Вы тут

Лукашэнка даручыў Качанавай і Барсукову заняцца вадой у Новай Баравой

Новая Баравая / TUT.by

У дамы Новай Баравой вярнулі ацяпленне. Пра гэта паведамілі ў сацсетках жыхары мінскага мікрараёна. 

У кіруючай арганізацыі "А-100 Камфорт" заявілі: "Ацяпленне ў дамы ў Новай Баравой вярнулася. Каб пазбегнуць падобнай сітуацыі ў будучыні, настойліва просім не зліваць ваду з сістэмы ацяплення. Беражыце сябе і сваіх блізкіх"

Напружаная сітуацыя ў Новай Баравой захоўваецца ўжо трэці дзень. У нядзелю там знікла вада, яе падачу не аднавілі дагэтуль. Сёння зранку ў жылых дамах знікла і ацяпленне. Салідарныя мінчукі вязуць у мікрааён ваду і абагравальнікі, прапаноўваюць жыхарам пацярпелага мікрараёна свае кватэры і дамы.

Жыхары мікрараёна лічаць, што сітуацыя мае палітычныя прычыны: падчас выбараў у іх пераважная большасць прагаласавала за Святлану Ціханоўскую, і выбарчыя камісіі гэта зафіксавалі. 

"Мінскводаканал" заявіў, быццам прычынай аварыі ў сістэме водазабяспячэння магло быць наўмыснае шкодніцтва. Мясцовыя жыхары кажуць, што хтосьці скраў венціль з засаўкі ў адным з калодзежаў, праз які паступае вада ў мікрараён.

Сітуацыю з Новай Баравой абмяркоўвалі 17 лістапада і на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. Як перадае "Пул Першага", ён даручыў заняцца гэтай праблемай асабіста памочніку па Мінску Аляксандру Барсукову і ўпаўнаважанаму па сталіцы Наталлі Качанавай, старшыні Савета Рэспублікі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.