Без намёкаў. Як грамадзяне акупаванай краіны зрабілі войска ў эміграцыі

Іх радзіма апынулася пад акупацыяй. Дзеля барацьбы з дыктатарам яны стварылі ўласнае войска па-за межамі дому.   

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае польскую Армію Андэрса ў часе Другой сусветнай вайны. Гэта экскурс у сусветную гісторыю. Усе паралелі з сучаснай Беларуссю — выпадковыя.

У 1941-м пасля нямецкага нападу на СССР савецкія дыпламаты дамовіліся з польскім урадам у эміграцыі аб стварэнні польскага войска для сумеснага супрацьдзеяння вермахту. У яго шэрагі набіралі амніставаных ваеннапалонных і польскіх перасяленцаў. Камандзірам быў прызначаны польскі генерал Уладзіслаў Андэрс.

Дарэчы, у першых падраздзяленнях новага фармавання большасць складалі беларусы, габрэі і ўкраінцы. Яны настолькі ненавідзелі СССР, што ахвотна апраналі польскую форму. Такія настроі не спадабаліся савецкім кіраўнікам. Праз тры месяцы яны прынялі пастанову, якая забараняла набор прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, акрамя польскай. З таго часу “непалякі” старанна хавалі сваё паходжанне.

Першапачаткова навучанне польскія салдаты праходзілі ў СССР і нават за грошы СССР. Але 19 сакавіка 1942 года генерал Уладзіслаў Андэрс выдаў загад аб эвакуацыі польскіх войскаў з Савецкага Саюза. Салдаты пад камандаваннем генерала Андэрса стварылі 2-і Польскі корпус. Расійскія гісторыкі называюць гэта не іначай як “кідалавам” з боку Андэрса і ў той жа час сцвярджаюць, што ад палякаў і так не было толку. Маўляў, таму Масква і пагадзілася. Польскі бок называе гэта аперацыяй па ратаванні з савецкага палону. Вось што пісаў у сваіх мемуарах сам Андэрс:

— НКУС усё больш умешвалася ў нашыя справы. Нам заміналі на кожным кроку. Зброю не дастаўлялі, харчавання выдзялялі ўсё менш. Савецкія ўлады ўсё мацней стрымлівалі перамяшчэнне людзей з поўначы на поўдзень. Прыходзілі весткі, што тысячы палякаў затрымліваюцца ў лагерах і турмах. Пра зніклых афіцэраў да гэтага часу нічога не было вядома. Затое ўсё больш хадзілі чуткі пра тое, што іх усіх расстралялі, а таксама пра тое, што іх утапілі ў Белым моры. Я ўсё больш прыходзіў да ўсведамлення таго, што калі палякі застануцца ў савецкай Расіі, то ўсе яны загінуць.

Так Армія Андэрса апынулася спачатку ў Іране, а пазней паспела паваяваць супраць немцаў і ў Італіі: у пачатку 1944 года вайскоўцы генерала Андэрса пераправіліся на Апенінскі паўвостраў. У складзе саюзных войскаў яны ўдзельнічалі ў маштабным шматмесячным супрацьстаянні пад Монтэ-Касіна.

Зрэшты, не ўсе палякі адправіліся з СССР у Іран разам з Андэрсам. Пры ўдзеле Саюза польскіх патрыётаў былі створаны новыя польскія ўзброеныя сілы, якія былі падпарадкаваны савецкаму камандаванню. Яны ўзялі ўдзел у вызваленні сваёй радзімы ад гітлераўцаў, у бітве за Германію і штурме Берліна.

Да чэрвеня 1945 года Войска Польскае налічвала прыкладна 400 тысяч чалавек. Яно было самай магутнай рэгулярнай вайсковай сілай, якая ваявала разам з савецкімі войскамі.

Пасля вайны войска пэўны час дыслакавалася на тэрыторыі Італіі. Калі камуністычная будучыня Польшчы канчаткова вызначылася, некаторыя вайскоўцы эмігравалі на Захад, у прыватнасці ў Вялікабрытанію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.