Стала вядома, дзе ўпаў дрон, пра які казаў Лукашэнка
Дрон, ілюстрацыйнае фота / iStock/Olena Bartienieva
Дрон, пра які расказаў Лукашэнка, зваліўся ў аграгарадку Леніна Добрушскага раёна Гомельскай вобласці, даведалася выданне "Зеркало". Паселішча размяшчаецца недалёка ад месца стыку межаў Беларусі, Расіі і Украіны.
Падчас паездкі на Магілёўшчыну 13 сакавіка Лукашэнка сказаў, што "ўчора ці заўчора" ў Беларусі ўпаў беспілотнік і пры гэтым была параненая жанчына.
Падрабязнасці здарэння выданне "Зеркало" даведалася з дзвюх не звязаных між сабой крыніцаў.
"Упаў [БПЛА] і пашкодзіў дом крыху. Жанчына цяпер у бальніцы знаходзіцца. Нічога няма крытычнага, жывая-здаровая, яе абследуюць", — распавялі журналістам.
Лукашэнка сцвярджае, што дрон нібыта быў украінскі і зваліўся ён у выніку работы расійскай сістэмы радыёэлектроннай барацьбы.
"Украінцы па нас удар не наносілі. Расійская ўстаноўка радыёэлектроннай барацьбы працуе — аглушылі гэты беспілотнік, ён паляцеў не туды, сілкаванне скончылася — некіравана ўпаў", — сказаў ён.
Раней неаднаразова паведамлялася пра залёт расійскіх дронаў на тэрыторыю Беларусі. Прычым сам Лукашэнка прызнаваў, што рэагаваць на залёты дронаў афіцыйны Мінск так і не навучыўся.