Вы тут

“Бізнес упэўнены ― справядлівага суда няма. Аўтары дэкрэта спекулююць на гэтым"

Фота zn.ua

Стаў вядомы змест праекта чарговага прэзідэнцкага дэкрэта ― “Аб забеспячальным дэпазіце”. Выглядае на тое, што калі гэты дакумент пачне дзейнічаць, то стане не менш скандальным за сумнавядомы “антыдармаедскі” дэкрэт №3. Чаму? Разбіраемся ў відэаэфіры Еўрарадыё разам са старшым аналітыкам "Альпары" Вадзімам Іосубам і рэдактарам “Эканамічнай газеты” Леанідам Фрыдкіным.

 

Што скандальнага закладзена ў праект прэзідэнцкага дэкрэта?

 

Леанід Фрыдкін: Дэкрэтам прадугледжваецца стварэнне адмысловага інструмента, які можа змякчыць адказнасць бізнесменаў перад законам. Мяркуецца, што тыя, хто паклапоціцца загадзя і пакладзе на рахунак у Беларусбанка не менш за 50 тысяч рублёў, могуць разлічваць на паслабленні, калі супраць бізнесмена будзе распачатая крымінальная справа альбо адміністрацыйны працэс. У дачыненні да такіх людзей не будзе прымяняцца арышт, а адказнасць па эканамічных артыкулах будзе ў мяккай форме ― не больш за палову максімальнага тэрміна пакарання. Такім чынам, калі бізнесмен заснаваў такі “забеспячальны дэпазіт”, а пазней супраць яго распачалі справу за ўхіленне ад выплаты падаткаў, то яго не пасядзяць ў СІЗА, дзе б яму давялося правесці месяцы, а то і гады ў чаканні суда. А ў далейшым ён можа разлічваць, да прыкладу, не на 5 гадоў пакарання, а на 2,5 года. Пры гэтым з дэпазіта спішуць грошы на пакрыццё шкоды, нанесенай дзяржаве.

Вадзім  Іосуб: У краіне дзейнічае вялікая колькасць заканадаўчых актаў, якія часцяком супярэчаць адзін другому. І выканаць іх усе адначасова немагчыма ў прынцыпе. Што дае падставы Камітэту дзяржкантролю ганарыцца эфектыўнасцю ― 99,9% выніковых праверак. Калі бізнесмен выклікаў у адпаведных структур цікавасць, трэба быць гатовым да таго, што парушальнікам альбо злачынцам яму стаць вельмі проста. Што і пацвярджае гэты праект дэкрэта.

Леанід Фрыдкін: Хто канкрэтна аўтар гэтага дакумента, не важна, але ён добра ўпісваецца ў логіку працы бюракратычнага апарата. Логіка ж тут такая: калі ёсць бізнес, то ён існуе для таго, каб карміць бюракратыю. Калі бізнес дрэнна спраўляецца з гэтым абавязкам, то няхай ён авансам заплаціць за тое, што яго не пасадзяць.

 

“Ужо ёсць тыя, хто гатовы бегчы і класці грошы на дэпазіт”

 

Леанід Фрыдкін: Я меў размову з прадпрымальнікамі, якія з энтузіязмам паставіліся да гэтага праекта. І нават гатовыя хоць зараз несці гэтыя 50 тысяч, куды трэба. Пры тым, што ў праекце гэтага дэкрэта ні слова няма пра тое, ці залежыць нейкім чынам памер дэпазіта ад памеру бізнесу. Бо сабраць 25 тысяч долараў для ўладальніка невялікага бізнесу можа быць дастаткова праблемна. У адрозненні ад уладальніка бізнесу буйнога, большая частка якога даўно схаваная на экзатычных выспах. Для такога бізнесмена пакласці 25 тысяч долараў на дэпазіт, як гарантыю таго, што ён прыедзе ў Беларусь і спакойна адсюль з’едзе і ніхто яму не прапануе “пасядзець на дарожку”, не праблема. Такая норма іх цалкам задаволіць. Некаторыя вялікія бізнесы сталі вялікімі толькі дзякуючы таму, што наўмысна і вельмі хітра парушалі заканадаўства. Для іх больш цікава мець магчымасць адкупіцца ад закона, чым працаваць у межах прававога поля. У выніку атрымліваем: тым, хто заплаціў — усё, астатнім ― закон. Думаю, асабліва парадуюцца такой магчымасці адкупіцца тыя, хто ўжо паспеў пабываць у “амерыканцы”.

Вадзім Іосуб: На сёння, калі нейкага прадпрымальніка падазраюць у нанясенні шкоды, то суму гэтай шкоды неабходна абгрунтаваць у судзе. А што атрымліваецца тут? Чалавек павінен хутка з усім пагадзіцца, выплаціць суму, якую невядома хто і як налічыў, і тады яму нічога не будзе. Але як гэтыя страты налічваліся ― не зразумела.

Леанід Фрыдкін: Правераная асоба, у выпадку нязгоды з сумай, можа даводзіць справу да суда і аспрэчваць. Да ўсяго, адкрыццё такога дэпазіта ― справа добраахвотная. Калі нехта з бізнесменаў адчувае, што ён можа апынуцца вінаватым, можа загадзя адчыніць такі дэпазіт і прызнаць, што на іх прэзумпцыя добрасумленнасці не распаўсюджваецца. Налічваць нанесеную шкоду следчыя будуць у адпаведнасці са сваімі методыкамі. Тут распрацоўшчыкі дакумента сыходзяць з таго, што патэнцыйна сапраўды шмат хто з бізнесменаў з’яўляецца парушальнікам, што большасць з тых, хто атрымае такі “лсіт шчасця”, не рызыкнуць звяртацца ў суд. А калі рызыкнуць, то ім жа горш і будзе. Аўтары праекта спекулююць на ўпэўненасці большай часткі бізнесу ў тым, што ў нас няма справядлівага суда, які будзе адстойваць іх інтарэсы.  Што прасцей адкупіцца, чым звяртацца у суд.

 

Цалкам размову з Леанідам Фрыдкіным і Вадзімам Іосубам можна паглядзець тут:

Галоўнае

Выбар рэдакцыі

Вокладка кнігі Сяргея Шапрана "Беларускі гістарычны анекдот"
Фота Наталлі і Дар'і Кавальчук з Брэста. Разам з Фондам "Шанс" дзяржава аплаціла аперацыю Дашы ў Даніі.