Вы тут

Кампраміс пра Дзень Волі: “Спадзяемся, улады выканаюць абяцанні, якія далі”

Дзень волі ў 1990-я. Фота: baza.nyc

Пытанне пра тое, як святкаваць 100-годдзе абвяшчэння БНР, раскалола беларускую апазіцыю на дзве часткі: радыкальную і, як модна цяпер казаць, канструктыўную. Радыкалы на чале з Міколам Статкевічам і Вячаславам Сіўчыкам выступаюць за тое, каб перамоваў з уладамі не весці, а 25 сакавіка выйсці на вуліцы з традыцыйным пратэстным шэсцем. Лідары Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху “За свабоду”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” і некалькіх іншых арганізацыяў пагадзіліся прыняць нефармальную прапанову ўладаў і абмежавацца мітынгам і святочным канцэртам ля Опернага тэатра.

Пытанне мусіла вырашацца раніцай 1 сакавіка, калі апазіцыянеры збіраліся пайсці на перамовы ў Мінгарвыканкам. Але “канструктывісты” зрабілі крок на апярэджанне — і схадзілі да чыноўнікаў на дзень раней.

“Сёння [28 лютага] была сустрэча ў гарвыканкаме, на якой прысутнічалі прадстаўнікі пяці зарэгістраваных арганізацый. Ёсць палітычнае рашэнне. І гэта рашэнне пра тое, каб прайшло свята волі”, — распавядае старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

У кулуарах кажуць, што “палітычнае рашэнне” прымалася на самым версе — у Адміністрацыі прэзідэнта. Апазіцыйная пяцёрка пагадзілася на прапанову ўладаў арганізаваць канцэрт побач з Оперным тэатрам. Адпаведная заява пададзеная ў Мінгарвыканкам — станоўчае рашэнне па ёй чакаецца цягам пяці дзён. Калі адказу не будзе — не будзе і канцэрта, кажа адзін з сяброў аргкамітэта, дырэктар “Арт-сядзібы” Павел Белавус, бо банальна не хопіць часу на арганізацыю.

“У заяўцы пазначаная меркаваная колькасць удзельнікаў мерапрыемства — 25 тысяч чалавек. Месца правядзення — плошча Парыжскай камуны, гэта пляцоўка перад тэатрам оперы і балета, — распавядае старшыня Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч. — Пачатак мерапрыемства ў 13:00, з 13:00 да 14:00 — збор удзельнікаў, з 14:00 да 19:00 — мітынг і канцэрт з выкарыстаннем гукаўзмацняльнай апаратуры і магчымасцю размяшчэння сцэнічнай пляцоўкі”.

Асобнай заявай апазіцыянеры прапанавалі Мінгарвыканкаму даць дазвол і на шэсце, бо, на іх думку, будзе вельмі недарэчна, калі ў адным месцы людзі будуць святкаваць угодкі абвяшчэння БНР, а ў іншым іншых людзей будуць біць дубінкамі і пакаваць у аўтазакі. Чыноўнікі адразу папярэдзілі, што разглядацца гэтая заява будзе даўжэй, чым заява на мітынг і канцэрт.

1993 год. Святочны канцэрт на прыступках Опернага тэатра. Фота: Уладзімір Садоўскі

Мерапрыемства (калі дазвол сапраўды будзе атрыманы) будзе праводзіцца па правілах уладаў — гэта значыць з татальным даглядам на ўваходзе. Але што будзе, калі ўлады прывядуць на пляцоўку перад Оперным тэатрам 25 тысяч БРСМаўцаў і зладзяць святкаванне па сваіх правілах — з чырвона-зялёнымі сцягамі і зоркамі беларускай эстрады?

Намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча такая магчымасць не засмучае:

— Няхай яны хоць 50 тысяч БРСМаўцаў прывядуць на святкаванне Дня незалежнасці БНР. У праграме Партыі БНФ не напісана, што мы заўсёды супраць уладаў. У нас ёсць каштоўнасці, якія мы адстойваем. І калі ўлада гатовая па гэтых каштоўнасцях працаваць, мы гэта вітаем. Калі ўлада гатовая даць адсвяткаваць 100-годдзе БНР, мы не кажам, што гэта сцэнар уладаў. Гэты сцэнар адпавядае нацыянальным інтарэсам, і мы з задавальненнем у гэтым удзельнічаем.

— Мы нават гатовыя запрасіць Аляксандра Саладуху. Пры ўмове, калі ён па-беларуску заспявае! — далучаецца Павел Белавус.

— Паставім гэтую прапанову на галасаванне, — далікатна не пагаджаецца Юрась Губарэвіч.

А як вам такі Дзень волі? Фота: www.belaruspartisan.org

Арганізатары святкаванняў кажуць, што не рызыкнуць БРСМаўцы разгарнуць чырвона-зялёныя сцягі ў натоўпе, які — упершыню за апошнія 20 гадоў — сабраўся на легальны канцэрт з нагоды Дня Волі. Кажуць, чыноўнікі нават на сцэну не хочуць выходзіць — бо баяцца, што іх закідаюць шапкамі.

Так што імавернасць, што свята волі пройдзе так, як хоча “канструктыўная апазіцыя”, ёсць. “Спадзяемся, улады выканаюць абяцанні, якія далі”, — кажа сябра незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Вольга Кавалькова.

Што ж, надзея памірае апошняй.