Вы тут

Блінкен распавёў аб сваіх чаканнях ад сустрэчы з расійскім міністрам Лаўровым

Энтані Блінкен​ / Reuters

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен не чакае прарываў ад перамоваў з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю нямецкаму тэлеканалу ZDF. Тэкст гутаркі апублікаваны на сайце Дзярждэпартамента.

Сустрэча Блінкена і Лаўрова пройдзе сёння ў Жэневе. Блінкен прызнаўся, што хацеў бы пачуць пазіцыю Масквы па выніках нядаўніх кансультацый з ЗША і НАТА.

"У нас ва ўсіх была магчымасць паразважаць над тым, што кожны з нас пачуў", — растлумачыў свае чаканні Блінкен.

"І гэта важны момант, я думаю: зразумець, на якім этапе мы знаходзімся з міністрам замежных спраў Лаўровым, паглядзець, якія высновы Расія зрабіла па выніках гэтых дыпламатычных кантактаў", — адзначыў ён.

Сам Блінкен на гэтай сустрэчы хацеў бы данесці да расійскага боку пазіцыю ЗША і сваіх еўрапейскіх партнёраў.

ЗША, паводле яго слоў, разлічваюць на сустрэчы ў Жэневе "зразумець, ці можна на самой справе працягваць рухацца па шляху дыпламатыі для вырашэння гэтага крызісу".

Расія, нагадаем, дамагаецца ад ЗША і NATO пісьмовых "гарантый бяспекі" — перш за ўсё, непасшырэння NATO на ўсход. ЗША, у сваю чаргу, турбуе канцэнтрацыя расійскіх войскаў на мяжы з Украінай. У Вашынгтоне не выключаюць, што Расія плануе агрэсію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.