“Зараз заслужаны артыст будзе катаць вас па Польшчы”: у аўтобусе з Сіговым
Ігар Сігоў, акцёр / Euroradio
Акцёр Ігар Сігоў памяняў вадзіцельскія правы на польскія адразу пасля пераезду ў Варшаву. У перапынках паміж творчымі праектамі ён вадзіў таксі, а потым разам з жонкай вырашыў пераехаць за горад. Нядаўна ў сацсетках ён напісаў, што асвоіў “новае хобі”: цяпер заслужаны артыст Беларусі сядзіць за рулём польскага аўтобуса.
“А чаму не? Трэба ж чымсьці займацца, пакуль няма асноўнай працы — спектакляў і кіно. Так што я легалізаваны, працую — і вельмі рады гэтаму. А яшчэ радуе, што прапановы па спектаклях і кіно таксама ёсць”, — кажа нам Сігоў, калі мы сустракаемся каля яго дома за паўгадзіны да таго, як акцёру трэба выехаць у рэйс.
У Варшаве сям’я жыла ў аднапакаёвай кватэры, а цяпер здымаюць вялікі дом. Жыллё за межамі польскай сталіцы таннейшае, паветра — чысцейшае, двум сабакам ёсць дзе разгуляцца. Калі міма праязджае машына суседа, той махае Сігову рукой, а ў суседняй краме “Жабка” ведаюць, што ён папросіць да кавы. А яшчэ кожны пасажыр аўтобуса, які водзіць Сігоў, кажа яму “Дзень добры” і “Дзенькуе” [“Добры дзень” і “Дзякуй” па-польску, — Еўрарадыё]. Сігоў не перастае здзіўляцца гэтай прыязнасці.
Калі мы сустракаемся, акцёр яшчэ не атрымаў сваю першую зарплату кіроўцы аўтобуса, але праца яму ўжо падабаецца. Ёсць, вядома, і мінусы ў параўнанні з працай у таксі. Калі з’явіцца прапанова ролі, мала будзе проста пакінуць машыну ў гаражы — давядзецца дамаўляцца з калегамі, якія змогуць падмяніць яго на маршруце.
“У мяне жыццё падзялілася на да і пасля. Спачатку — пасля 2020 года, але кардынальныя змены адбыліся пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Усё стала на свае месцы. І людзі, і адносіны… Калі мы яшчэ жылі ў Беларусі, пра нешта марылі, будавалі планы. А цяпер планы іншыя, мары іншыя, і жыццё іншае”, — кажа акцёр.
У планах у Ігара Сігова цяпер — вывучыць польскую і англійскую мовы. З веданнем моў магчымасцей у Еўропе будзе значна больш, чым у Беларусі. А яшчэ — адправіцца ў падарожжа па Еўропе.
“Няма меж: калі ёсць час і грошы — едзь, куды хочаш, глядзі свет. Не як акцёр, не на фестываль — проста як чалавек. У нас з жонкай нараджаецца мара: хочам на кемперы паехаць па Еўропе, трэба толькі крыху падзарабіць грошай. Хаця і няшмат: мы падлічвалі, што на два дні падарожжа ў бок якой-небудзь Іспаніі шмат грошай не трэба. Такія пенсіянерскія мары еўрапейца”, — смяецца Сігоў.
Ён хацеў бы зноў пабываць у Беларусі, але жыццё плануе будаваць у Еўропе.
“Я ж не ведаю, калі сітуацыя зменіцца. Нельга проста сядзець і чагосьці чакаць. Трэба нешта рабіць — і не толькі ў адносінах да рэжыму, але і для свайго жыцця. Трэба ўладкоўваць жыццё, бо незразумела, колькі яшчэ часу гэта будзе працягвацца. А да таго моманту, калі Беларусь стане на еўрапейскія рэйкі, пройдзе даволі шмат часу — а ў мяне няма шмат часу, я, на жаль, ужо не такі малады. Трэба жыць сёння, бо заўтра можа быць што заўгодна. Таму я жыву сёння, мару пра будучыню і будую планы”, — кажа Ігар.
Размова з Ігарам Сіговым больш эфектыўная, чым сесія з коўчам. Калі вы думалі, што ў эміграцыі вы нікому не патрэбныя і што трэба проста пратрымацца яшчэ пару гадоў да вяртання ў Беларусь — абавязкова паглядзіце гэта відэа.