Вы тут

Карупцыянеры "пад шумок" адваёўваюць пазіцыі: калонка Аляксандра Сацука

Карупцыя ў медыцыне

У рэдакцыю Еўрарадыё напісаў Аляксандр Сацук — галоўны рэдактар "Ежедневника" і брат расследавальніка Сяргея Сацука. Ён папрасіў нас апублікаваць гэты тэкст пра карупцыю, палітыку і журналістыку.

Публікуем яго з невялікімі (тэхнічнымі) праўкамі. Меркаванне калумніста можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Жорсткае палітычнае супрацьстаянне, якое працягваецца ў Беларусі ўжо другі год, літаральна акрыліла карупцыянераў, якія заселі ў самых вышэйшых эшалонах улады. Цяпер пад палітычную зачыстку можна бязлітасна ціснуць каго хочаш, хто перашкаджае высмоктваць апошнія драбніцы са збяднелага дзяржаўнага бюджэту. Красамоўным прыкладам таму служыць кейс журналіста Сяргея Сацука, якога затрымалі 8 снежня 2021 года.

Сёння, вядома ж, нікога не здзівіш чарговым затрыманнем журналіста. Гэта стала ў Беларусі да болю будзённай з'явай. Але сітуацыя з затрыманнем Сяргея Сацука — гэта  пэўны маркер, калі другі бок можа папросту сказаць: "Нічога асабістага, гэта проста бізнес".

Сяргей Сацук / Еўрарадыё

Каб зразумець сітуацыю, адкруцім яе на тры гады назад. У пачатку студзеня 2019 года Сяргей Сацук апублікаваў на партале "Ежедневник" (ej.by) уласнае журналісцкае расследаванне, дзе раскрыў карупцыйную схему крадзяжу мільёнаў долараў з бюджэту краіны, якія прызначаліся для патрэб сістэмы аховы здароўя. Раскрыў, вядома ж, для шырокай грамадскасці, бо для праваахоўных органаў яна не была сакрэтам.

Праз некалькі дзён да Сяргея Сацука прыйшоў "пасланец". Ён паведаміў, што калі журналіст не спыніцца, то яго альбо грохнуць, альбо пасадзяць. Як пазней высветліцца, гэта была не пустая пагроза.

У красавіку 2019 года Сяргей Сацук публікуе новы артыкул пра карупцыю ў Мінздароўя. І тут жа ў адказ у газеце "СБ. Беларусь сегодня", якая выпускаецца Адміністрацыяй Лукашэнкі, выходзіць артыкул, у якім расказваецца пра тое, што Сяргей Сацук нібыта бярэ хабар і жыруе за кошт беларускіх бізнесменаў.

Аднак, нягледзячы на такія сцверджанні галоўнага друкаванага органа краіны, у дачыненні да Сяргея Сацука не пачынаецца крымінальная справа, не праводзіцца ніякай праверкі і не прымаецца ніякіх іншых мер супраць "хабарніка". Хоць згодна з арт. 166 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі, паведамленне пра злачынства ў сродках масавай інфармацыі ёсць падстава для крымінальнай справы.

Той самы сюжэт пра хабар па БТ

Цікава, што тая самая "аператыўная здымка" вялася яшчэ ў студзені 2019 года, гэта значыць за восем месяцаў да таго, як была паказаная па дзяржаўных тэлеканалах. Атрымліваецца, калі верыць тэлесюжэтам, увесь гэты час праваахоўныя органы, маючы ў сваім распараджэнні відэа здзяйснення злачынства, насуперак сваім службовым абавязкам, не прымалі ніякіх мер да злачынца.

Бізнесмен, які даў паказанні супраць Сяргея Сацука, на той момант знаходзіўся пад вартай як абвінавачваны па іншай крымінальнай справе з сумай прычыненай дзяржаве шкоды ў некалькі мільёнаў долараў. Як толькі ён "выкрыў" Сяргея, ён выйшаў на волю і спакойна выехаў у Аўстрыю. Фактычна бізнесмен знаходзіўся ў закладніках, а паміж яго паказаннямі і вызваленнем складана не ўбачыць прычынна-выніковую сувязь.

У сакавіку 2020 года Сяргей Сацук пачынае журналісцкае расследаванне пра махінацыі пры будаўніцтве новай прэзідэнцкай лякарні, дзе кітайскае абсталяванне было пастаўлена пад выглядам нямецкага і па цане нямецкага. Артыкул так і не выйшаў: літаральна на трэці дзень пасля пачатку працы над названай тэмай Сяргей Сацук быў затрыманы супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў на падставе відэаматэрыялаў пра нібыта здзейсненае злачынства па атрыманні хабару. Якія на той момант былі ў ДФР КДК ужо 1 год і 3 месяцы і паказваліся дзяржаўным тэлебачаннем больш за паўгода таму.

З гэтага можна зрабіць выснову, што апісаныя вышэй падзеі былі папярэджаннямі Сяргею. Папярэдзілі адзін раз у студзені 2019 года праз пасланца — "не зразумеў". У красавіку 2019 года з'явілася публікацыя — зноў "не зразумеў". У жніўні 2019 года трэцяе кітайскае папярэджанне ў выглядзе сюжэтаў на дзяржаўных тэлеканалах. Сяргей зноў не зразумеў — і ў сакавіку 2020 года яго затрымалі.

Праўда, праз дзесяць дзён пасля затрымання журналіста давялося выпусціць без прад'яўлення абвінавачання: інкрымінаваныя дзеянні не вытрымлівалі ніякай крытыкі. Тады яшчэ было ў нейкай ступені "да законаў". Але само тое, на якім узроўні выносіліся папярэджанні Сяргею Сацуку, праз якія дзяржаўныя СМІ, красамоўна гаворыць пра тое, якой вышыні сягае карупцыйная вяршыня, якую ён зачапіў. Але яшчэ больш красамоўныя дзеянні ДФР КДК, СК і Генеральнай пракуратуры.

З аднаго боку — мільёны долараў дзяржаўных грошай, пра якія напісаў Сацук. З іншага боку — нейкая дробязь па хабары. На што ў першую чаргу павінны былі адрэагаваць органы? Зыходзячы з дзяржаўных інтарэсаў, пытанне, вядома, рытарычнае. Трэба спыняць крадзеж мільёнаў дзяржаўных грошай. Але ДФР адрэагаваў на дробязь, якой, да таго ж, і не было ў аб'ектыўнай рэчаіснасці.

А вось кампаніі, пра якія ішла гаворка ў расследаванні Сяргея Сацука, ніхто чапаць не стаў. На 2019 год, пакуль ліквідавалі журналіста, іх адсунулі ў бок ад удзелу ў тэндарах. А потым дазволілі працаваць у іншым новым перспектыўным кірунку — пастаўкі рэагентаў для ПЛР-тэстаў на COVID-19.

Тэст на COVID-19

Пасля затрымання Сяргея Сацука ў сакавіку 2020 года яшчэ каля чатырох месяцаў ішло расследаванне. Яму замест хабару спрабавалі прышыць то махлярства (нібыта не журналіст, адпаведна, не меў права збіраць грошы на журналісцкія расследаванні), то выманьванне крэдыту, то падробку дакументаў. Але нічога не атрымалася, і ў выніку папярэдняе расследаванне было прыпыненае. Дый пачалася гарачая пара прэзідэнцкіх выбараў.

А ў гэты час героі журналісцкага расследавання, пра якіх пісаў Сяргей Сацук, заняліся пастаўкамі рэагентаў для ПЛР-тэстаў для Мінздароўя Беларусі. І яны іх пастаўлялі дакладна па такой самай схеме, як раней пастаўлялі іншыя тавары медыцынскага прызначэння, — па цане, у 3-5 разоў вышэйшай за закупачныя цэны. Гэта значыць, калі ўся краіна ў 2020–2021 гадах аддавала апошнія грошы на барацьбу з пандэміяй, калі бізнесмены і звычайныя грамадзяне ахвяравалі сродкі, у тым ліку на закупку ПЛР-тэстаў, гэтыя кампаніі спакойна высмоктвалі з краіны апошнюю кроў.

У канцы лістапада 2021 года КДК паведаміў пра сваю новую "перамогу" ў барацьбе з карупцыяй: распачата крымінальная справа ў дачыненні да маці і сына, якія праз падкантрольныя ім фірмы пастаўлялі рэагенты для ПЛР-тэстаў па цане, у 3-5 разоў вышэйшай за рэальную. Такім чынам, па звестках КДК, за 2020–2021 гады яны паклалі ў кішэню каля 4 млн рублёў. Гэта тыя самыя героі журналісцкага расследавання Сяргея Сацука, а КДК у паведамленні апісваў тую самую схему пастаўкі рэагентаў у краіну, якую журналіст апісаў яшчэ ў 2019 годзе.

У паведамленні КДК не было ні слова пра затрыманне несумленных бізнесменаў. Не было прызнальных паказанняў на камеру, што цяпер вельмі любяць праваахоўнікі. Вельмі падобна, што злачынцам далі спакойна выехаць з Беларусі і толькі пасля гэтага пачалі справу і паведамілі грамадскасці як пра значнае дасягненне Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Больш нагадвае аперацыю прыкрыцця, чым факт выяўлення злачынства. Дзе тыя 4 млн рублёў незаконнага ўзбагачэння, пра якія паведаміў КДК? Аселі на рахунках замежных пасярэднікаў?

Камітэт дзяржкантролю Беларусі

Але што яшчэ больш дзіўна. Варта было Сяргею Сацуку ў чарговым артыкуле звярнуць увагу на такую дзіўную працу ДФР, Генпракуратуры і СК, як у старую і затухлую крымінальную справу аб атрыманні хабару ўдыхнулі другое жыццё. Папярэдняе расследаванне аднаўляецца, а Сяргей Сацук зноў затрымліваецца. Зноў праходзіць ператрус у яго дома і ў офісе. Сайт "Ежедневник" блакуецца Міністэрствам інфармацыі. 

Пры гэтым адсутнічаюць якія-небудзь крымінальна-прававыя і іншыя падставы як для змены меры стрымання Сяргею Сацуку, так і для актывізацыі папярэдняга расследавання па справе (вядзенне новых ператрусаў, канфіскацыя тэхнікі і г. д.). Бо з моманту той самай "аператыўнай здымкі", выразкі з якой дэманстравалі на беларускіх тэлеканалах, прайшло ўжо тры гады. Усе магчымыя і немагчымыя сведкі даўно дапытаныя, дакументы і тэхніка канфіскаваныя. Пры гэтым за гэтыя тры гады Сяргей Сацук нікуды не хаваўся і заўсёды з'яўляўся па выкліках следчага. Гэта значыць, абсалютна нічога не адбылося, акрамя выхаду чарговага артыкула.

Такая імгненная рэакцыя цалкам вытлумачальная. Рэч не ў маці і сыне, пра якіх паведаміў КДК. Такіх, як яны, вельмі шмат у дзяржзакупках. Яны проста расходны матэрыял. На іх месца заўсёды знойдуць ахвотных падзарабіць пад надзейным прыкрыццём, якое перыядычна злівае то аднаго, то другога. Ствараючы бачнасць упартай барацьбы з карупцыяй.

Рэч у схеме паставак тавараў медыцынскага прызначэння па тэндарах Мінздароўя і яе бенефіцыярах. Менавіта для іх уяўляе небяспеку Сяргей Сацук, які не абмяжоўваўся цытаваннем паведамленняў КДК Беларусі, а ўвесь час звяртаў увагу на карані праблемы і тую рэальную ролю, якую адыгрываюць у ёй так званыя праваахоўныя органы Беларусі.

Кейс Сяргея Сацука — яшчэ адно сведчанне пра сілавую машыну, якая выйшла з-пад кантролю, і яе ўсё большы пераход на карупцыйныя рэйкі. Такіх кейсаў будзе ўсё больш і больш. Для гэтай машыны ўжо і Аляксандр Лукашэнка стаў расходным матэрыялам. Яго "зліюць", як толькі ён пачне перашкаджаць "вялікім пагонам". Калі ўлада трымаецца толькі на сіле, то менавіта сіла становіцца сапраўднай уладай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.