У Венгрыі затрымалі інкасатараў украінскага "Ашчадбанка"
Украінскі "Ашчадбанк", ілюстрацыйнае фота / ednist.info
5 сакавіка ў Венгрыі былі затрыманыя два інкасатарскія аўтамабілі ўкраінскага "Ашчадбанка" з сямю інкасатарамі. Пра гэта паведамляе hromadske.ua са спасылкай на прэс-службу банка.
Затрыманне, як сцвярджаюць у банку, адбылося падчас рэгулярнай перавозкі інкасатарамі замежнай валюты і банкаўскіх металаў паміж "Райфазен банк Аўстрыя" і "Ашчадбанк Украіна". У затрыманых аўтамабілях знаходзіцца 40 мільёнаў долараў ЗША, 35 мільёнаў еўра і 9 кілаграмаў золата.
Месцазнаходжанне аўтамабіляў атрымалася выявіць па GPS-сігнале: яны стаяць у цэнтры Будапешта, каля адной з сілавых структур Венгрыі. Гэта пацвердзілі і ўкраінскія дыпламаты ў Венгрыі. Дзе знаходзяцца затрыманыя інкасатары — пакуль невядома.
Каментуючы гэты інцыдэнт міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга заявіў, што "фактычна, гаворка ідзе пра тое, што Венгрыя ўзяла закладнікаў і выкрала грошы".
Скандал разгортваецца на фоне складаных адносінаў паміж Украінай і Венгрыяй. 5 сакавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паўжартам прапанаваў перадаць вайскоўцам Узброеных Сіл Украіны адрас "чалавека, які блакуе дапамогу ад Еўразвязу". Пад гэтым чалавекам, відавочна, меўся на ўвазе венгерскі прэм'ер-міністр Віктар Орбан.
У Венгрыі словы Зяленскага ўспрынялі з абурэннем. Нават лідар апазіцыйнай партыі "Ціса" Петэр Мадзьяр заклікаў прэзідэнта Украіны папрасіць прабачэння за словы, якія ён назваў пагрозамі Орбану.