Вы тут

Былы баец "Беркута" збег з Украіны і стаў камандзірам групы ў мінскім АМАП

Сяргей Кімінчжы ва Украіне — і ў дакументах па судзе ў Беларусі

Баец "Беркута" Сяргей Кімінчыжы, які збег з Украіны ў Беларусь пасля перамогі Майдана, стаў камандзірам групы мінскага АМАП. "Новы час" высветліў, што ўлетку ён затрымліваў "дыджэяў пераменаў", а пасля сведчыў супраць іх у судзе.

— Мне паведамілі, што парушэнне здарылася ў выглядзе ўключэння музыкі. Мне далі арыенціроўку. Я прыняў інфармацыю і паехаў шукаць. Убачыў, што яны павярнуліся і пачалі ад мяне бегчы, — сцвярджаў Сяргей Кімінчыжы.

— Гэта хлусня, — пярэчыў дыджэй Кірыл Галанаў.

— У чым выявілася непадпарадкаванне? — запытаўся суддзя.

— Не хацелі залазіць у транспартны сродак, — працягваў былы беркутавец.

— Я бачу, што чалавек, які займае пасаду, хлусіць. Гэта сведчыць пра яго адчуванне беспакаранасці, — перабіў міліцыянта Галанаў.

— У вас ёсць пытанні да яго? — удакладіў суддзя.

— Так. Чаму вы хлусіце? Мы абодва ведаем, што гэта хлусня і я не супраціўляўся, — абурыўся затрыманы дыджэй.

— Гэта праўда, — настойваў Кімінчыжы.

Дыджэям за тое, што яны ўключылі на праўладным мерапрыемстве песню "Пераменаў" Віктара Цоя, далі тады па 10 сутак арышту. Пазней яны вымушаныя былі з'ехаць з Беларусі.

Сяргею Кімінчыжы 37 гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Васіліўка ў Адэскай вобласці. Адслужыў у войску і пасля пайшоў служыць у адэскі "Беркут". Вядома, што падчас Рэвалюцыі Годнасці байцы гэтага падраздзялення змаглі прарвацца праз ачапленне, выстаўленае грамадскімі актывістамі вакол месца яго дыслакацыі, і дабраліся да Кіева. Яны ўдзельнічалі ў баях на вуліцы Інстытуцкай 20 лютага 2014 года, дзе было забіта шмат пратэстоўцаў.

Сяргей Кімінчжы ва Украіне / "Новы час"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.