Літва зразае лініі электраперадачы, якія звязваюць яе з Беларуссю
Лініі электраперадачы / Creative Commons
Літва дэмантуе лініі электраперадачы, якія звязвалі краіну з Калінінградскай вобласцю Расіі і Беларуссю.
Пасля адключэння краін Балтыі ад кіраванай Расіяй энергасістэмы БРЭЛЛ і далучэння да энергасістэмы кантынентальнай Еўропы лініі электраперадачы, якія звязвалі іх з Расіяй і Беларуссю, сталі непатрэбнымі.
Ужо дэмантаваны 99 кіламетраў ліній электраперадачы і 281 апора, пiша выданне JP.lt. Усяго трэба разабраць 169 кіламетраў ліній і 545 апор, паведамляе літоўскі аператар сістэмы перадачы электраэнергіі Litgrid.
У працэсе дэмантажу не толькі здымаюць провады і разбіраюць апоры, але і ладкуюць тэрыторыю. Поўнасцю завяршыць усе работы плануецца ў другой палове 2028 года.
"Пасля завяршэння праекта ўладальнікі зямель змогуць выкарыстоўваць амаль тысячу гектараў тэрыторыі без абмежаванняў, звязаных з інфраструктурай перадачы электраэнергіі", — цытуе прэс-служба Litgrid кіраўніка групы Цэнтра рэалізацыі праграмы ўстойлівасці Вайдотаса Станкявічуса.
Краіны Балтыі выйшлі з энергасістэмы БРЭЛЛ у 2025 годзе.
Што такое БРЭЛЛ і навошта Літва з яго выйшла
У абрэвіятуры БРЭЛЛ зашыфраваны назвы краін, якія ўваходзілі ў энергетычнае кольца: Беларусь, Расія, Эстонія, Літва і Латвія. У 2001 годзе быў заключаны дагавор, паводле якога пяць дзяржаў дамовіліся аб эксплуатацыі адзінай энергетычнай зоны, унаследаванай ад савецкай энергасістэмы.
Гэта было выгадна і зручна. Электраэнергію складана захоўваць у прамысловых маштабах, таму вытворчасць мусіць пастаянна адпавядаць спажыванню. А чым больш удзельнікаў у энергасістэме, тым лягчэй яе балансаваць.
Калі ў Літве, напрыклад, увечары рэзка ўзрастала спажыванне — усе прыходзілі дадому і ўключалі пральныя машыны, электрапліты і тэлевізары, — сістэма аўтаматычна атрымлівала дадатковую магутнасць з Беларусі і Расіі. У той жа час лішак электраэнергіі ў Беларусі і Расіі мог размяркоўвацца па ўсім кольцы.
Аднак такая сістэма стварала і ўразлівасць: Эстонія, Латвія і Літва, якія ўжо ўзялі курс на еўрапейскую інтэграцыю, заставаліся прывязаны да энергетычнай інфраструктуры, спраектаванай у Маскве. Кіраванне сінхроннай працай сістэмы ў значнай меры залежала ад расійскага боку, што ўспрымалася краінамі Балтыі як рызыка энергетычнай залежнасці.