Плацяжы "Белмытнясэрвісу" за літоўскія фуры парушаюць санкцыі ЕС

Фуры, ілюстрацыйнае фота

Фуры, ілюстрацыйнае фота / BNS

Плацяжы ад літоўскіх кампаній "Белмытнясэрвісу" за фуры парушаюць санкцыі Еўрасаюза. Прычым пад гэта трапляюць як наўпроставыя плацяжы ад літоўскіх прадпрыемстваў, так і праз пасярэднікаў.  

"Плацяжы падсанкцыйнаму "Белмытнясэрвісу" лічацца забароненым рэгламентам (Савета ЕС) прадастаўленнем сродкаў падсанкцыйнай асобе. Плацяжы падсанкцыйнаму суб'екту праз трэціх асоб могуць быць расцэненыя як парушэнне забароны на ўдзел у дзейнасці, якая парушае замарожванне сродкаў і эканамічных рэсурсаў, а таксама забароны на прадастаўленне доступу да сродкаў і эканамічных рэсурсаў", — гаворыцца ў каментары Службы па расследаванні фінансавых злачынстваў (СРФЗ), які цытуе DELFI.

"Белмытнясэрвіс" знаходзіцца пад санкцыямі ЕС ад чэрвеня 2022 года. Афіцыйны Мінск вызначыў гэтую кампанію для аплаты за вяртанне літоўскіх фураў, затрыманых у Беларусі з канца кастрычніка 2025 года.

У СРФЗ падкрэсліваюць, што санкцыі ЕС забараняюць рабіць плацяжы "Белмытнясэрвісу" і гатоўкай у валюце еўразоны: "Забараняецца перадаваць банкноты афіцыйнай валюты любой дзяржавы-члена ў Беларусь або любой асобе, арганізацыі або установе ў Беларусі, уключаючы ўрад і Цэнтральны банк Беларусі, або для выкарыстання ў Беларусі".

Аб праблемах з легальнай аплатай за фуры, затрыманыя ў Беларусі, заявіў Эрландас Мікенас, прэзідэнт Асацыяцыі Linava, якая аб'ядноўвае частку перавозчыкаў. Ён паведаміў, што літоўскія ўстановы былі праінфармаваныя пра складанасці, але чыноўнікі адказалі, што за ўсе кампенсацыі страт перавозчыка павінен адказваць рэжым Лукашэнкі.

Афіцыйны Мінск дазволіў вярнуцца фурам з літоўскімі нумарамі з 23 сакавіка. Мытны камітэт Беларусі казаў, што на тэрыторыі краіны знаходзіліся больш за 1900 грузавікоў і паўпрычэпаў з літоўскімі нумарамі. У Літву ўжо вярнуліся каля 700 з іх.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.