У Мінаблвыканкаме расказалі, колькі зэканомілі на выключаных ліхтарах

Мінск падчас лютаўскай "барацьбы з ліхтарамі"

Мінск падчас лютаўскай "барацьбы з ліхтарамі" / фота з сацсетак

Больш за 80 тысяч кілават-гадзінаў электраэнергіі зэканомілі на вулічным асвятленні ў Мінскай вобласці за два тыдні лютага. Прычым такой эканоміі ўдалося дасягнуць за кошт толькі сельскіх населеных пунктаў.

"Толькі за пятнаццаць дзён лютага бягучага года ўдалося зэканоміць 84 тысячы кілават-гадзінаў электраэнергіі на асвятленні вуліцаў сельскіх населеных пунктаў", — заявіў начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, энергетыкі і паліва Мінаблвыканкама Сяргей Крупенька.

У лютым па ўсёй Беларусі чыноўнікі пачалі "барацьбу з вулічным асвятленнем". Гэта адбылося пасля выступу Аляксандра Лукашэнкі, які 3 лютага заявіў, быццам ліхтары ўключаюць занадта рана і выключаюць празмерна позна, калі ў іх няма неабходнасці. Пасля абурэння гараджан у сацсетках асвятленне прынамсі ў Мінску вярнулі ў нармальныя рамкі.

За 2025 год у Мінскай вобласці ўсталявалі 50 тысяч святлодыёдных ліхтароў. Цяпер у рэгіёне асветленыя больш за 93% вуліцаў гарадоў, пасёлкаў і аграгарадкоў. Пры гэтым чыноўнікі пахваліліся, што энергаспажыванне за студзень 2026 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га знізілася на 4%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.