"Мы больш не жывём у дэмакратыі": рэпартаж з Парыжа

Мужчына праязджае на ровары міма пажару падчас дэманстрацыі супраць павышэння кошту жыцця

Мужчына праязджае на ровары міма пажару падчас дэманстрацыі супраць павышэння кошту жыцця / Mohammed Badra / EPA

17 кастрычніка ў Францыі прайшла шостая за апошнія чатыры тыдні акцыя пратэсту. Паводле падлікаў арганізатараў, у ёй узялі ўдзел 800 тысяч чалавек. Паводле звестак МУС, удзельнікаў было 550 тысяч, 110 тысяч з іх — у Парыжы. Да руху старшакласнікаў і студэнтаў за павелічэнне фінансавання і паляпшэнне ўмоў навучання гэтым разам далучыліся прафсаюзы, “Жоўтыя камізэлькі” і іншыя незадаволеныя палітыкай улад. Пратэсты перараслі ў сутыкненні з паліцыяй, пажары і рабаванні. У краіне затрымалі 1800 чалавек, з іх 855 — у Парыжы.

Вось як убачыла гэтыя пратэсты журналістка “Новай газеты” Дзіяна Карлінер.

 

Аркестр пратэстаў

За гадзіну да афіцыйнага пачатку дэманстрацыі за кіламетр ад плошчы Рэспублікі плыні людзей з плакатамі рухаюцца ў супрацьлеглых напрамках. Адны спяшаюцца проста да плошчы, іншыя зварочваюць на паралельныя, менш людныя вуліцы, трэція ўжо ідуць ад плошчы назад. Сярод тых, хто сыходзіць, — некалькі дзясяткаў музыкаў з інструментамі ў чахлах.

— Мы мірна гралі на плошчы, але паліцыя ўжыла супраць нас слёзатачывы газ. Спачатку мы не здаваліся і працягвалі граць, але потым зразумелі, што заставацца занадта небяспечна. Мы пераканаемся, што з намі і з інструментамі ўсё ў парадку, і, магчыма, вернемся назад, — расказвае Эцьен, высокі малады чалавек з валасамі да плячэй, удзельнік аркестра “Пачатак новага свету”.

Пяць дзён таму ў сацсетках з’явіліся відэа, на якіх падчас пратэсту студэнтаў і ліцэістаў яны граюць музыку з “Галодных гульняў” і “Зорных войнаў” перад мэрыяй Парыжа. Аркестр адразу стаў папулярным. У яго пастаянным складзе каля ста ўдзельнікаў, большасць з якіх заканчвае навучанне ў кансерваторыях. На сённяшнюю акцыю на плошчы Рэспублікі яны запрасілі ўсіх жадаючых музыкаў. Прыйшло амаль 400 чалавек.

— Мы хочам з дапамогай музыкі надаваць сілу і моц грамадскім і кліматычным рухам. Сёння ў Францыі рух школьнікаў і студэнтаў аб’ядноўваецца з іншымі групамі, у тым ліку з тымі, хто змагаецца за пакупніцкую здольнасць, супраць расізму і каланіялізму, а таксама з многімі іншымі. Магчыма, гэты дзень стане першым каменем у падмурку новага свету, — спадзяецца Эцьен.

Крыху бліжэй да месца дэманстрацыі адчуваецца пах газу і бачны дым. Тых, хто хоча ісці па бульвары да плошчы, паліцыя накіроўвае вузкім патокам паміж сваімі радамі. Дакументы правяраюць выбарачна. На касках і шчытах некаторых паліцэйскіх — пырскі фарбы.

Частка дэманстрантаў зварочвае ў завулак. У цэнтры ўвагі — чалавек у касцюме надзіманага ката, які танцуе і трымае двухбаковы плакат. На адным баку — абрэвіятура ACAB (All Cops Are Bastards, што азначае “Усе паліцэйскія — вырадкі”) з расшыфроўкай All Cats Are Beautiful (“Цсе каты — прыгожыя”). На другім — “Я сюды не пакутаваць прыйшла, ок?”. За спінай ката — калона актывістаў Усеагульнай канфедэрацыі працы — найстарэйшага аб’яднання прафсаюзаў Францыі.

 

“Куды ідуць пратэстоўцы?”

Да мяне падыходзіць мужчына гадоў сарака, спартыўнага целаскладу, з кароткай стрыжкай і ў непрыкметнай вопратцы, што і вылучае яго з натоўпу. “Вы выпадкова не ведаеце, куды пасля плошчы ідуць пратэстоўцы? Мой сын-ліцэіст недзе тут, я хачу паведаміць яму маршрут”, — кажа ён. Відавочна, што гэта супрацоўнік паліцыі ў цывільным.

Падчас гэтай хвалі пратэстаў паліцыя ўжо вызначылася спробамі пранікнуць у закрытыя чаты пратэстоўцаў. Аднак гэтыя спробы скончыліся няўдачай праз ненатуральныя фразы, якімі моладзь не карыстаецца. Адзін са скрыншотаў з цытатай “Бісмілях, гэта цемра. Калі блакада, валах, братан? Мы ўсё разнясём. Дадай мяне ў групу блакады” разышоўся па сацсетках і стаў мемам. На гэтых пратэстах фраза “Бісмілях, гэта цемра” — на плакатах у дзясяткаў пратэстоўцаў.

Пра тое, якім будзе маршрут, толкам не ведаюць нават самі пратэстоўцы. У прэфектуру падалі дзве заяўкі — ад Міжуніверсітэцкай студэнцкай асамблеі і ад прадстаўнікоў “Жоўтых камізэлек”, да якіх далучыліся і прафсаюзы. Арганізатары прапаноўвалі розныя маршруты праз цэнтр горада, у тым ліку да плошчы Згоды, побач з якой знаходзіцца будынак Нацыянальнага сходу, а таксама паміж Бастыліяй і Операй. Але прэфектура паліцыі не ўзгадніла іх, спаслаўшыся на тое, што ў першы дзень восеньскіх канікул сем’і з дзецьмі пойдуць гуляць у цэнтр, а падчас дэманстрацыі могуць пачацца беспарадкі.

"Мы больше не живём в демократии": репортаж из Парижа
Французская паліцыя падчас сутыкненняў з пратэстоўцамі на дэманстрацыі ў Парыжы / Mohammed Badra / EPA

Праз некаторы час сілавікі адкрываюць два выхады з плошчы: на бульвар Мажанта, адкуль асноўная калона пачынае рухацца ў бок плошчы Клішы, і на супрацьлеглым баку — на бульвар Тампль. Аднак тыя, хто апынуўся на іншым баку плошчы, ужо не могуць далучыцца да афіцыйнага шэсця. Паліцыя выцясняе людзей слёзатачывым газам і святлошумавымі гранатамі, а з другога боку працуе вадамёт. Дзейнічаюць без папярэджанняў.

Выбухі не сціхаюць. Пры гэтым людзей выпускаюць з плошчы невялікімі групамі. Разгубленае маўчанне часам перарываецца скандзіраваннем: “ACAB!” і “Мы ўсе антыфашысты”.

На лесвіцы з боку бульвара Тампль натоўп апладзіруе Сандрын Русо — эканамістцы і дэпутатцы ад партыі “Экалагісты”, вядомай сваімі фемінісцкімі і левымі поглядамі. Маладыя людзі вітаюць яе, робяць з ёй сэлфі, некаторыя спрабуюць паціснуць ёй руку праз лесвіцу. Двое дзяцей Сандрын таксама на дэманстрацыі, і яна хвалюецца, бо не ведае, у якім кірунку яны рухаюцца. Інтэрнэту і мабільнай сувязі на плошчы няма.

— Тут сабраліся людзі, якія не могуць звесці канцы з канцамі і патрабуюць годнага стаўлення да сябе, каб іх не прыніжалі. Тое, што адбываецца, — абсалютны скандал. Рэспубліка пахіснулася. Мы больш не жывём у дэмакратыі, дзе ёсць права на дэманстрацыі і аб’яднанні. Фактычна паліцыя захоплівае ўладу з дапамогай гвалту. А гэта супярэчыць нашай Канстытуцыі. Я баюся, што ўсё скончыцца дрэнна і што ўвечары тут нехта загіне, — расказвае Сандрын Русо.

Нашу размову перарывае чарада выбухаў. Праз газ нейкі час цяжка нешта разабраць. Калі воблака рассейваецца, я бачу побач з сабой дзяўчыну ў хіджабе гадоў шаснаццаці, якая ляжыць на асфальце. На ёй няма бачных слядоў пашкоджанняў: магчыма, яна страціла прытомнасць ад стрэсу і недахопу свежага паветра. Да яе падбягае вулічны медык, аглядае яе і спрабуе прывесці да прытомнасці. Потым з’яўляецца яшчэ адзін — у процівагазе і з вялікім чырвоным крыжам на касцы. Паліцыя адціскае людзей і не дазваляе здымаць дзяўчыну нават журналістам, тлумачачы гэта клопатам пра яе. 

У той момант, калі паліцэйскія разыходзяцца, каб прапусціць пажарную машыну, натоўп спрабуе прарваць ачапленне, але гэта не ўдаецца. Паступова на плошчы застаецца ўсё менш і менш пратэстоўцаў, і ў асноўным застаюцца тыя, хто гатовы ісці на сутыкненні з паліцыяй.

 

“Мы працуем, але грошай на жыццё не застаецца”

Да чацвёртай гадзіны пратэсты ў Парыжы канчаткова перастаюць быць адзіным шэсцем. Асноўная калона рухаецца ў бок Клішы, а тысячы людзей, падзяліўшыся на невялікія групы, перамяшчаюцца па вуліцах у розных кірунках, скандзіруючы лозунгі: “Макрон, у адстаўку!”, “Парыж, паўстань!”, “Моладзь пасылае Нацыянальны фронт да чорта!”

Каля цэнтра Пампіду пажылы мужчына падыходзіць да групы маладых людзей, якія глядзяць у бок чорных клубоў дыму. Чуваць бесперапынныя выбухі.

— Не хадзіце туды, там вельмі небяспечна, — папярэджвае ён.

Гэта на вуліцы Тюрбіга гарыць стыхійная барыкада з дошак і пракатных электравеласіпедаў. Ад спёкі выбухаюць акумулятары.

На паралельнай вуліцы — такая ж барыкада, толькі без агню. Двое мужчын нешта ажыўлена абмяркоўваюць і глядзяць у бок пажару. Пытаюся, чаму яны тут і што думаюць пра пратэст.

— Людзям не далі скарыстацца правам на пратэст, у выніку ўсё адбываецца неарганізавана. У гэтай краіне немагчыма дамагчыся таго, каб цябе пачулі мірным шляхам. Нас душаць ужо дзесяць гадоў. Душаць усе арганізацыі, якія прадстаўляюць інтарэсы розных частак грамадства: прафсаюзы, грамадскія аб’яднанні, студэнтаў і навучэнцаў ліцэяў. Уся адказнасць за сённяшнюю сітуацыю цалкам ляжыць на дзяржаве Макрона.

У выніку ўлады атрымліваюць тое, чаго і дамагаліся: сацыяльнага прагрэсу для народа няма, затое ёсць разбурэнні і яшчэ большая напружанасць у краіне, — тлумачыць Жуль.

— Мы тут найперш таму, што жыццё стала занадта дарагім. Бензін каштуе 2,5 еўра за літр. Мы працуем, але ў канцы месяца ў нас проста не застаецца грошай на жыццё, — расказвае Абдэнур.

У завулку проста на зямлі ляжыць хлопец у шапцы-вушанцы, склаўшы рукі на грудзях, і глядзіць у неба. Да яго падбягаюць дзяўчаты.

— Табе дрэнна?

— Не, дзякуй, са мной усё добра, проста ўсю ноч не спаў, — адказвае ён, падымаючыся.

— Можа, даць табе што-небудзь паесці? — удакладняюць дзяўчаты.

— Дзякуй, я сам знайду, — кажа хлопец і хутка сыходзіць.

Дзяўчаты з каманды забеспячэння — гэта валанцёркі, якія раздаюць ваду і ежу. На пратэстах таксама можна сустрэць валанцёраў, якія прапануюць маскі і фізраствор для прамывання вачэй ад слёзатачывага газу; вулічных медыкаў, якія дапамагаюць апрацаваць траўмы, прамыць вочы і ацаніць стан чалавека ў крызіснай сітуацыі; анёлаў-ахоўнікаў — яны суправаджаюць і выводзяць з натоўпу тых, хто выпадкова апынуўся сярод людзей і разгубіўся, у прыватнасці, пажылых.

"Мы больше не живём в демократии": репортаж из Парижа
Пратэсты ў Парыжы / Mohammed Badra

Турысты з пакетамі з дарагіх буцікоў відавочна разгубленыя, але да іх ніхто не падыходзіць. Дарогі і метро ў цэнтры перакрытыя, машын амаль няма, але турысты чакаюць, пакуль на святлафоры загарыцца зялёнае святло. Міма прабягае хлопец у чорным капюшоне, які цягне невядома куды дарожны знак “Стаянка забароненая” разам са слупом.

Сітуацыя змяняецца ад вуліцы да вуліцы. На адной — згарэлыя сметніцы і перакуленыя кантэйнеры для збору шкла, на другой — маладыя людзі выкідваюць недакуркі ў перапоўненыя сметніцы і выстройваюцца ў доўгія чэргі ў прыбіральню. Многія кавярні працуюць. Пратэстоўцы займаюць у іх месцы, каб выпіць па шклянцы піва ці віна або перакусіць. Ёсць і тыя, хто на хаду жуе бульбу фры ці шаўрму, прытрымліваючы плакат пад пахай.

 

Парыж у агні

Па бульвары Клішы бясконцым патокам ідуць пратэстоўцы. Паліцыі няма, з розных бакоў гучыць музыка. Жанчына гадоў сарака з ідэальна ўкладзенымі валасамі спрабуе да некага датэлефанавацца. У руках у яе букет кветак.

— Я апынулася ў пастцы, не магу знайсці станцыю метро, якая працуе, каб даехаць на сустрэчу з сяброўкай, — расказвае яна мне. — Я ведала, што будзе дэманстрацыя, але не чакала, што яна будзе такой маштабнай. Мне падабаецца, здаецца ж, без гвалту?

Крыху воддаль, каля кабарэ “Мулен Руж”, натоўп збіраецца вакол аркестра з барабанамі і саксафонам. Яны граюць песню, якая стала вядомай у 1968 годзе ў Каталоніі ў часы дыктатуры Франка. Ёсць тыя, хто падпявае па-каталонску: “Ён абавязкова рухне, рухне, рухне — і мы здабудзем свабоду”. У Беларусі гэтую песню ведаюць як “Муры”.

У натоўпе ёсць людзі з дзецьмі. Я падыходжу да пары з дзяўчынкамі двух і пяці гадоў. Яны сядзяць у мамы і таты на плячах і назіраюць за музыкамі.

— Цяпер найперш пратэстуюць ліцэісты і студэнты, але ёсць і тыя, хто прыйдзе ім на змену, — расказвае П’ер, падымаючы галаву да дачкі. — Тое, як нашы дзеці будуць жыць у будучыні, вызначаецца цяпер. Мы павінны падрыхтаваць іх да таго, што будзе далей. Расказваць пра палітыку даступнай мовай. Людзі ўжо даўно скардзяцца на тое, як кіруюць Францыяй. А цяпер у нас асаблівы палітычны перыяд, наперадзе прэзідэнцкія выбары. Калі мы не данясём сваю пазіцыю цяпер, то ўжо ніколі гэтага не зробім.

Пачынаюць скандзіраваць: “Усе ненавідзяць мянтоў!” Удакладняю ў П’ера, ці не перажывае ён за бяспеку дзяцей на пратэсце. Ён кажа, што не глядзеў навін пра тое, што ўжо адбывалася на плошчы Рэспублікі ці побач з ёй. Яны з жонкай убачылі, што маладыя людзі запоўнілі бульвар, і таксама выйшлі на вуліцу.

— У гэтай акцыі мірныя, добрыя намеры. Адзіная небяспека можа зыходзіць ад паліцыі, прадстаўнікоў ультраправых або ультралевых сіл.

Фінальная кропка афіцыйнага маршруту — плошча Клішы. Пратэстоўцам цесна, але весела. Яны танчаць пад музыку, хтосьці залазіць на помнік маршалу Мансею, хтосьці — на прыпынкі. У паветры кружляюць залатыя канфеці. Паліцыя акружыла некалькі выхадаў, але сутыкненняў няма.

Там жа, на плошчы, за тым, што адбываецца, назірае брытанскі комік Пол Тэйлар. Праз дзве з паловай гадзіны ў яго пачынаецца спектакль, і пакуль незразумела, ці ўдасца яго правесці.

— Мы абмяркоўвалі з прадзюсарамі і тэатрам, ці не давядзецца адмяніць выступленне. Я пагаварыў з паліцэйскімі, і яны — вельмі ветліва — сказалі, што гледачоў прапускаюць, калі паказаць білет байцам “Рэспубліканскіх рот бяспекі”. Вось хачу паглядзець, як будзе развівацца сітуацыя, перш чым пісаць у сацсетках, каб гледачы прыходзілі або, наадварот, заставаліся дома.

У маёй стужцы — адны беспарадкі, і ўзнікае адчуванне, быццам увесь Парыж гарыць. А тут атмасфера святочная. Хоць дастаткова аднаго ідыёта, які нешта кіне, — і мірная дэманстрацыя імгненна ператворыцца ў зусім не мірную.

У выніку спектакль Пола Тэйлара адбыўся. Гледачам не давялося паказваць паліцэйскім квіткі ў тэатр: пратэстоўцы паступова пачалі разыходзіцца, і паліцыя таксама сышла.

Аднак зусім не ўсюды дэманстрацыя скончылася мірна. Разрабаваны буцікі адзення і абутку “Кензо”, “Саламон”, “Селін”, “Фут Локер”, “Этам”, крама алкаголю “Нікаля”, некалькі прадуктовых крам, аптэк і магазін мангі і анімэ-тавараў — людзі з бейсбольнымі бітамі вынеслі адтуль дарагія калекцыйныя карткі “Пакемон”.

Па ўсёй Францыі пацярпелі больш за 1500 буцікоў. Мэрыя Парыжа падлічвае памер шкоды, нанесенай крамам і гарадской маёмасці, а мэр Эмануэль Грэгуар абвясціў пра стварэнне групы экстраннай дапамогі пацярпелым прадпрымальнікам: акрамя аднаўлення разбуранага, давядзецца кампенсаваць частковую беспрацоўнасць работнікам, якія не змогуць выйсці на працу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.