"Чорная пляма на карце": што будзе з беларускай авіяцыяй без аэранавігацыі ЕС?

Канец усім міжнародным дамоўленасцям? / Еўрарадыё
Канец усім міжнародным дамоўленасцям? / Еўрарадыё

"Белаэранавігацыю" з 15 лістапада адключаюць ад нейкай глабальнай сістэмы, куды яны падаюць усе авіяцыйныя звесткі. Так што цяпер наогул ніякія самалёты не будуць над намі лётаць", — такое паведамленне з'явілася 31 кастрычніка на сайце motolko.help.

Як відаць, гаворка ідзе пра спыненне ўзаемадзеяння з Еўрапейскай базай звестак AIS (EAD). Але ці сапраўды для Беларусі можа наступіць "навігацыйная слепата"? Еўрарадыё на ўмовах ананімнасці пагутарыла з экспертам са сферы авіяцыі.

— Беларусь — сябра ІCАО [Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі. — Еўрарадыё]. Паміж сябрамі арганізацыі ажыццяўляецца абмен аэранавігацыйнай інфармацыяй, ад гэтага наўпрост залежыць бяспека палётаў. Калі раптам будзе прынятае рашэнне адключыць Беларусь ад гэтай сістэмы, то ў прынцыпе нашы самалёты не змогуць лётаць за межы Беларусі, — тлумачыць эксперт. — У іх не будзе звестак, неабходных для выканання палётаў па маршруце, для заходу на пасадку. Таму гэта можа быць адной са страшылак, каб праверыць рэакцыю беларускага боку, ці спроба неяк націснуць.

І яшчэ: дапусцім, борт з Мюнхена ляціць праз Беларусь у Маскву. Над Беларуссю яго вядуць беларускія дыспетчары. Але інфармацыяй яны абменьваюцца з дыспетчарамі аэрадрома вылету і аэрадрома прылёту. Калі сістэму адключаць, то атрымаецца, што на карце з'явіцца чорная пляма, якую трэба аблятаць. Гэта тоіць у сабе наступствы для любога перавозчыка, у тым ліку і эканамічна.

Проста ўявіце, што самалёт падыходзіць да мяжы Беларусі і трэба перадаваць інфармацыю ў краіну прыбыцця, а сувязі паміж імі няма. Гэта забаронена авіяцыйнымі правіламі — выконваць палёты без сувязі наземных дыспетчарскіх пунктаў. Сувязь павінна быць пастаяннай па ўсім маршруце палёту.

Пасля ўвядзення "паветраных санкцый" ад ЕС еўрапейскія авіякампаніі і так практычна перасталі з'яўляцца ў беларускай паветранай прасторы. Адпаведна, ім інфармацыя пра палёты над Беларуссю не вельмі патрэбная. А навошта тады, хай і гіпатэтычна, могуць увесці навігацыйную блакаду?

— Магчыма, што такая ідэя магла нарадзіцца праз тое, што яшчэ не ўсе перасталі лётаць над Беларуссю. Можа быць, гэта наступны крок блакавання, маўляў, калі да вас [перавозчыкаў, якія не падтрымалі санкцыі ЕС. — Еўрарадыё] так не даходзіць, то наступным крокам будзе поўная блакада паветранай прасторы.

Калі Беларусь усё ж адключаць ад еўрапейскай базы звестак, то чым можа абярнуцца такая "навігацыйная слепата"?

— Беларусь страціць грошы, якія ёй плацяць кампаніі, што карыстаюцца аэранавігацыйнымі паслугамі. І з вялікай доляй імавернасці дапускаю, што беларускі перавозчык не зможа лётаць па-за прасторай СНД, — адказвае мужчына.

Пасля скандалу з вымушанай пасадкай у Беларусі пасажырскага самалёта Ryanair, а таксама затрыманнем Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапега для авіякампаніі "Белавія" еўрапейскія краіны закрылі неба, пры гэтым авіяперавозчыкі з Еўропы самі не лётаюць на Беларуссю. Самалёты "Белавія" ў цяперашні момант могуць лётаць толькі праз Расію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі