На Кацярыну Ваданосаву пачалі крымінальную справу за фільм пра Кубэ
Кацярына Ваданосава / Еўрарадыё
Генпракуратура пачала крымінальную справу на 39-гадовую мінчанку за ролікі на Youtube, у якіх нібыта выявілі "рэабілітацыю нацызму".
Сцвярджаецца, што яна за межамі Беларусі "на сістэмнай аснове вырабляла і размяшчала відэаролікі ў форме асветніцкіх лекцый. У іх яна маніпулявала асобнымі фактамі з гісторыі краіны. Пры гэтым, будучы вядучай падкастаў, яна пазыцыянавала сябе як кампэтэнтная асоба, якая мае веды па ўказаным гістарычным пэрыядзе".
"Наша Ніва" мяркуе, што гаворка ідзе пра тэлевядоўцу Кацярыну Ваданосаву. Пракуроры ўбачылі ў некаторых яе відэазапісах "выдумкі, у якіх падазраваная гераізавала нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, у тым ліку прадстаўнікоў нацыяналістычных калабарацыянісцкіх фарміраванняў ("Дапаможная паліцыя", Беларуская Цэнтральная Рада і іншыя), наўмысна праслаўляла іх, а таксама здзейсненыя імі злачынствы супраць мірнага насельніцтва БССР".
Акрамя таго ў пракуратуры заяўляюць, быццам вядоўца ўсхваляла гаўляйтара Беларусі Вільгельма Кубэ. Хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе відэаролік пра забойства Кубэ, які выйшаў некалькі дзён таму ў рубрыцы "Трызуб і Пагоня".