Брэсцкія дэпутаты пашкодзілі помнікі на могілках, калі пілавалі дрэвы

Трышынскія могілкі пасля "прыборкі" дэпутатаў

Трышынскія могілкі пасля "прыборкі" дэпутатаў / калаж BGmedia

15 сакавіка жыхар Брэста наведаў гістарычныя Трышынскія могілкі і застаўся ў шоку ад убачанага: пашкоджаныя помнікі, куча непрыбраных галінак і распілаваных дрэваў. Аказалася, што 14 сакавіка ў рамках месячніка па добраўпарадкаванні там "наводзілі парадак" гарадскія дэпутаты.

Фатаздымкі з могілак брастаўчанін апублікаваў у Threads, заўважыла выданне BGmedia. У каментарах жыхары горада выказваюць сваё абурэнне:
"Адбярыце ў гэтых неадэкватаў пілу! Могілкі адносяцца да гістарычных каштоўнасцяў горада!"
"Гэта абуральна. Сапраўды гэтак жа пілавалі на каталіцкіх могілках, разбілі мноства помнікаў. Няўжо гарадскім уладам няма справы!? (відавочна, на жаль, што не)"
"Геніяльныя кіраўнікі і таленавітыя выканаўцы. Гэта нейкая ганьба..."

Пра "прыборку" на могілках 14 сакавіка паведамлялася ў тэлеграм-канале Брэсцкай гарадской ЖКГ. Там гаварылася, што "дэпутаты гарадскога савета і савет моладзі прыбіраюць смецце, выразаюць інвазіўныя расліны і хмызнякі". Праца, як сцвярджалася, "пабудаваная на самым высокім узроўні".

Трышынскія могілкі — найстарэйшы з захаваных некропаляў горада. Там спачывае каля 12 тысяч чалавек. Самае старое з захаваных тут надмагілляў датуецца 1834 годам. Афіцыйна могілкі былі закрытыя для пахаванняў у 1969 годзе. 2 жніўня 2016 года Трышынскія могілкі атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэгіянальнага значэння і ахоўваюцца дзяржавай.

Брэсцкія дэпутаты пашкодзілі помнікі на могілках, калі пілавалі дрэвы
Трышынскія могілкі пасля "прыборкі" дэпутатаў / калаж BGmedia

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.