У ААН прызналі вываз дзяцей з Украіны ў РФ і РБ злачынствам супраць чалавечнасці

Украінскія дзеці, прывезеныя ў Беларусь, ілюстрацыйнае фота

Украінскія дзеці, прывезеныя ў Беларусь, ілюстрацыйнае фота / тг-канал Гомельскага аблвыканкама

Міжнародная незалежная следчая камісія ААН прызнала, што вываз і перамяшчэнне Расіяй украінскіх дзяцей — гэта злачынствы супраць чалавечнасці.

Камісія вывучыла справы 1205 дзяцей з пяці рэгіёнаў Украіны, з якіх 80% яшчэ не змаглі вярнуць на радзіму. У справаздачы камісіі, якую цытуе Радыё Свабода, гаворыцца: "У гэтай справаздачы камісія прыйшла да высновы, што злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы расійскіх уладаў былі накіраваны супраць дзяцей, якія з'яўляюцца аднымі з найбольш уразлівых ахвяр".

Следчая камісія ААН прааналізавала тысячы дакументаў і матэрыялаў, пададзеных праваабарончымі групамі, а таксама больш чым 200 інтэрв'ю, у тым ліку з сем’ямі зніклых без вестак і некаторымі дзецьмі, якія вярнуліся дадому.

Раней Украіна казала пра незаконны вываз у Расію і Беларусь прыблізна 20 000 дзяцей. Украінцы адзначалі, што дзеці праходзяць праз моцную ідэалагічную апрацоўку. А пасля вайсковай падрыхтоўкі іх прымушаюць змагацца супраць сваіх уласных войскаў.

Міжнародны крымінальны суд выдаў ордары на арышт расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і пяці іншых расіян за незаконны вываз дзяцей. У Маскве заяўляюць, быццам эвакуююць дзяцей добраахвотна, каб вывезці іх з зоны ваенных дзеянняў.

"Гэтыя злачынствы маюць незваротныя наступствы для іх жыцця і будучыні", — падкрэслілі ў камісіі ААН.

У Беларусь пасля пачатку шырокамаштабнага расійскага ўварвання паводле розных ацэнак вывезлі як мінімум 2,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. У Народным антыкрызісным упраўленні мяркуюць, што вывезена было не менш за 3,5 тысячы дзяцей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.