У паездцы Лукашэнкі на Гомельшчыну ўдзельнічалі 6 вайсковых машын, 20 машын суправаджэння
Рэзідэнцыя ў Ляскавічах / Planet Labs
Стала вядома, колькі і якая тэхніка суправаджала паездку Лукашэнкі ў Гомельскую вобласць на мінулым тыдні. Спадарожнікавы здымак яго рэзідэнцыі ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёна атрымала Радыё Свабода. На ім бачны верталёт Мі-8, два дзясяткі аўтамабіляў, а таксама, імаверна, вайсковая тэхніка.
Падчас паездкі па Гомельшчыне з 24 па 27 красавіка Лукашэнка наведаў некалькі раёнаў — Мазырскі, Петрыкаўскі і Нараўлянскі. Пра месцы, дзе ён спыняўся на ноч, прэс-служба не паведамляла. Але рэзідэнцыя ў Ляскавічах трапіла на спадарожнікавы здымак.
На ім можна разгледзець белы верталёт, што стаіць на пляцоўцы ўсярэдзіне тэрыторыі рэзідэнцыі, і каля 20 грамадзянскіх аўтамабіляў каля аднаго з заездаў на яе. Таксама на здымку можна заўважыць 6 машынаў, якія могуць належаць вайскоўцам. Усе яны маюць колер хакі і стаяць асобна ад астатніх. Якасць здымку не дазваляе дакладна вызначыць тып тэхнікі, але прынамсі тры з іх падобныя да вайсковых грузавікоў, адзначае Свабода.
Прысутнасць Лукашэнкі ў гэтым раёне пацвярджаюць паведамленні ягонай прэс-службы. Яна заяўляла, што 26 красавіка ён інспектаваў малочна-таварны комплекс "Ляскавічы", а на наступны дзень зранку на верталёце прыбыў у Нараўлянскі раён. Паміж гэтымі пунктамі 86 км.
Дарэчы, менавіта ў рэзідэнцыі ў Ляскавічах у 2017 годзе праходзіла нефармальная сустрэча Лукашэнкі з тагачасным украінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам.