Лукашэнка прызнаў, што абмяркоўвае з ЗША вызваленне палітвязняў
Лукашэнка падчас паездкі на Магілёўшчыну / прэс-служба Лукашэнкі
У перамовах з ЗША Лукашэнка абмяркоўвае вызваленне палітвязняў. У гэтым ён прызнаўся журналістам падчас паездкі ў Магілёўскую вобласць 13 сакавіка.
"Мы вядзем з імі перамовы. Годна. Вывеўшы за дужкі Расію і Кітай. Гэта не абмяркоўваецца", — перадае яго словы БЕЛТА.
Лукашэнка пералічыў тэмы, якія абмяркоўваюцца на перамовах са Злучанымі Штатамі: "Абмяркоўваем нашы двухбаковыя адносіны, пачынаючы ад аднаўлення нармальнай працы пасольства да вызвалення так званых палітвязняў. Хоць у нас такіх артыкулаў няма. І эканамічныя пытанні, і санкцыі — усё ў комплексе. Там пытанняў дзесяць. Вядзем з імі перамовы па ўсіх пытаннях. Пытанняў куча".
На наступным тыдні чакаецца візіт у Беларусь Джона Коўла, спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Беларусі. Мяркуецца, што вынікам візіту можа стаць вызваленне чарговай партыі палітвязняў.