Без намёкаў. Як нацыяналізацыя разбурыла нацыянальную эканоміку

Нацыяналізаваў прадпрыемствы, каб выратаваць эканоміку краіны, але нешта пайшло не так.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” прыгадвае, як палітыка Уга Чавеса прывяла Венесуэлу да эканамічнага калапсу. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя.

Сапраўдны палкоўнік і яго нацыяналізацыя

У 1998 годзе харызматычны палкоўнік у адстаўцы Уга Чавес выйграе прэзідэнцкія выбары ў Венесуэле. Сваім поспехам ён у першую чаргу быў абавязаны маламаёмным пластам насельніцтва, да якіх Чавес мэтанакіравана звяртаўся ў часе выбарчай кампаніі і якіх схіліў да свайго бачання сацыялістычнай будучыні краіны.

Як толькi ён прыходзіць да ўлады, то адразу нацыяналізуе найважнейшыя галіны эканомікі, у першую чаргу нафтагазавы комплекс. Грошы пайшлі на сацыяльныя праграмы: на медыцынскае абслугоўванне і адукацыю для беднаты.

У 2001 годзе запрацавала праграма асваення закінутых земляў. Каля 5 мільёнаў гектараў былі нацыяналізаваныя і перададзеныя беззямельным сялянам і жывёлагадоўцам.

Нядоўгі эканамічны цуд

У першыя гады кіравання Чавеса Венесуэла была пятым па аб'ёме экспарцёрам сырой нафты ў свеце, на яе прыпадала 85,3% усяго экспарту.

У 2002 годзе быў прыняты новы закон, які цалкам змяніў сітуацыю ў нафтавай сферы. Долю дзяржавы ў нафтаразведцы і нафтаздабычы замацавалі на ўзроўні не ніжэй за 51%, урад павінен быў паставіць нафтавую карпарацыю PDVSA пад свой кантроль. Падкантрольныя старым менеджарам прафсаюзы пачалі ўсеагульную забастоўку.

Урэшце Чавес увёў на прадпрыемства вайскоўцаў, якія замянілі ў пачатку 2003-га каля 18 000 звольненых работнікаў кампаніі — а гэта амаль палова персаналу. Чавесу ўдалося поўнасцю паставіць дзейнасць кампаніі пад свой кантроль.

З пачатку 2000-х сусветны рынак ахапіў рост цэн на нафту. Услед за гэтым даходы Венесуэлы рэзка выраслі. Чавес накіраваў яшчэ больш грошай у сацыяльную сферу: па ўсёй краіне будаваліся тысячы бясплатных лякарняў і паліклінік, дзяржаўных школ для бедных, запусцілася праграма будаўніцтва таннага жылля.

Урад пачаў закупкі танных прадуктаў харчавання і тавараў спажывання за мяжой. Але гэта падарвала пазіцыі мясцовых вытворцаў.

Нацыяналізацыя да апошняга халадзільніка

Чавес не змог спыніцца на нацыяналізацыі нафтавай прамысловасці. У 2007 годзе ён заяўляе пра намер нацыяналізаваць усе харчовыя склады, супермаркеты і тавараправодныя сеткі.

Падставай для гэтага стала падвышэнне цэн на цукар, мяса і малочныя прадукты, якое пачалося ў лютым. Уладальнікі крамаў адмаўляліся гандляваць па фіксаваных цэнах са стратамі для сябе.

У адказ на гэта Таварыства спажыўцоў Венесуэлы пры падтрымцы нацыянальнай гвардыі правяло рэйд па харчовых складах. У часе рэйду былі знойдзеныя і канфіскаваныя тоны харчавання, якія прадаўцы не жадалі прадаваць па рэгуляваных цэнах.

“Калі яны будуць працягваць не звяртаць увагі на інтарэсы народа, Канстытуцыю, законы, то мы адбяром і нацыяналізуем усе харчовыя сеткі, склады і супермаркеты да апошняга халадзільніка. Так што няхай падрыхтуюцца”, — прыгразіў тады Чавес.

І слова сваё стрымае: для барацьбы з дэфіцытам урад нацыяналізаваў прадпрыемствы харчовай галіны. Для рэалізацыі ўласнай канцэпцыі харчовай бяспекі Чавес адкрыў сетку дзяржаўных супермаркетаў Mercal. Яна распрадавала ежу па вельмі нізкіх цэнах, аднак базавых прадуктаў, у тым ліку мяса, часта не хапала, а пакупнікам даводзілася адстойваць доўгія чэргі.

Чавес адкрыта абвінаваціў ЗША і амерыканскія кампаніі ў вядзенні “эканамічнай вайны” супраць Венесуэлы.

Усё ідзе па плане?

У часе сусветнага крызісу 2008 года цэны на нафту рэзка ўпалі, а з імі зменшыліся паступленні ў венесуэльскі бюджэт. Пры гэтым сацыяльныя праграмы патрабавалі пастаянных расходаў.

Затрымкі з пастаўкамі імпартных тавараў, на якія прыпадала да 90 адсоткаў усяго ўнутранага спажывання, прывялі да яшчэ большага дэфіцыту і росту цэн. У выніку не стала тавараў нават у дзяржаўнай сетцы сацыяльных супермаркетаў.

У краіне, дзе банкаўская сістэма заставалася ў прыватных руках, увялі строгі валютны кантроль знешнеэканамічных аперацый. Гэта дазволіла банкірам і звязаным з імі чыноўнікам зарабляць на розніцы афіцыйнага, камерцыйнага і чорнага абменнага курса. На валютным рынку пачаўся хаос, які выліўся ў гіперінфляцыю.

Змяншэнне валютнай выручкі ў 2010–2011 гадах прымусіла Уга Чавеса набраць знешніх крэдытаў, у асноўным у Кітая. Грошы тут жа патрацілі на тавары, пераважна кітайскія. 

Эксперты лічаць, што дагэтуль больш за палову венесуэльскай нафты ідзе на пагашэнне даўгоў перад Кітаем. Пасля амаль 10 гадоў з моманту смерці Чавеса.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.