Расійскаму амбасадару ў Малдове ўручылі ў МЗС пляшку бруднай вады

Бутэлька з бруднай вадой для расійскага дыпламата

Бутэлька з бруднай вадой для расійскага дыпламата / Ministerul Afacerilor Externe al Republicii Moldova

17 сакавіка амбасадара Расіі Алега Возерава выклікалі ў Міністэрства замежных спраў Малдовы.

Там яму ўручылі ноту пратэсту ў сувязі з расійскай атакай на гідраэнергетычны комплекс ва ўкраінскім Новаднястроўску. У выніку гэтай атакі адбылася ўцечка нафтапрадуктаў у раку Днестр. На сустрэчу з Возеравым малдоўскія дыпламаты прынеслі і бутэльку бруднай вады з Днястра, адзначае newsmaker.md.

У заяве МЗС Малдовы падкрэсліваецца, што ўцечка нафтапрадуктаў у Днестр стварыла сур'ёзную рызыку для навакольнага асяроддзя і водазабеспячэння Малдовы.

"Днестр забяспечвае вадой каля 80% насельніцтва краіны і 98% жыхароў Кішынёва. Падобныя дзеянні з сур'ёзным трансгранічным уздзеяннем ставяць пад пагрозу навакольнае асяроддзе, бяспеку водазабеспячэння і здароўе грамадзян Малдовы", — гаворыцца ў заяве МЗС.

Пра забруджванне Днястра стала вядома 10 сакавіка, калі ў сацсетках з'явілася відэа, знятае каля вёскі Наслаўча на поўначы Малдовы. На кадрах былі відаць масляністыя плямы на паверхні ракі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.