі пра вайну і пра напад Расіі на НАТА і Латвію.
— Бедны, жабрацкі горад, нікому мы не патрэбныя, — кажа пажылая жанчына.
Маладзейшыя таксама не вераць у напад Расіі, але на ўсялякі выпадак купілі кансервы. З мая тэлефоны жыхароў двойчы разрываліся ад апавяшчэнняў пра паветраную пагрозу. Гэта значыць, што незалежна ад таго, уключаны твой тэлефон ці выключаны, ён пачынае гучна сігналізаваць пра небяспеку.
Многія гэтым незадаволеныя. Іх не задавальняюць не дроны ў небе, а апавяшчэнні пра іх: калі такое прыходзіць ноччу, потым цяжка заснуць.
— А я выключыла — і далей сплю, — кажа яшчэ адна пажылая жанчына, якую спыняю на вуліцы.
У абед сустракаюся з Інай Плавока — менавіта яе зварот да палітыкаў я чытала ў цягніку. Яна — галоўная рэдактарка мясцовага незалежнага рускамоўнага медыя “Чайка”. Гэта адно з двух гарадскіх медыя, якое ў першы дзень вайны ва Украіне назвала тое, што адбываецца, вайной. За некалькі сутак ад “Чайкі” тады адпісалася больш за тысячу чалавек. З загалоўкам, у якім было слова “вайна”, выйшла і маленькая “пенсіянерская” газета “Мільён”. Астатнія вызначаліся.
— Тады яшчэ велізарная колькасць рускамоўных людзей знаходзілася ў інфармацыйнай прасторы расійскага тэлебачання і сапраўды думала, што гэта СВА, а не вайна. Што рускіх ва Украіне вызваляюць, што рускую мову вызваляюць, — расказвае Іна. — Былі людзі, якія адразу пасля пачатку вайны казалі: “Не хвалюйся, усё хутка скончыцца, да нас таксама прыйдуць і выратуюць”. Я адказвала: “Блін, ад каго? Ну ад каго вас ратаваць?” Думаю, сёння большасць з гэтых людзей ужо разумее, як адбываецца гэтае “выратаванне”.
У “Чайкі” няма ўласнай рэдакцыі, таму мы з Інай размаўляем у лобі найбуйнейшага гатэля на цэнтральнай плошчы. Калісьці на плошчы стаяў дзевяціметровы помнік Леніну ў шапцы. Кажуць, помнік прызначаўся для Северадзвінска, але гарады пераблыталі, і Леніна ў шапцы адправілі ў Даўгаўпілс (з 1893 да 1920 года ён называўся Дзвінск).
Мяне палохаюць наратывы пра бедных рускамоўных у Латвіі, якіх прыгнятаюць, якіх крыўдзяць, якіх трэба ратаваць, якім не даюць размаўляць на вялікай і магутнай рускай мове. Гэта тыя самыя наратывы, якія мы чулі на сёння акупаваных тэрыторыях Украіны, — працягвае Іна. — А потым да нас прыехалі першыя ўцекачы з Харкава і расказалі, што ўсё жыццё размаўлялі па-руску. Нашых гледачоў расійскага тэлебачання гэта здзівіла.
У лобі гатэля стаіць банкамат. Іна заўважае жанчыну, якая падыходзіць зняць наяўныя грошы, і ківае ў яе бок.
— Адным з самых топавых матэрыялаў на нашым сайце за апошні час стала навіна пра тое, што з банкаматаў прыбяруць рускую мову. Ну, здавалася б: некалькі аперацый, трэба запомніць максімум шэсць слоў. Але вы не ўяўляеце, колькі было абурэння. Так, для пажылых людзей гэта сапраўды стварае цяжкасці. Напрыклад, мая мама доўга баялася карыстацца банкаматам пасля таго, як прыбралі рускую мову.
Але на ўсе гэтыя працэсы можна паглядзець і з іншага боку — вачыма латышоў, якія жывуць у нашым цудоўным рускамоўным рэгіёне. У рэгіёне, дзе ў дзіцячых садках, спартыўных гуртках і секцыях доўгі час усё было па-руску. А мы амаль не чулі іх абураных галасоў, бо самі былі захоплены гісторыямі пра ўціск рускай мовы. Цяпер сітуацыя змяняецца.
Іна нарадзілася ў Даўгаўпілсе, размаўляе па-руску, лічыць сябе латвійкай, а пашпарт у яе беларускі. Раней мясцовыя жыхары часта ездзілі ў Беларусь: па той бок мяжы ў многіх жывуць або калісьці жылі сваякі. Іна таксама ездзіла: яе сваякі жылі недалёка ад беларускага Браслава, але з пачатку вайны яны не бачыліся.
Спачатку ўлады ўгаворвалі сваіх грамадзян не ездзіць у Беларусь — баяліся вярбоўкі. Гэтай вясной Міністэрства сувязі Латвіі падрыхтавала папраўкі да закона, якія цалкам забараняюць аўтобусныя зносіны з Беларуссю. Найбліжэйшы да Даўгаўпілса пункт пропуску Сілене (з беларускага боку — Урбаны) закрылі яшчэ ў 2023 годзе.
— Нядаўна чула, як адзін мужчына сумаваў па беларускіх санаторыях, бо там да яго звярталіся па імені і імені па бацьку. У нас тут так не прынята, яго ніхто не называе Мікалаем Іванавічам. А ў Беларусі называюць, і гэта выклікае ў яго настальгію.
У нас у горадзе ёсць і тыя, хто разумее, што напад на Украіну вёўся і з тэрыторыі Беларусі. І тыя, хто працягвае захапляцца “бацькам” і лічыць яго моцным гаспадарнікам. Нядаўна на “Чайцы” выйшаў артыкул пра сітуацыю ў Беларусі. Нас, як заўсёды, абвінавацілі ў тым, што мы выконваем чыюсьці замову — Сораса там ці праклятых імперыялістаў. А насамрэч “у Беларусіі чыстыя вуліцы і танная грэчка”.
А калі нехта сядзіць у турме — ну, значыць, так і трэба. Потым яшчэ пытаюцца: “А ў нас што, не так? А ў нас што, не могуць пасадзіць?”
У Латвіі, вядома, таксама могуць пасадзіць. Тут за апраўданне расійскай агрэсіі могуць завесці крымінальную справу, таму, калі я чапляюся да людзей на вуліцы з пытаннямі пра вайну, асабліва не разлічваю на шчырыя адказы. Некалькі чалавек адказваюць абцякальна: “Не чапайце Расію, і яна вас не зачэпіць” і “Не кусайце яе, і ўсё будзе добра”.
Латгалія не толькі самы рускамоўны, але і самы бедны рэгіён Латвіі. Некалькі разоў на мае пытанні пра магчымы напад людзі на вуліцы адказвалі: “Каму мы патрэбныя?” і “Спытайце ў іх, у Рызе”. Пасля пачатку вайны ва Украіне Іну, як лідара грамадскай думкі, таксама пыталіся, што ўлады маглі б зрабіць, каб паказаць жыхарам Латгаліі, што яны — таксама важная частка краіны.
Тады Іна сказала — адрамантуйце дарогу. Доўгі час траса да Даўгаўпілса заставалася самай разбітай дарогай рэспубліканскага значэння ва ўсёй Латвіі. А электрычку без разетак, на якой я ехала, Іна называе машынай часу.
— Так, ёсць рэчы, праз якія мы, жыхары горада, можам адчуваць сябе адарванымі ад цэнтра. Усё пачынаецца з простых рэчаў.
Увечары я зноў зайшла ў модную кавярню каля дома, і яна зноў была амаль пустая — толькі я і два коргі. За 4 еўра ў моднай кавярні можна ўзяць флэт уайт і трубачку са згушчонкай і зефірам (адразу!), а ў кафетэрыі пры гандлёвым цэнтры за 4 еўра можна паабедаць.
Каля рынку абмяркоўваюць пенсіі, каля канцэртнай залы — галасаванне (на выхадных павінны былі адбыцца парламенцкія выбары). Пакуль стаю ў чарзе ў краме, атрымліваю ўлётку аднаго з кандыдатаў. Прадавец на касе адмаўляецца ўзяць такую самую, нават не зірнуўшы кандыдату ў твар.
Пытаюся ў яе пра Расію. Кажа, што ў Расіі ў яе ёсць сваякі, і яны ні на каго нападаць не збіраюцца.
На ўсіх выбарах традыцыйна адна з самых нізкіх явак — у Латгаліі. Але не толькі праз апалітычнасць людзей: проста многія з’язджаюць на сезонныя працы. Зарэгістраваныя ў Даўгаўпілсе, але жывуць не там.
Запісваю галасавое паведамленне Яне: вайны, акрамя журналістаў, ніхто не чакае, але кансервы на ўсялякі выпадак купілі. Я, дарэчы, таксама куплю — табе шпроты браць?
Тым часам Яна прыехала ў Нарву. Рэпартаж з Эстоніі чытайце тут.
Дзень 2. Аня гуляе па Даўгаўпілсе: “У паловы падрыхтаваны чырвоныя гваздзікі, каб сустракаць Пуціна”
У Даўгаўпілсе палітыкай не цікавяцца, затое палітыкі на мінулым тыдні вельмі цікавіліся Даўгаўпілсам. Пакуль я шукаю ў горадзе прарасійскія настроі, мяне знаходзіць чарговая група агітатараў і запрашае галасаваць за партыю “Згода”. Людзі на пікеце вельмі ўсмешлівыя, але мінакі ўсё роўна трымаюцца на адлегласці.
Спіс “Згоды” ўзначальвае блогер Айварс Сманс. Ён жа дае мне ўлётку. Яшчэ дзве дзяўчыны абыходзяць яго бокам і кажуць: “Мы за вас не галасуем”. Я бяру ўлётку і гуглю Айварса і саму “Згоду”.
Калісьці ў гэтай партыі быў і цяперашні мэр Андрэй Элксніньш. Партыя ў асноўным абараняла правы рускамоўнай меншасці Латвіі. Але ў канцы 2022 года паміж партыяй і Элксніньшам адбыўся гучны разрыў. У інтэрв’ю Delfi палітык заявіў, што Крым з’яўляецца часткай Расіі. Пазней на прэс-канферэнцыі ён тлумачыў, што меў на ўвазе фактычнае дзеянне расійскіх законаў у Крыме.
Адзін з лідараў партыі заклікаў яго задумацца, ці дапушчальна наогул палітыку прама або ўскосна апраўдваць расійскую агрэсію. Праз пару месяцаў Элксніньш выйшаў з партыі і нібыта забраў з сабой і яе папулярнасць.
Цяпер у Элксніньша новая партыя, а ў “Згодзе” сур’ёзны крызіс: для радыкальна настроенага прарасійскага электарату яны нібыта “здраднікі”, бо асуджаюць вайну Расіі ва Украіне, для астатніх — недастаткова лаяльныя да латвійскай дзяржавы.
— Ну, як вам Даўгаўпілс? — пытаецца Айварс, калі я вяртаюся да палаткі.
— А вам?
— У мяне такое ўражанне: 90% жыхароў горада хацелі б, каб сюды прыйшоў Пуцін. Бо людзі больш не вераць палітыкам, не вераць у выбары і хочуць, каб ім дапамагла знешняя сіла. Я не жартую.
Сманс нарадзіўся ў Даўгаўпілсе, але жыве ў Рызе. Латвійскія медыя пішуць пра яго як пра прыхільніка тэорый змовы. Ён лічыць, што Пуцін — ваенны злачынец, але вайну ва Украіне развязалі карпарацыі. Аўдыторыя Сманса ў сацыяльных сетках лічыць яго змагаром за справядлівасць: ён расказвае пра сацыяльныя праблемы і крытыкуе ўрад.
— Не патрэбны нейкія вялікія войскі. Проста, калі нехта захоча ўчыніць правакацыю, зрабіць гэта будзе вельмі лёгка. Большасць жыхароў Даўгаўпілса кагосьці чакаюць — і, хутчэй за ўсё, чакаюць Пуціна.
— Але чаму?
— Праз эканоміку, праз тое, што закрываюцца школы з рускай мовай навучання. Тут каля 60 працэнтаў насельніцтва — рускамоўныя. Пазбаўляць іх навучання на роднай мове — гэта злачынства.
І такімі метадамі нічога добрага не даб’ешся. Я нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, нам казалі любіць Леніна, партыю і Брэжнева. Мы з гэтага смяяліся. Іншая справа, што мы нічога не маглі зрабіць, не маглі з’ехаць. А адсюль людзі могуць з’ехаць. Вось я размаўляю з моладдзю. Школьнікі кажуць: нам тут няма чаго рабіць, будзем з’язджаць. І менавіта гэтага дабілася цяперашняя ўлада.
Пытаюся ў Айварса, ці рыхтуецца ён да ўварвання Расіі, ці робіць запасы. Не, у такі напад ён не верыць і кажа, што гэта прапаганда. За некалькі дзён у Даўгаўпілсе я пачала блытацца ў прапагандах, таму ўдакладніла — чыя.
— Прапаганда цяперашняй (рыжскай) улады, каб спісаць на падрыхтоўку да вайны ўсе негатыўныя з’явы, якія адбываюцца ў краіне. У Расіі няма нагоды нападаць на Латвію, мы — члены НАТА, вайны ў Латвіі не будзе.
— Многія думалі, што і ва Украіне вайны не будзе.
— Украіна — не член НАТА. І калі мы думаем, што НАТА не зможа нас абараніць, то навошта нам увогуле такі саюз? Мы пад абаронай НАТА, і кропка. Не, я не веру ва ўварванне. А вось у правакацыю, у тое, што тут можа паўтарыцца сцэнарый ДНР, — веру. Да гэтага мы і ідзём. Гэты рэгіён вельмі да гэтага схільны.
Даўгаўпілс падобны да беларускага абласнога цэнтра, які паменшылі да памераў райцэнтра. Вялікая пешаходная вуліца ў цэнтры горада, фантан, кавярні, адкрытыя тэрасы, плошча (але без Леніна). Планіроўка вуліц настолькі падобная да беларускай, што, калі б не надпісы па-латышску, можна было б уявіць, што ты выпадкова даехаў да Полацка — раней туды рэгулярна хадзілі маршруткі.
І яшчэ тут вельмі чыста. Мой наступны суразмоўца вось-вось высмее гэтую заўвагу гэтак жа, як беларусы высмейваюць пахвалу сваім чыстым вуліцам.
Дырэктар Даўгаўпілскай музычнай школы Айварс Брокс неаднаразова балаціраваўся на муніцыпальных выбарах і адкрыта крытыкуе цяперашняе кіраўніцтва Даўгаўпілскай думы.
— Нягледзячы на ўсе гэтыя гібрыдныя прыгоды, якія Расія цяпер ладзіць для балтыйскіх краін, Польшчы і Малдовы, лічу, што не ўсё так страшна. Проста трэба быць напагатове і займацца сваімі справамі. А нашы справы — гэта бяспека і выяўленне такіх нядобрых, нелаяльных людзей, якія не маюць права працаваць у органах самакіравання і дзяржаўных установах.
— А нелаяльных да чаго?
— Нелаяльных да Латвіі. Такіх у нас у горадзе каля 50 працэнтаў.
— А ў чым праяўляецца гэтая нелаяльнасць?
— У тым, што яны закупілі чырвоныя гваздзікі і сядзяць на кухні, чакаюць, калі прыйдуць танкі.
Мы размаўляем у лобі таго самага гатэля, адкуль відаць плошчу без Леніна, дзе ўчора я сустракалася з Інай.
— То-бок вы настолькі нелаяльныя, ажно да гваздзікоў?
— Ну, добра. Магчыма, з гэтых 50 працэнтаў гваздзікі закупілі 20%, а астатнія чакаюць, чым усё скончыцца.
Вайна выразна падзяліла людзей на два лагеры: за Расію і супраць. Але ёсць яшчэ кожны трэці, які хоча сядзець на двух крэслах адначасова. І гэтым кажа, што ўсё неадназначна, і другім. І гэтая праслойка — самае дрэннае і самае небяспечнае. З тымі, у каго гваздзікі нарыхтаваныя, — з імі хаця б усё зразумела.
Але падзел больш не датычыцца мовы, кажа Брокс.
Падзел паводле мовы — гэта ўчарашні дзень. Новы падзел праходзіць паводле лаяльнасці.
Ва ўсіх суразмоўцаў я пытаюся, як бы яны на вока ацанілі настроі ў рэгіёне. Іншай сацыялогіі, здаецца, і быць не можа: любыя публічныя выказванні, якія апраўдваюць Расію, падпадаюць пад артыкул Крымінальнага кодэкса. За гэта можна атрымаць да пяці гадоў пазбаўлення волі.
“Гэта не было нападам”, — аднойчы адказалі мне на вуліцы, калі я спытала, ці можа Расія напасці на Латвію так, як напала на Украіну.
“Гэта не было нападам” — за такое можна і сесці. Яшчэ адна жанчына кажа, што калі скажа, што сапраўды думае, яе пасадзяць, а яна яшчэ хоча “спакойна пажыць”.
Таму на сацыялогію складана разлічваць — застаецца ацэньваць на вока. Іна Плавока, напрыклад, ведае ў твар многіх падпісчыкаў “Чайкі” і адсочвае, пасля якога матэрыялу яны адпісваюцца — і што прымушае іх вяртацца.
Айварс — вядомая ў Даўгаўпілсе асоба. Ён музыкант, дырыжор, кампазітар, шмат гадоў кіруе музычнай школай — і двойчы абіраўся ў гарадскую раду Даўгаўпілса. Прашу яго падзяліцца сваёй “сацыялогіяй”.
— Сёння сітуацыя прыкладна такая: у нашым рэгіёне 50 працэнтаў жыхароў — рускія. З гэтых 50 працэнтаў палову можна аддаць Расіі, а другую палову — пакінуць. Яшчэ ў нас тут 30% жыхароў, якія не рускія і не латышы, — гэта палякі, украінцы, літоўцы. І з іх таксама палову можна аддаць Расіі. Латышоў у гэтым рэгіёне толькі 20%, але і іх мы дзелім напалову.
— І што з імі рабіць?
— Калі пачалася вайна, былі напісаны новыя артыкулы (Крымінальнага кодэкса). Артыкулы з’явіліся, але яны не заўсёды працуюць. Напрыклад, служба бяспекі кажа: мы злавілі блогера [які апраўдвае Расію. — Еўрарадыё] і аддалі яго пад суд. Суд пачаў разбірацца. Марудзяць, марудзяць тры месяцы — а потым адпускаюць, бо “няма важкіх доказаў”.
Адбываецца нейкі трохі зацягнуты працэс. Аднаго выявяць, пасадзяць — мы радуемся. А іх шмат! Калі вы адкрыеце гэтыя самыя сацыяльныя сеткі, то ўбачыце, што іх там ого-го-го колькі.
Павінны быць людзі, якія сядзяць за камп’ютарамі, выяўляюць іх і куды-небудзь адсейваюць. Альбо ў турму, альбо няхай куды-небудзь вышлюць назад. Ну сапраўды, калі чалавеку тут дрэнна, калі яму тут вельмі дрэнна, калі ён так мучыцца, лаецца — ну, значыць, трэба гэта зрабіць?
Паліцыя павінна актыўна працаваць. З’явіўся які-небудзь ідыёт — ну дык пасадзіце яго на 15 сутак, або на год, або на тры, або на пяць. Але для гэтага патрэбныя фінансы, еўрапейскія грошы.
— Думаеце, гэтых людзей зусім ніяк нельга інтэграваць, пераканаць у адваротным?
— Да 2014 года мы, як у мультфільме, спрабавалі жыць дружна. Латышы і ў цэлым лаяльныя да Латвіі людзі думалі: неяк само сабой наладзіцца. Паступова людзі зразумеюць, што тут Латвія, а не Расія, вывучаць мову — і ўсё будзе добра. Аказалася, людзі засталіся ў сваёй інфармацыйнай прасторы, а 2014 год умацаваў іх расійскую сутнасць. Ах, Расія, якая ж яна вялікая, які ж вялікі Пуцін!
І гэтыя два лагеры не сыдуцца. З гэтым прарасійскім лагерам трэба нешта рабіць. Хлопцы, наперад! На сваю гістарычную радзіму — там можаце змагацца за Расію і нават пайсці ў войска.
У нас тут шмат беларусаў. Але яны — тыя самыя рускія. Напэўна, як і ў Расіі, у Беларусі ёсць людзі, якія разумеюць, што да чаго, і не падтрымліваюць Лукашэнку. Але Дэпілс адрозніваецца тым, што мы прытулілі рускіх, якія за Пуціна, і беларусаў, якія за Лукашэнку. У нас такая фішка.
Айварс кажа: а можа, вы і сама руская шпіёнка?
Усміхаюся.
— Жартую. Я зрабіў даведку.
Увечары я запісала кароткае галасавое паведамленне Яне. І ў Беларусі, і ў Даўгаўпілсе чыстыя вуліцы. І там, і там табе скажуць: “Я палітыкай не цікаўлюся”. Але ў Беларусі нельга ўголас сказаць, што ты супраць вайны, а ў Даўгаўпілсе нельга сказаць, што ты за вайну. І, шчыра кажучы, трывожна не ведаць, які тэлевізар глядзяць твае суседзі.
Дапісала галасавое паведамленне і ўключыла на YouTube амерыканскі рамком на рускай мове.
Тым часам Яна вывучае прарасійскія настроі ў эстонскай Нарве.
Дзень 3. Апошні дзень Ані ў Даўгаўпілсе: “Нельга так здзекавацца з пажылых людзей”
Раніца. Кафетэрый пры гандлёвым цэнтры. Касірка па-руску пытаецца, колькі сырнікаў я хачу і ці патрэбна смятана. Потым лёгка пераходзіць на латышскую, калі размаўляе з іншай кліенткай.
Успомнілася беларуская сетка заправачных станцый А-100, дзе з табой вітаюцца па-беларуску, але пасля “Вітаем!” і “Дзякуй” усё роўна пераходзяць на рускую. Нават у самым рускамоўным рэгіёне Латвіі ў сферы абслугоўвання можна пачуць латышскую мову.
Пішу Яне, што іду на шопінг. У сэнсе, планую прайсціся па крамах і паслухаць, што ж непакоіць жыхароў Даўгаўпілса, калі не агрэсія Расіі. Па дарозе сустракаю чарговую маладую пару, якая палітыкай не цікавіцца, і юную студэнтку факультэта журналістыкі. Яна рада магчымасці даць каментарый, і я пытаюся пра вайну.
— Ой, палітыка… Напэўна, не варта, я проста вучуся ў Маскве.
Добра. Людзі старэйшага ўзросту аказваюцца больш гаваркімі.
— А што вы думаеце пра Расію? — пытаюся ў прадаўшчыцы ў маленькай крамцы.
— Ды я сама грамадзянка Расіі.
— О, а адкуль вы прыехалі?
— Я тут нарадзілася і ўсё жыццё жыву. Калі ласка, толькі не пішыце, як мяне завуць і дзе я працую, — просіць Тамара [імя зменена].
Для беларускага журналіста такія дысклеймеры — норма, проста нечакана пачуць іх у Латвіі.
— Я тут ніхто, калі мяне выганяць з краіны, мне няма куды ехаць.
Тамара не надта трымаецца за сваё расійскае грамадзянства. Яна атрымала яго па бацьку, калі распадаўся Савецкі Саюз. Ужо тройчы спрабавала здаць экзамен на веданне латышскай мовы — і не змагла. Калі да яе прыходзяць пакупнікі-латышы, яна размаўляе з імі па-латышску, але граматыка ёй не даецца, і экзамен яна правальвае.
— Я б ужо і па-руску граматна не напісала, — кажа пенсіянерка.
— Людзям даводзіцца сутыкацца з проста нечалавечымі цяжкасцямі, — далучаецца да размовы Вольга [імя зменена]. — Лічу, што нельга так здзекавацца з пажылых людзей, бо ў асноўным гэта праблема менавіта пажылых людзей.
— А вы таксама грамадзянка Расіі?
— Не, я неграмадзянка.
— А хто?
— Неграмадзянка.
Неграмадзяне — гэта асобны статус, які атрымалі ў Латвіі перасяленцы з іншых савецкіх рэспублік, што прыехалі ў краіну пасля 1940 года. Іх дзеці, народжаныя да 1992 года, — таксама неграмадзяне.
Сёння ў Латвіі каля 8% неграмадзян, і многія з іх жывуць у Даўгаўпілсе. Неграмадзяне не могуць галасаваць, працаваць на дзяржаўнай службе, у праваахоўных органах і судовай сістэме. Дзве неграмадзянкі, з якімі я размаўляю, прапануюць выстаўляць іх дакументы “ў музеі ў рамцы”.
— Так, мы — “непілсоны”. Неграмадзяне. Вось так усё жыццё без грамадзянства і жывём, — кажа Вольга. — Такога статусу, як у нас, няма нідзе ў свеце [акрамя Эстоніі. — Еўрарадыё]. Разумееце? Нідзе. Нават у плямёнах у Афрыцы — я не хачу нікога пакрыўдзіць, — але нават там у кожнага чалавека ёсць грамадзянства. У кожнага. А мы — неграмадзяне.
Мае сваякі з’ехалі ў Германію, і вось хутка ўжо стануць грамадзянамі Германіі. А я ўсё жыццё пражыла ў Латвіі, і я — неграмадзянка.
Вольга нарадзілася і вырасла ў Даўгаўпілсе, ніколі не жыла за межамі Латвіі і кажа, што менталітэт у яе мясцовы. Але бацька — рускі, а маці — украінка, і гэта азначае, што ў 90-х яна магла стаць альбо расіянкай, альбо ўкраінкай, альбо неграмадзянкай Латвіі.
— Расійскае грамадзянства мы не бралі, а латвійскага нам не далі. Я ніколі не была ва Украіне, у мяне ў Расіі нікога няма, радзіма ж у мяне тут! — працягвае Вольга. — Мая мама прыехала сюды дзіцем, у першы клас тут пайшла. Але паколькі яна прыехала ўжо пасля 1940 года, значыць, я не мела права на пашпарт.
Калі Саюз распадаўся, я была прыкладна вашага ўзросту. Мы хадзілі на барыкады, адстойвалі новую Латвію, нам расказвалі, як там усё будзе добра. У выніку савецкі пашпарт у нас адабралі, а новага грамадзянства не далі.
Але я хаця б была маладзейшая, калі ўсё гэта адбылося. А людзі старэйшага ўзросту, у якіх ужо быў працоўны стаж, выбіралі расійскае грамадзянства, бо неграмадзянам стаж працы ў (іншых рэспубліках) СССР не залічвалі. І людзі бралі расійскае грамадзянства толькі дзеля гэтых грошай, дзеля стажу, а не таму, што не любілі Латвію.
Але неграмадзяне могуць стаць грамадзянамі, калі пройдуць працэдуру натуралізацыі. Працэс займае каля года. Трэба даць абяцанне вернасці Латвійскай Рэспубліцы, заплаціць пошліну, здаць экзамены па латышскай мове, Канстытуцыі, гімне і гісторыі Латвіі.
— Мне кажуць: ты можаш натуралізавацца. Але навошта? Я тут нарадзілася і ўсё жыццё пражыла, гэта мая радзіма, — кажа Вольга. — Чаму хтосьці можа проста так жыць, а мне трэба натуралізавацца? Толькі таму, што мае бабуля з дзядулем не жылі тут да 1940 года? Але хіба я вінаватая, што мама нарадзіла мяне тут? Нарадзіся я ў любой іншай краіне, адразу стала б яе грамадзянкай.
Да размовы Вольгі далучаецца яе сяброўка, Ганна [імя зменена].
— Вось нарадзілася дзіця ў Амерыцы — і адразу становіцца грамадзянінам Амерыкі. А мы тут нарадзіліся, жылі, падаткі плацілі — і нам нічога не даюць. Ідзі здавай экзамены.
Я не скарджуся, — кажа Вольга. — Проста крыўдна. Несправядліва і несумленна. У Эстоніі таксама ёсць неграмадзяне, але яны хаця б могуць галасаваць на муніцыпальных выбарах. А я ўсё жыццё жыву ў гэтым горадзе і нават на мясцовых выбарах не магу галасаваць.
Дзеці ўсіх трох маіх суразмоўніц — грамадзяне Латвіі, але не таму, што атрымалі грамадзянства па нараджэнні, а таму, што іх бацькі — грамадзяне Латвіі. Толькі ў 2019 годзе Сейм ухваліў законапраект аб аўтаматычным наданні грамадзянства ўсім дзецям, народжаным у неграмадзян. З таго часу ў Латвіі не нарадзілася ніводнага неграмадзяніна.
— Яшчэ любяць казаць, што мы не любім латышскую мову. Ды яна ў нас проста не прыжываецца ў такім узросце. Мой сын ведае тры мовы: латышскую, рускую і англійскую, — кажа Вольга.
— Чым больш моў чалавек ведае, тым ён багацейшы, — дадае сяброўка.
— Я разумею латышскую мову, мне проста цяжка размаўляць. Бо мы жывём у Даўгаўпілсе, дзе амаль усе гавораць па-руску. А жыла б я ў іншым горадзе Латвіі, ніхто б мне і не сказаў, што я руская.
А вось Тамара з расійскім пашпартам размаўляе па-латышску, проста граматыка ёй даецца цяжка. Яна тройчы праваліла пісьмовы экзамен і больш не спрабуе стаць хаця б неграмадзянкай, не тое што грамадзянкай Латвіі.
У мяне дзеці — грамадзяне, унукі — грамадзяне, усе грамадзяне. Мне б дажыць, — кажа жанчына.
Расійскае грамадзянства яшчэ тады, у 90-я, яна брала дзеля пенсіі: латвійскае грамадзянства ёй не дадзена, а губляць працоўны стаж, набыты ў Савецкім Саюзе, не хацелася. Цяпер Тамара ўжо даўно на пенсіі, але працягвае працаваць. Яе расійская пенсія — 160 еўра, Латвія даплачвае да 187.
— Ну а што рабіць? Галоўнае, каб здароўе было. Пакуль ногі, рукі ходзяць, дык нічога страшнага.
Мы стаім на цэнтральнай пешаходнай вуліцы горада, дзе кавярні чаргуюцца з крамкамі. Падлічваю, колькі флэт уайтаў можна купіць на 187 еўра. Выходзіць прыкладна 60 на месяц.
— А ў астатнім усё добра. Горад у нас вельмі прыгожы, мы стараемся. Людзі вельмі добрыя. Усякае бывае, можна натрапіць на каго заўгодна, але ў асноўным тут добрыя, добразычлівыя людзі, — кажа неграмадзянка Вольга.
— Такое пытанне… У вас ёсць чырвоныя гваздзікі, каб сустракаць Пуціна?
— Я насіла чырвоныя гваздзікі на 9 мая, бо мой дзядуля ваяваў і быў паранены. Потым ён жыў тут, тут яго і пахавалі. Ну так, я насіла яму гваздзікі як абаронцу. Толькі таму. Каб я чакала, што нехта прыйдзе… Ну не, у мяне такіх думак няма. Ну, гэта смешна. Прынамсі, я — не чакаю.
— А можна вас сфатаграфаваць? Як вы казалі — у рамку, у музей.
— Ведаеце, лепш не трэба. Я не тое каб баюся, проста цяпер такі час… Я вам ад душы расказала ўсё, што магла.
Шпацырую па пешаходнай вуліцы. Нядаўна ў горадзе адкрылі вялікі кінатэатр. У кінатэатры паказваюць фільмы з рускімі субцітрамі. Апошні раз фільм з рускімі субцітрамі я глядзела на “Нэтфліксе”, а да гэтага — у Беларусі.
Вуліца выводзіць на плошчу, дзе прыпаркаваны ружовы “Запарожац”. Пад шчоткамі шклоачышчальнікаў — улёткі ў падтрымку Вольгі Пяткевіч. Гэта мясцовая журналістка, якая прадстаўляе цэнтрысцкую партыю “Латвія на першым месцы”. Ужо прыехаўшы ў Варшаву, я прачытаю, што на гэтых выбарах Пяткевіч паказала адзін з самых прыкметных асабістых вынікаў, а партыя “Латвія на першым месцы” стала лідарам выбараў у Латгальскай выбарчай акрузе.
Пяткевіч будзе каментаваць вынікі выбараў так:
“Для мяне ўсё даволі проста: хопіць дзяліць людзей на рускіх і латышоў. Давайце разам рабіць нашае агульнае жыццё лепшым”.
Але ў сваім вечаровым войсе Яне я наракала на тое, як усё ў Латвіі зусім няпроста. Вечар я прысвяціла настальгічнаму турызму: селядцу пад шубай, пірожным “Кошычак” і трубачкам са згушчонкай і зефірам (адразу!).
Калі з’явілася навіна пра тое, што ў Латвію з боку Беларусі пранікла група ўзброеных людзей, я атрымала войс ужо не ад Яны, а ад рэдактара:
“Хутчэй здавай тэкст, пакуль у тваім Даўгаўпілсе рэферэндум пра незалежнасць не правялі”.