Калеснікава хоча, каб з Лукашэнкам пагаварылі, але трэба гэта Мерцу? Меркаванне Фрыдмана
Марыя Калеснікава / LookByMedia
Марыя Калеснікава працягвае заклікаць ЕС пачаць дыялог з рэжымам Лукашэнкі. На яе думку, у Беларусі ёсць дзве альтэрнатывы: перастаць існаваць як суверэнная дзяржава або захаваць свой суверэнітэт і зноў зблізіцца з Еўропай.
Але чаму краіны ЕС не спяшаюцца пачынаць размову з Аляксандрам Лукашэнкам? Ці мог бы канцлер Германіі Фрыдрых Мерц зрабіць такую спробу?
На гэтую тэму ў эфіры Еўрарадыё разважаў гісторык Аляксандр Фрыдман.
"Калі казаць шчыра, будзь я на месцы Мерца, я б з задавальненнем сустрэўся і з Бабарыкам, і з Калеснікавай. Важна чуць іх меркаванне, і такі крок меў бы моцнае сімвалічнае значэнне — гэта быў бы жэст падтрымкі людзям, якія пасля падзей 2020 года змагаліся за свабоду і пацярпелі за гэта. Таму такі крок выглядаў бы цалкам лагічным. У цэлым слухаць розныя пазіцыі і меркаванні — гэта неабходна і карысна", — лічыць Фрыдман.
Але тут сутыкаюцца два падыходы: беларусацэнтрычны і інтарэсы нямецкіх уладаў.
"І Калеснікава, і Бабарыка разважаюць з пункту гледжання вызвалення палітвязняў, і гэта лагічна. Наколькі я разумею, для Калеснікавай прыярытэт — вызваленне палітвязняў і захаванне незалежнасці Беларусі. Гэта беларусацэнтрычны падыход, і ў гэтым сэнсе ён цалкам зразумелы.
Але пазіцыя нямецкіх уладаў, як мне здаецца, іншая. Калі спытаць нямецкіх чыноўнікаў, ці павінны палітвязні быць на свабодзе і ці павінна Беларусь заставацца незалежнай, яны, безумоўна, скажуць “так”. Гэта адпавядае інтарэсам Германіі. Але складанасці пачынаюцца, калі гаворка ідзе пра тое, ці рэальна дасягнуць гэтых мэт і на якіх умовах.
Федэральны канцлер — гэта кіраўнік урада, і яго галоўная задача — абараняць інтарэсы сваёй краіны. Таму ўзнікае пытанне: наколькі сёння ў інтарэсах Германіі весці перамовы з Лукашэнкам?" — задаецца пытаннем палітычны назіральнік.
Ключавое пытанне ў тым, ці можа такі дыялог прывесці да рэальных вынікаў.
"На мой погляд, пагаварыць з Лукашэнкам можна, але дамагчыся істотных вынікаў у рамках прынцыпаў Еўрасаюза — малаверагодна. Калі ісці “амерыканскім шляхам”, можна атрымаць пэўныя вынікі, бо Лукашэнка ў гэтым зацікаўлены. Аднак яго магчымасці абмежаваныя, асабліва ў пытаннях, якія важныя для Еўропы.
Нават калі ён дае абяцанні — напрыклад, адносна бяспекі або неўдзелу ў ваенных дзеяннях — канчатковае рашэнне часта залежыць не толькі ад яго. І менавіта ў ключавых для Германіі і Еўрасаюза пытаннях ён не з’яўляецца тым партнёрам, з якім можна дамовіцца і гарантавана дасягнуць пастаўленых мэт", — упэўнены Аляксандр Фрыдман.