Ініцыятыва MALDZIS купіла ў Польшчы старадаўні архіў парафіі з Гродзеншчыны

Капіярый з Вялікіх Эйсмантаў

Капіярый з Вялікіх Эйсмантаў / maldzis.world

Ініцыятыва MALDZIS вяртае беларусам старадаўні архіў парафіі з Гарадзеншчыны. Капіярый з касцёла ў Вялікіх Эйсмантах атрымалася набыць на аўкцыёне ў Польшчы.

У зборніку захаваліся распараджэнні свецкіх і касцельных уладаў, звесткі пра жыццё парафіі і мясцовай супольнасці, трапляюцца прозвішчы мясцовых жыхароў. Сустракаюцца там і асобныя сямейныя гісторыі, і нататкі пра вакцынацыю ад воспы, і шмат іншага.

Кнігу адлічбуюць, каб зрабіць дасяжнай для гісторыкаў, краязнаўцаў і ўвогуле ўсіх ахвочых. А пасля дэмакратычных пераменаў у Беларусі перададуць храму ў Бераставіцкім раёне, з якога яе вывезлі.

Сродкі на набыццё кнігі вылучыў адзін з мецэнатаў MALDZIS — Ілля Пакроўскі. "Важна, што знайшоўся беларус, які прафінансаваў выкуп рукапісу, каб гэты архіў не трапіў у прыватныя калекцыі, а вярнуўся ў Беларусь у якасці грамадскага падарунка", — кажа апякун MALDZIS Рыгор Астапеня.

Карыстаючыся выпадкам, MALDZIS звяртаецца да нас па дапамогу ў пошуку каштоўнасцяў і іх набыцці. Падтрымаць праект можна тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.