Міністр спорту пракаментаваў сітуацыю са страчанай кватэрай

Міністр спорту пракаментаваў сітуацыю са страчанай кватэрай

Гісторыя з адабранай у міністра кватэрай даволі заблытаная. Каля пяці гадоў таму дзяржаўная фірма “Маналітград” пачала будаўніцтва дома ў мінскім мікрараёне Сухарава. З дольшчыкаў сабралі грошы, некаторыя пры гэтым выплацілі адразу ўсю суму. А потым адбылася дэвальвацыя, грошай на будаўніцтва дома стала не хапаць, “Маналітград” пачаў патрабаваць дадатковыя сумы. Нехта плаціў, нехта адмовіўся. З апошнімі дзяржаўная кампанія разарвала дамовы ў аднабаковым парадку і прадала іх кватэры іншым людзям.

Акурат адну такую 4-пакаёвую кватэру ў траўні 2015 года набыў міністр спорту Аляксандр Шамко. Аднак, як стала вядома выданню “Наша Ніва”, у верасні 2015 года суд Партызанскага раёна Мінска вырашыў адабраць кватэру ў міністра і вярнуць яе першаму ўладальніку. “Маналітград” пры гэтым павінен разлічыцца з міністрам. Праўда, пакуль невядома, калі гэта адбудзецца.

Падчас прамой лініі 24 снежня Аляксандр Шамко расказаў, што не валодае такой інфармацыяй і знаходзіцца ў такіх жа ўмовах, як усе іншыя падманутыя людзі:

Шамко: “Што значыць, ці вернуць грошы хаця б мне? Я там не адзін такі чалавек. Нада мной таксама чалавек набыў кватэру, і я вось. Мы ўсе цяпер у аднолькавых умовах. Вы ведаеце, якое рашэнне прыняў суд. Там усё напісана. Што я яшчэ магу сказаць?”

Паводле інфармацыі “Нашай Нівы”, у выніку махінацый “Маналітграда” міністр спорту згубіць прыкладна 38 тысяч долараў. Сам “Маналітград” цяпер мае 2 мільёны долараў пазык і фактычна збанкрутаваў. Кампенсацыі былым кліентам выдадуць толькі тады, калі атрымаецца распрадаць маёмасць кампаніі.

Фота: bfla.eu

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі