Венгрыя не верне грошы "Ашчадбанку", пакуль Украіна не адновіць працу "Дружбы"

Грошы і золата, канфіскаваныя ў інкасатараў "Ашчадбанка"

Грошы і золата, канфіскаваныя ў інкасатараў "Ашчадбанка" / Lázár János / Facebook

Канфіскаваныя ў інкасатараў "Ашчадбанка" сродкі застануцца ў Венгрыі, пакуль Украіна не адновіць працу нафтаправода "Дружба". Пра гэта заявіў венгерскім СМІ міністр транспарту краіны Янаш Лазар, звярнула ўвагу hromadske.ua.

"Мы ведаем, што ўкраінцы вельмі нервуюцца. [...] Калі яны шантажуюць нас, мы не можам быць настолькі дурнымі, каб даць гэтаму спакой. Мы не зрабілі таго, што зрабілі, выпадкова, мы ім грошы не вернем. Грошы пакуль застануцца тут, мы чакаем адкрыцця нафтаправоду і новых украінскіх грашовых паставак праз Венгрыю", — заявіў міністр.

9 сакавіка ў венгерскім "Афіцыйным весніку" з'явілася ўрадавая пастанова з подпісам Віктара Орбана, дзе гаворыцца, што венгры не змаглі на месцы высветліць права ўласнасці на маёмасць, канфіскаваную ва ўкраінскіх інкасатараў. Аўдытарская праверка працягнецца цягам 60 дзён, каб высветліць паходжанне, прызначэнне і мэты выкарыстання канфіскаванай маёмасці.

Паведамленне пра арышт грошай украінскага "Ашчадбанка" ў Венгрыі з'явілася 5 сакавіка. Банк заявіў, што два яго інкасатарскія аўтамабілі з сямю работнікамі брыгады інкасацыі "былі беспадстаўна затрыманыя". GPS-сігнал дазволіў высветліць, што машыны знаходзяцца на закрытай тэрыторыі Антытэрарыстычнага цэнтра Венгрыі. Паводле звестак банка, у аўтамабілях з Аўстрыі ва Украіну везлі 40 мільёнаў долараў, 35 мільёнаў еўра і 9 кілаграмаў золата.

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга заявіў, што Венгрыя "фактычна ўзяла закладнікаў і выкрала грошы". Падатковая і мытная служба Венгрыі паведаміла, што ўкраінцаў затрымалі па падазрэнні ў адмыванні грошай.

Увечары 6 сакавіка супрацоўнікаў "Ашчадбанка" вызвалілі з-пад арышту і выслалі ва Украіну. Машыны і каштоўнасці засталіся на тэрыторыі Венгрыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.