Спецназ у Мінску затрымаў чатырох чалавек за пляўкі на помнік
У Мінску затрымалі "прыхільнікаў анархісцкіх поглядаў" / МУС
У Мінску байцы атрадаў спецназу "Рысь" і "Тарнада" затрымалі чатырох маладых людзей у веку ад 20 да 28 гадоў. Кадры захопу з'явіліся ў міліцэйскіх каналах.
У прэс-службе МУС паведамілі, для чаго спатрэбілася выкарыстанне спецназу. Аказваецца, маладыя мінчукі на тэрыторыі архітэктурна-скульптурнага комплексу "Мінск — горад-герой" "здзяйснялі здзек над сімваламі перамогі і ахвярамі Вялікай Айчыннай вайны". Прадстаўнік МУС пералічыў злачынныя дзеянні: "Фігуранты нецэнзурна лаяліся на адрас ветэранаў, плявалі на манумент, суправаджалі тое, што адбываецца, непрымальнымі каментарыямі. Тым самым адмаўляючы генацыд беларускага народа і подзвігі герояў".
У МУС заявілі, што затрыманыя прытрымліваюцца анархічных поглядаў і ўваходзяць у рух "антыфа", а адзін з іх — "прыхільнік ваеннага джыхаду". У хлопцаў, як заяўляе міліцыя, падчас ператрусаў канфіскаваныя "халодная зброя, адзенне і прадметы з анархічнай і нацысцкай сімволікай, сігнальны пісталет, аргтэхніка". На іх пачалі крымінальную справу за "злоснае хуліганства".
Каментуючы ў сваім акаўнце гэта затрыманне, анархіст Мікола Дзядок звярнуў увагу на яго прапагандыскую скіраванасць і несупадзенні паміж словамі і дзеяннямі. Паводле яго, хлопцы "могуць быць як субкультуршчыкамі-антыфашыстамі, гэтак і анархістамі па поглядах. Могуць быць і праціўнікамі рэжыму без будзь-якой ідэалагічнай арыентацыі. Бо захоўванне дома пэўнай сімволікі і літаратуры яшчэ не значыць прыхільнасць пэўнай ідэі".
Ён адзначае, што паведамленне міліцыі пра затрыманых выглядае неадэкватна: "Паказальныя тыя злачынствы, якія ім інкрымінуюцца. "Нецензурно выражались", "совершали плевки", "неприемлемо комментировали". Дзеля пляўкоў па трывозе былі паднятыя байцы цэлых двух спецпадраздзяленняў: "Рысь" і "Торнадо". Спецпадраздзяленні па барацьбе са сліною".