Каля 520 дронаў размініравалі ў Беларусі за 2025 год
Дрон, ілюстрацыйнае фота / Shutterstock
За 2025 год у Беларусі былі размініраваныя больш за паўтысячы дронаў. Найбольшая колькасць — у Гомельскай вобласці. Пра гэта заявіў камандуючы ўнутраных войскаў МУС, намеснік міністра Мікалай Карпянкоў.
"За мінулы год размініравана каля 520 дронаў, з іх кожны трэці баявы. За мінулы год 12 чалавек узнагароджаныя баявымі ордэнамі і медалямі", — паведаміў намеснік міністра.
Пры гэтым Карпянкоў не ўдакладніў ні паходжанне беспілотнікаў, ні тое, якім чынам яны трапілі ў Беларусь. У недзяржаўных СМІ рэгулярна паведамляецца, што на тэрыторыю Гомельшчыны залятаюць расійскія дроны пры атаках на тэрыторыю Украіны.
Таксама намеснік міністра паведаміў, што ў структуры ўнутраных войскаў створаныя тры цэнтры беспілотнікаў. Да гэтага падштурхнула вайна ва Украіне:
"Бачачы, як сур'ёзна беспілотныя лятальныя апараты прымяняюцца на спецыяльнай ваеннай аперацыі (расійская назва вайны супраць Украіны. — Еўрарадыё.), мы пачалі іх у сябе збіраць, стварылі тры цэнтры беспілотнай лятальнай авіяцыі, і цяпер будзе стварацца ў нас чацвёрты цэнтр у атрадзе спецыяльнага прызначэння ў Гомельскай вобласці. Нашыя аператары дронаў неаднаразова выязджалі на вучэнне і стажыроўкі ў Расійскую Федэрацыю. На многіх спаборніцтвах мы заваёўвалі прызавыя месцы".