Толькі судовыя выканаўцы прызналі маё фізічнае існаванне — Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч / фота з сацсетак Марыны Адамовіч

Мікалай Статкевіч у сваім тг-канале расказаў, як пасля вызвалення з калоніі ўжо месяц жыве ў Беларусі без дакументаў.

"Пашпарт застаўся ў калоніі, кіраўніцтва якой не адказвае на запыты. Пакінулі як сувенір? А без яго не тое, што за мяжу на абследаванне не выедзеш, як шмат хто прапануе, — а нават у мясцовую паліклініку не звернешся. І не дакажаш, што я — гэта я.

Толькі мужныя судовыя выканаўцы рашуча прызналі маё фізічнае існаванне без дакументаў. Але адразу ж заявілі прэтэнзіі на палову маёй пенсіі. Якую я таксама не магу аднавіць без пашпарта",піша былы палітвязень.

Статкевіча вызвалілі з калоніі 19 лютага — пасля інсульту і трох тыдняў у рэанімацыі. Палітыку не вярнулі пашпарт, не выдалі даведку пра вызваленне. У верасні 2025 года яго спрабавалі дэпартаваць з Беларусі ў Літву — таксама без дакументаў. Аднак ён выбраў застацца на радзіме, а ўлады не прыдумалі нічога лепшага, чым яшчэ на некалькі месяцаў вярнуць яго ў калонію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.