Вы тут

У ЗША падвялі вынікі перамоваў з Расіяй: пагроза для Украіны застаецца высокай

Джэйк Саліван / Reuters

Пагроза расійскага ўварвання ва Украіну застаецца высокай, заявіў памочнік прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван. Ён падвёў вынікі серыі амерыкана-расійскіх перамоваў.

Асноўны вынік: бакі пазначылі пазіцыі, і ЗША гатовыя да любога развіцця падзей. Па яго словах, расійскі бок у публічных каментарах казаў "шмат розных рэчаў, і некаторыя з іх супярэчаць адзін аднаму".

Пазіцыя Вашынгтона такая: "мы гатовыя ісці па прынцыповым шляху дыпламатыі і гатовыя адказаць перад тварам агрэсіі". Развіццё сітуацыі па другім шляху не выключана.

"Расейцы размясцілі дзясяткі тысяч вайскоўцаў ва Украіне і вакол яе, а таксама на акупаванай тэрыторыі. Такім чынам, гэта, безумоўна, той выпадак, калі пагроза ваеннага ўварвання высокая", — сказаў ён.

Па словах Саллівана, у ЗША няма ніякіх ілюзій "адносна перспектыў патэнцыйнага канфлікту і патэнцыйнай ваеннай эскалацыі з боку Расіі". У сувязі з гэтым ЗША і іх еўрапейскія партнёры гатовыя "да мноства розных варыянтаў развіцця падзей — да таго, што мы сядзем за стол перамоваў, будзем сур'ёзна і прадметна працаваць над гэтымі пытаннямі, і да таго, што мы будзем рэагаваць на дзеянні Расіі выразным, эфектыўным, рашучым чынам".

У цэлым жа памочнік прэзідэнта ЗША адзначыў, што кансультацыі былі карыснымі. Пры гэтым на пытанне аб працягу перамоваў Саліван не адказаў. Аб тэрмінах новых кантактаў бакі не дамовіліся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.