ЕГУ павінен быць больш беларускім. Гутарка з Паўлам Церашковічам

ЕГУ павінен быць больш беларускім. Гутарка з Паўлам Церашковічам

“У мяне была мара давесці да лагічнага фіналу тое, што я калісьці планаваў: зрабіць ЕГУ беларускім, а не міжнародным”. Так пачынаецца наша размова з гісторыкам і этнографам, выкладчыкам Паўлам Церашковічам. Суразмоўца Еўрарадыё ўдзельнічаў у конкурсе на пасаду рэктара ЕГУ, дзе працаваў 11 гадоў, і, як сам кажа, моцна хацеў перамагчы, каб правесці ва ўніверсітэце пазітыўныя рэформы. У выніку месца рэктара заняў былы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага банка Польшчы Кшыштаф Рыбіньскі.

Ці атрымаецца ў новага кіраўніка-замежніка вярнуць ЕГУ былы прэстыж і падтрымаць рэпрэсаваных даследчыкаў і выкладчыкаў з Беларусі? Ці ёсць у рэктара планы рэфармавання працы ўстановы і як можна было б яму дапамагчы? Пра гэта, а таксама пра некаторыя асаблівасці правядзення выбараў у ЕГУ мы і пагутарылі з Паўлам Церашковічам.  

ЕГУ павінен быць больш беларускім. Гутарка з Паўлам Церашковічам
Павел Церашковіч / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Раскажыце, калі ласка, пра свае планы, якія было б усё ж варта рэалізаваць у ЕГУ, нягледзячы на тое, што рэктарам абраны іншы кандыдат?

Павел Церашковіч: Самае галоўнае, што я хацеў зрабіць, — ператварыць ЕГУ ва ўніверсітэт, які мэтанакіравана прадукуе веды пра Беларусь і, карыстаючыся сваёй пазіцыяй у Еўропе, пашырае іх у свеце. Каб Беларусь была бачная, бо без гэтага ў нас нічога далей не атрымаецца. На жаль, пакуль універсітэт амаль не выконвае такой функцыі. Варта ператварыць ЕГУ ў хаб вытворчасці экспертызы пра нашу краіну.  

Еўрарадыё: Можа, вы б маглі нешта дадаць, улічваючы складаную сітуацыю ў Беларусі пасля 2020 года і ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну ў 2022-м?

Павел Церашковіч: Гэта звязана з маёй асноўнай ідэяй. Трэба, каб хваля ўцекачоў-інтэлектуалаў з Беларусі магла знайсці ў ЕГУ прытулак з магчымасцю ўладкавацца на працу, займацца выкладчыцкай і даследчыцкай дзейнасцю. Нарэшце, хаця б атрымаць афіліяцыю, якая б пасля дазваляла падавацца на гранты, праекты і гэтак далей. Каб ЕГУ быў сапраўды прытулкам для беларускіх інтэлектуалаў-уцекачоў.  

Еўрарадыё: Нагадайце, калі ласка, што перашкаджае ў апошнія гады беларусам, тым жа даследчыкам і выкладчыкам, уладкоўвацца ў ЕГУ і чаму там стала менш студэнтаў?

Павел Церашковіч: Адносна ўладкавання ў ЕГУ: трэба ўсё ж аддаць універсітэту належнае — там былі спробы дапамагаць уцекачам. Ёсць спецыяльная праграма для беларусаў-выкладчыкаў, але на сайце яе можна знайсці, толькі калі вы заходзіце ў раздзел “Дапамога Украіне”. Але нават пры гэтым рэсурсаў, якія там сканцэнтраваныя, катастрафічна недастаткова, і гэта галоўная перашкода. Але самае галоўнае, у ЕГУ няма нават такой мэты — стаць прытулкам для сваіх. На сайце гэта не прапісана. А нейкія грошы ВНУ пад гэта ўсё ж атрымлівае.  


Еўрарадыё: Як вы думаеце, чаму няма такой ідэі, тым больш пасля пачатку вайны? Шмат людзей разумеюць, што Беларусь апынулася, мякка кажучы, не ў самым прыемным становішчы. Чаму ВНУ, якая калісьці была вельмі папулярнай сярод беларускіх абітурыентаў, страціла такую місію?

Павел Церашковіч: Мне цяжка адказаць на гэтае пытанне. Год таму я з’ехаў з Беларусі. Першыя месяцы эміграцыі былі вельмі складаныя. Я звяртаўся па дапамогу да старшыні кіроўнай рады ЕГУ, да рэктара, да сваіх былых калег — ніхто з пяці чалавек не сказаў мне, што ў ЕГУ ёсць праграма дапамогі беларускім выкладчыкам. Вось гэта здзіўляе. Чаму так — не разумею. Ці яны самі не ведаюць пра існаванне праграмы, ці там нейкая спецыяльная палітыка…        

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі