Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: мы навучыліся змагацца з вятрамі

Аляксандр Лукашэнка і Валерый Вакульчык / БЕЛТА

У Беларусі ўмеюць змагацца з вятрамі і ўраганамі, якія дзьмуць з розных бакоў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 чэрвеня на сустрэчы са старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерыем Вакульчыкам.

"Мы ведаем, адкуль вятры дзьмуць на нашу беларускую зямлю. На жаль, не з таго боку, адкуль хацелася б. Але мы гатовыя да любых вятроў. Тым больш вывучаючы ў свой час гісторыю нашай дзяржавы, савецкую гісторыю (дый вы таксама ведаеце, што на Беларусь вятры заўсёды дзьмулі з розных бакоў)", — цытуе БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы. Лукашэнка заявіў, што раней з "гэтымі вятрамі і ўраганамі" не ўмелі змагацца, таму не мелі незалежнай дзяржавы. Цяпер жа, па яго словах, змагацца навучыліся. 

Звяртаючыся да гісторыі, кіраўнік Беларусі заявіў, што наш народ заўсёды дзялілі на часткі, далучаючы то да адной, то да другой краіны. "Вы ведаеце, што да мінулай вайны мы практычна былі падзеленыя. Таму сёння гэтага дапусціць нельга", — падкрэсліў ён.

Як вядома, да Другой сусветнай вайны тэрыторыя Беларусі была падзеленая паміж СССР і Польшчай.

Характэран, што сустрэча Лукашэнкі з кіраўніком спецслужбы адбылася неўзабаве пасля затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. На сустрэчы з работнікамі МАЗа 29 траўня кіраўнік дзяржавы заявіў, што ведае, якое грамадзянства ў блогера і на каго ён працуе. Згадаўшы пра інтэрв'ю "Коммерсанту", Лукашэнка намякнуў, што Ціханоўскі працуе на Расію. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.