Ціханоўскі абвінаваціў праваабаронцаў у тым, што недалячыў зубы. У чым праблема?

Сяргей Ціханоўскі падчас прэс-канферэнцыі пасля вызвалення, лета 2025 года

Сяргей Ціханоўскі падчас прэс-канферэнцыі пасля вызвалення, лета 2025 года / В. Раупялиса / LRT

Блогер Сяргей Ціханоўскі паскардзіўся, што пасля вызвалення так і не змог далячыць зубы. Пра гэта ён распавёў падчас пяцігадзіннага стрыма на сваім ютуб-канале “Краіна для жыцця”.

Журналіст Еўрарадыё высветліў, у чым можа быць праблема.

 

“Я ж не скончыў лячэнне, бо з’ехаў летась”

Пра праблемы з зубамі Сяргей Ціханоўскі распавёў у сярэдзіне стрыма, прысвечанага гадавіне сустрэчы Лукашэнкі з палітзняволенымі ў СІЗА КДБ, якая адбылася 10 кастрычніка 2020 года. На сустрэчы быў і сам Сяргей. 

Блогер распавёў, што прадстаўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” паведаміў яму пра закрыццё яго асабістай медыцынскай праграмы дапамогі пасля вызвалення праз тое, што рэсурсаў не хапае і прыярытэт аддаецца іншым вызваленым. 

“Уяўляеце? То-бок мяне ўжо не толькі топяць, але і медыцынскую дапамогу ўсю абрэзалі. Я ж не скончыў лячэнне, бо з’ехаў летась, у снежні [у ЗША]”, — падсумаваў Ціханоўскі.

 

“Трэба па-добраму браць выпадак і ўсё разбіраць”

Запыт Еўрарадыё інфармацыйная служба “Вясны” адмовілася каментаваць.

“На жаль, з мэтай бяспекі мы не каментуем публічна аказанне дапамогі і яе памеры.  Дзякуй за разуменне”, — адзначылі прадстаўнікі “Вясны”.

У ініцыятыве “Вольныя” распавялі, што лячэнне зубоў палітвязняў не ўваходзіць у іх медыцынскую праграму.

Ціханоўскі абвінаваціў праваабаронцаў у тым, што недалячыў зубы. У чым праблема?
Сяргей Ціханоўскі падчас уласнага стрыма, 10 кастрычніка 2026 года / Скрыншот відэа "СТРЫМ: Гадавіна сустрэчы ў СІЗА КДБ. Ціханоўскі і Лукашэнка"

“Таму мы не можам агучваць памер аказанай дапамогі. Мы каардынуемся з калегамі і можам пацвердзіць, што Сяргею Ціханоўскаму медыцынская дапамога была аказана”, — дадала прадстаўніца ініцыятывы.

Некалькі крыніц Еўрарадыё ў праваабарончых колах на ўмовах ананімнасці таксама пацвердзілі, што пасля вызвалення Сяргей “атрымаў усю патрэбную дапамогу ад розных арганізацый і ў адпаведных памерах”.

Іншая крыніца таксама выказала думку, што ў кожнай праграмы палітвязняў ёсць свае ўмовы і абмежаванні — ліміты сродкаў і тэрміны аказання дапамогі.

“Усё залежыць ад донара дапамогі, якія ім выстаўлены ўмовы. Таму што, калі чалавек выйшаў з турмы, а потым прыйшоў праз два-тры гады на лячэнне, цяжка вызначыць, што менавіта пасля турмы сапсавалася ў арганізме больш за ўсё.

Ва ўсіх кейсах, якія вось так, як у Ціханоўскага, выскокваюць, па-добраму трэба  браць выпадак і ўсё разбіраць: наколькі аказалі дапамогу, што лячылі, якія былі дамоўленасці з кейс-менеджарам”, — адзначыла крыніца.

 

Грошы на "зубы" пайшлі на працу каманды Ціханоўскага

Дапамога праваабарончых фондаў — не адзіная крыніца, якой Сяргей Ціханоўскі скарыстаўся, каб аднавіць здароўе. Таксама былы палітвязень збіраў грошы праз фонд BySOL — і збор быў паспяхова закрыты. Яго мэтай пазначаныя поўнае медычнае абследванне, карэкцыя зроку, а таксама стаматалогія і пратэзаванне зубоў.

Беларусы наданацілі Ціханоўскаму нават трохі болей за 8 тысяч, якія ён хацеў сабраць, — 10 тысяч 47 еўра. Але ў стрыме пад назвай "Рэакцыя на стрым пра нізкі ўзровень незалежнай журналістыкі" блогер прызнаўся, што прынамсі частку ад гэтай сумы выдаткаваў не згодна з мэтамі збору, а каб заплаціць сваёй камандзе: прэс-секратару, аператару і ахоўніку. 

"Аказалася, што грамадзянін Беспалаў, калі быў у мяне, так бы мовіць, прэс-сакратаром, прабыў на гэтай пасадзе ўсяго два месяцы. У верасні [2025 года] ён ужо звольніўся. Дакладней, я яго звольніў, бо не было чым плаціць. Ён жа яшчэ браў у мяне грошы — у чалавека, які нідзе не працуе.

Я збіраў… значыць, беларусы збіралі мне грошы на дапамогу, на аднаўленне здароўя. Там сабралі 10 з нечым тысяч. І вось з гэтых грошай я выплачваў заробак яму, ахоўніку і аператару.

А ў верасні ў мяне ўжо проста не было магчымасці больш плаціць. І я ў дваццатых чыслах верасня з усімі развітаўся. Ну, проста не было чым плаціць", — расказаў Ціханоўскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.