Вы тут

Хто вінаваты ў вайне і ці трэба ўводзіць войскі — вынікі апытання беларусаў

Горад Буча пасля вызвалення​ / ЕРА

Дзве траціны беларусаў адмоўна ставяцца да таго, што Расія выкарыстоўвае вайсковую інфраструктуру Беларусі для нападу на Украіну. Да такіх высноў прыйшлі па выніках сацыялагічнага даследавання ў Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэя Вардамацкага.
 

Толькі 11% падтрымалі б увод беларускіх войскаў

Згодна з вынікамі апытання, прыблізна роўная колькасць беларусаў (каля 40-45%) як падтрымліваюць знаходжанне расійскіх войскаў у Беларусі, так і выступаюць супраць гэтага. Але гэта не значыць, што такія самыя суадносіны ідуць і па астатніх пытаннях, звязаных з вайной.

Напрыклад, адмоўна да выкарыстання вайсковай інфраструктуры Беларусі расійскімі войскамі пры нападзе на Украіну ставяцца ўжо дзве траціны беларусаў.

Вынікі апытання / БАМ

А вось да магчымага ўдзелу беларускіх войскаў у вайне пераважная большасць ставіцца негатыўна. Падтрымалі б гэта толькі 11% чалавек. Андрэй Вардамацкі расказаў пра цікавую карэляцыю: чым вышэйшы ўзровень адукацыі — тым меншая падтрымка патэнцыйнага ўводу беларускіх войскаў ва Украіну.

Ці ёсць Беларусь саўдзельніцай нападу на Украіну? Больш за палову апытаных адказалі адмоўна.

 

Хто вінаваты ў вайне?

На пытанне пра тое, хто вінаваты ў вайне, часцей за ўсё адказвалі словам "Расія". Але такіх адказаў 24,5–30,7% (у залежнасці ад таго, узважаны адказ быў ці не). Далей ідуць ЗША — іх вінаватымі лічаць 17,6–20%. Але ёсць нюанс: па словах Вардамацкага, так адказвалі і людзі з аргументацыяй пра тое, што ЗША не праявілі своечасова дастатковую рашучасць або рэакцыю.

"Іншы матывацыйны комплекс — рэха такіх падзей, як бамбаванні Югаславіі, Ірака і гэтак далей. Злучэнне гэтых двух матывацыйных комплексаў і спарадзіла гэтую лічбу", — растлумачыў сацыёлаг.

Украіну лічаць вінаватай 13,8–17,5% апытаных. Якая матывацыя ў гэтых людзей? Па словах сацыёлага, гэта тыя, хто кажа пра "нацыстаў, наркаманаў і западэнцаў". Іншыя варыянты: НАТА, ЕС, "абодва бакі".

Каго беларусы лічаць вінаватымі ў вайне ва Украіне / БАМ

Больш за траціну беларусаў, паводле даследавання, ухваляюць дзеянні Расіі ў часе вайны, каля 50-55% — не ўхваляюць. Больш сярод беларусаў і тых, хто спачувае Украіне: 45,2–49,3%. Абодвум бакам канфлікту — 23,3%, а Расіі — кожны пяты.

Зрэшты, як сказаў сацыёлаг, "у большай часткі беларусаў няма адчування вайны наогул", бо максімум, як яны з ёй сутыкаюцца — бачаць расійскую вайсковую тэхніку. Аднак змены ў грамадскай думцы могуць быць зафіксаваныя і ў наступных апытаннях — пра гэта ў канцы матэрыялу.

 

Геапалітычны выбар

Майстэрня Вардамацкага праводзіць рэгулярныя замеры геапалітычнага выбару беларусаў. Паводле апошніх звестак, больш за палову жыхароў краіны супраць удзелу рэспублікі ў ваенна-палітычных хаўрусах, каля траціны — за АДКБ, а за ўдзел у НАТА — толькі каля 5%.

На пытанне пра тое, у хаўрусе з кім Беларусі лепш жыць — Расіяй ці Еўрасаюзам, — 40,6% выбралі РФ, а ЕС — 32,9%. Тут цікавая дынаміка: год таму (у сакавіку) РФ выбіралі 55%, а ЕС — 24%. Зрэшты, у лістападзе 2020-га прыхільнікаў хаўрусу з ЕС было больш, чым з Расіяй — меркаванне па гэтым пытанні нярэдка мяняецца.

Сіняя лінія — колькасць прыхільнікаў хаўрусу з ЕС, жоўтая — з Расіяй / БАМ

Спыталі беларусаў сацыёлагі і пра "прызнанне" так званых "ЛНР і ДНР". Каля паловы (46,5–52,2%) апытаных падтрымалі рашэнне Пуціна прызнаць гэтыя "рэспублікі". А вось тых, хто падтрымаў бы такое рашэнне афіцыйнага Мінска, менш прыблізна на дзесяць адсоткавых пунктаў.

 

Як праводзілася апытанне

Апытанне праводзілася па тэлефоне: абзвоньвалі людзей, зыходзячы з іх дэмаграфічных характарыстык. Каб апытанне было рэпрэзентатыўнае, сацыёлагі павінны былі атрымаць адказы ад прадстаўнікоў рознага гендару, рознага ўзросту, месца жыхарства, прафесіі і гэтак далей. У выбарку трапілі 1000 чалавек — гэта сярэдні для Беларусі паказчык.

БАМ не зарэгістраваная ў Беларусі і не можа рабіць "палявыя апытанні", як і іншыя незалежныя сацыёлагі — напрыклад, з Chatham House, якія выбралі метад анлайн-апытанняў сярод гарадскога насельніцтва.

Праводзілі апытанне 16–26 сакавіка, гэта значыць да з'яўлення сведчанняў зверстваў у Бучы, удараў ракетай па вакзале ў Краматорску і іншых расійскіх ваенных злачынстваў. Таму не выключана, што ў наступных замерах грамадская думка можа паказваць нейкую іншую дынаміку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.