Вы тут

"Дыпламатыя не памерла" — Лаўроў і Блінкен дамовіліся сустрэнецца ў Жэневе

Энтані Блінкен і Сяргей Лаўроў / AP​

Дасягнутая дамоўленасць аб сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Расіі і ЗША. Кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў і кіраўнік Дзярждэпартамента ЗША Энтані Блінкен дамовіліся сустрэцца ў Жэневе 21 студзеня пасля таго, як дзяржсакратар правядзе перамовы ў Кіеве і Берліне. Такая інфармацыя прагучала на брыфінгу ў Дзярждэпартаменце ЗША.

"Я думаю, той факт, што дзяржсакратар Блінкен і Сяргей Лаўроў дамовіліся сустрэцца ў пятніцу ў Жэневе, кажа пра тое, што, магчыма, дыпламатыя не памерла", — адзначыла прадстаўніца амерыканскага знешнепалітычнага ведамства.

Паводле яе словаў, дыпламатыя застаецца "адзіным спосабам паспяховага вырашэння гэтага канфлікту" (вакол Украіны). У сувязі з гэтым Блінкен збіраецца высветліць, ці ёсць тут дыпламатычны выхад.

"І гэта сапраўды з'яўляецца стымулам для гэтай сустрэчы з міністрам замежных спраў Лаўровым у пятніцу. Мы будзем правяраць гэтую гіпотэзу", — заявіла прадстаўніца амерыканскага знешнепалітычнага ведамства.

Блінкен настроены падчас сустрэчы ў Жэневе "заклікаць Расію неадкладна распачаць крокі з мэтай дээскалацыі" сітуацыі.

Нагадаем, нядаўні раўнд расійска-амерыканскіх перамоваў — на двухбаковай аснове, па лініі НАТА і АБСЕ — не прывёў да бачных вынікаў. У ЗША мяркуюць, што Расія можа пачаць агрэсію ў дачыненні да Украіны. У прыватнасці, на адным учорашнім брыфінгу ў Дзярждэпартаменце гучалі асцярогі з нагоды будучых беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў. У Вашынгтоне дапускаюць, што "Расія можа мець намер размясціць войскі ў Беларусі пад выглядам сумесных вайсковых вучэнняў, каб, магчыма, напасці на Украіну з поўначы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.