Вы тут

Дзяржсакратар ЗША назваў Аляксандра Лукашэнку "апошнім дыктатарам Еўропы"

Аляксандр Лукашэнка / Sputnik/Alexei Druzhinin/Kremlin via REUTERS

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен назваў Аляксандра Лукашэнку "апошнім дыктатарам Еўропы". 8 сакавіка ён выступіў на анлайн-цырымоніі ўручэння штогадовых узнагарод Дзярждэпартамента за грамадзянскую мужнасць жанчынам з усяго свету. Блінкен згадаў беларускую палітзняволеную Марыю Калеснікаву, якая знаходзіцца за кратамі з пачатку верасня 2020-га. "Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў [у Беларусі] яна мабілізавала жанчын па ўсёй краіне, каб пратэставаць супраць кіравання Аляксандра Лукашэнкі — апошняга дыктатара Еўропы", сказаў дзяржсакратар Злучаных Штатаў.

Энтані Блінкен заявіў, што ЗША заклікаюць да неадкладнага вызвалення Калеснікавай і ўсіх палітвязняў у Беларусі (іх на сённяшні дзень 269).

Як паведамляла Еўрарадыё, нядаўна Дзярждэпартамент ЗША ўзнагародзіў Марыю Калеснікаву за грамадзянскую мужнасць.

"Справядлівыя выбары ў Беларусі ўмацуюць таксама нашу ўласную [амерыканскую] дэмакратыю", — сказала на той жа цырымоніі Джыл Байдэн, першая лэдзі ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.