Вы тут

Пуцін падпісаў указ аб прызнанні незалежнасці і суверэнітэту "ДНР" і "ЛНР"

На Данбасе зноў страляюць / Reuters

21 лютага Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прызнанні незалежнасці і суверэнітэту "ДНР" і "ЛНР". Пра гэта яго прасіла Дзярждума, Саўбез РФ і самі самаабвешчаныя рэспублікі. Далей рашэнне Пуціна мусіць ухваліць расійскі парламент (у аўторак). Як чакаецца, у адказ Расія атрымае новыя заходнія санкцыі. У ЕС прызнанне незалежнасці "ДНР" і "ЛНР" назвалі парушэннем міжнароднага права і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Рашэнне Расіі асуджае генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг.

Перад тым, як аб'явіць пра прызнанне, Уладзімір Пуцін гадзіну чытаў лекцыю па гісторыі, абгрунтоўваў сваё рашэнне і нават пагражаў Украіне. Паводле яго слоў, Украіна сёння — гэта "калонія з марыянеткавым рэжымам", а мэта Захаду, які за ёй стаіць, — "стрымаць развіццё Расіі". Крокі Масквы на Данбасе прэзідэнт РФ назваў "мерамі ў адказ па забеспячэнні ўласнай бяспекі".

Такім чынам РФ выходзіць з "Мінскіх пагадненняў" па Данбасе. У Маскве ўжо адкрыта кажуць, што наступным крокам будзе ўвядзенне войскаў, прыняцце "ДНР" і "ЛНР" у склад Расіі. Як вядома, яны былі ўтвораны пры падтрымцы Масквы ў 2014 годзе на тэрыторыі Украіны. Чакаецца жорсткі адказ Кіева, які мае падтрымку Захаду.

Прэзідэнт РФ аператыўна падпісаў з кіраўнікамі "рэспублік" дамову аб узаемадапамозе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.