Вы тут

Разня ў Бучы: абвяргаем фэйкі расійскай прапаганды

Брацкая магіла ў Бучы / Еўрарадыё

Целы паўсюль: і на дарогах, і на ўзбочынах, і ў імправізаваных брацкіх магілах, — так можна апісаць фатаграфіі і відэа з украінскага мястэчка Буча, размешчанага зусім блізка ад Кіева. Гэтыя кадры абляцелі ўвесь свет — і шакавалі многіх. Расія, якая трымала горад пад кантролем, спрабуе давесці, што яе войскі да гэтага не маюць ніякага дачынення. Выкарыстоўваюць звыклую тактыку дэзынфармацыі: запускаюць адразу некалькі фальшывых тэзісаў, каб максімальна ўсіх заблытаць.

Еўрарадыё разбівае фэйкі расійскіх прапагандыстаў пра разню ў Бучы.

 

"Целы рухаюцца!"

У першы ж дзень пасля з'яўлення сведчанняў масавых забойстваў у Бучы па тэлеграм-каналах пачала распаўсюджвацца заява пра тое, што на адным з відэа целы забітых нібыта рухаюцца. Заява грунтавалася на відэа вельмі нізкай якасці.

Як на самай справе: пасля публікацыі відэа ў лепшым раздзяленні стала зразумела, што ніхто не рухаўся. За рухі прынялі блікі на шыбе аўтамабіля.
 

"Ніякіх цел да адыходу расійскіх войскаў не было"

Заявы пра тое, што ні цел, ні брацкіх магіл у Бучы ў часе знаходжання там расійскіх войскаў не было, апублікавалі неўзабаве пасля фэйкаў пра "трупы, якія рухаюцца".

Як на самай справе: спадарожнікавыя здымкі сярэдзіны сакавіка паказваюць і целы проста на дарозе, і брацкую магілу каля адной з цэркваў Бучы. Больш за тое, ёсць мноства сведчанняў відавочцаў. BBC публікуе словы аднаго з прыхаджан мясцовай царквы: ён бачыў, што пасля 15 сакавіка расійскія сілавікі перасталі наогул прыбіраць трупы з вуліц.

"Я дайшоў да царквы і сказаў айцу Андрэю [імя змененае ў мэтах бяспекі героя]: ну не могуць жа яны так валяцца? Давайце, ойча, дамо спачын. Ён заплакаў і пайшоў шукаць рыдлёўку", — кажа суразмоўнік выдання.

Целы відаць на спадарожнікавых здымках сярэдзіны сакавіка / MAXAR

Яшчэ адно сведчанне відавочцаў ад Reuters: мясцовая жыхарка Таццяна Уладзіміраўна расказала, што расійскія вайскоўцы (яна кажа, што чачэнцы) размясціліся ў яе шматкватэрным доме, дзе іх трымалі пад вартай. Потым іх адпусцілі, але муж знік. Праз некалькі дзён яна знайшла яго знявечанае цела ў сутарэнні пад лесвіцай. Фатаграфія цела ёсць у распараджэнні ў агенцтва.

Такіх расказаў мясцовых жыхароў вельмі шмат. Вядома ж, не ў расійскіх СМІ.

 

"Гэта правакацыя ўкраінскіх вайскоўцаў"

МЗС Расіі настойвае, што разня ў Бучы — правакацыя. Пры гэтым міністэрства і яго прадстаўнікі памнажаюць велізарную колькасць версій: то гэта фэйк (пытанне, як целы мірных жыхароў могуць быць фэйкам, там не закранаюць), то гэта "карная аперацыя" ўкраінскіх вайскоўцаў.

Як на самай справе: датаванне трагічных падзей (у папярэднім блоку згадваецца сярэдзіна сакавіка) кажа, што гэта няпраўда. Больш за тое, баявых дзеянняў у той перыяд у Бучы не вялося — такім чынам, там не было ўкраінскіх вайскоўцаў, якія маглі б "зладзіць правакацыю".

 

"Расійскія войскі пакінулі горад, а целы з'явіліся потым"

Прапагандысты спасылаюцца на паведамленне мэра Бучы пра тое, што 31 сакавіка горад быў вызвалены ад расійскіх войскаў. Таксама іх аргумент у тым, што фатаграфіі целаў з'явіліся 2 красавіка.

Як на самай справе: 1 красавіка сакратар Бучанскай гарадской рады Тарас Шапраўскі і дэпутатка гарадской рады Кацярына Украінцава паведамілі, што вяртацца ў горад яшчэ небяспечна.

"Цяпер горад застаецца ў акупацыі, шмат замінаванай тэхнікі, дамоў і нават трупаў", — сказаў Шапраўскі на відэа, апублікаваным раніцай 1 красавіка.

У той жа дзень тэлеканал Мінабароны РФ "Звезда" са спасылкай на камандзіра аднаго з падраздзяленняў марской пяхоты Аляксея Шабуліна паведаміў пра тое, што расійскія вайскоўцы плануюць замацавацца ў Кіеўскай вобласці і "паспяхова стрымлівалі дзеянні сіл непрыяцеля на кірунку Гастомель — Буча — Азёры". Такім чынам, расійскія сілы яшчэ былі — калі не ў Бучы, то паблізу.

Брацкая магіла, выкапаная каля адной з цэркваў. Упершыню яе знялі са спадарожніка 11 сакавіка, гэта фатаграфія ад 31-га / MAXAR

Лагічна, што фатографы змаглі прыехаць у Бучу толькі пасля поўнага вызвалення — гэта значыць 2 красавіка. У той жа вечар з'явіліся фатаграфіі.

Яшчэ адзін аргумент супраць гэтай версіі: тыя самыя спадарожнікавыя здымкі з пацвярджэннем таго, што ў сярэдзіне сакавіка на вуліцах ужо былі целы забітых.

 

"Целы свежыя"

Прапагандысты спрабуюць апраўдацца і тым, што целы на здымках — "свежыя", без заўважных прыкмет раскладання.

Як на самай справе: меркаванні грунтуюцца толькі на фотаздымках, аднак ёсць здымкі далёка не ўсіх сотняў цел. Частка, як згадвалася вышэй, была пахаваная ў другой палове месяца. Час смерці целаў, якія трапілі ў аб'ектыў, нельга вызначыць без судмедэкспертызы. Гэта могуць быць целы забітых у канцы сакавіка.

Хуткасць раскладання цела шмат у чым залежыць ад тэмпературы паветра. Многія дні другой паловы сакавіка былі халаднаватыя: з начнымі замаразкамі, днём тэмпература максімум падымалася на пару гадзін да адзнак каля +8. Пры такіх тэмпературах працэсы запавольваюцца. Напрыклад, у халадзільніку ў моргу сярэдняя тэмпература — каля +2 градусаў, пры такім паказчыку цела захоўваецца дастаткова доўга.

Падрабязнасці пра час смерці людзей і колькасць забітых (у тым ліку пахаваных у брацкіх магілах), відавочна, будуць пазней. Больш за тое: некаторыя целы немагчыма апазнаць — у такім яны стане.

 

"Мэр спачатку не гаварыў пра целы — значыць, іх не было"

У звароце ад 1 красавіка мэр Бучы Анатоль Федарук не згадвае пра целы на вуліцы. Акрамя таго, расійскія прапагандысты як "пацвярджэнне" таго, што "разня — гэта фэйк", адзначаюць, што на відэа ён усміхаецца.

Як на самай справе: мэр Бучы сапраўды не згадваў целы, аднак жудасная карціна — не па ўсім горадзе. У асноўным гэта Яблонская вуліца на ўскраіне мястэчка. Гэта значыць, ён мог і не ведаць — ці не згадаць, пакуль не разумеў маштабу.

Зноў жа, спадарожнікавыя здымкі пацвярджаюць: целы ўжо былі. Так што адсутнасць згадкі ў роліку на 43 (!) секунды ні пра што не гаворыць. Тым больш што пра целы ўжо згадваў сакратар гарадской рады — у той жа дзень раніцай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.