Вы тут

Беларусь прыпыніла экспарт светлых нафтапрадуктаў ва Украіну, Польшчу і Балтыю

Reuters

Беларусь прыпыніла экспарт светлых нафтапрадуктаў ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі. Прычынай сталі пастаўкі няякаснай нафты з Расіі. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са словаў намесніка гендырэктара па камерцыйных пытаннях Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргея Грыба.

Грыб дадаў, што пастаўкі па кантрактах прыпыненыя да таго часу, пакуль не будзе вырашанае пытанне з расійскай нафтай. Ён патлумачыў, што Беларусь адмовілася ад экспарту, каб хапіла нафты для ўнутранага рынку падчас пасяўной. Грыб кажа, што беларускі бок стараецца пазбегнуць санкцыяў за прыпыненне паставак у адпаведнасці з кантрактамі.

Шкода ад прыпынення экспарту яшчэ ацэньваецца, падкрэсліў намеснік гендырэктара БНК. Ён дадаў, што рынкі Украіны, краін Балтыі ды Польшчы для нашай краіны застаюцца найбольш прэміяльнымі ў плане паставак. 

Беларусь працягвае пастаўкі так званых цёмных нафтапрадуктаў. Але іх пастаўкі ідуць не да нашых бліжэйшых суседзяў. Яны адпраўляюцца ў больш далёкія краіны праз порты Балтыйскага мора.

Інфармацыя пра пастаўкі няякаснай нафты з Расіі з'явілася ў пятніцу, 19 красавіка. Беларускі бок заявіў, што з Расіі ідуць пастаўкі нафты з вялікім утрыманнем хлорарганікі. У выніку на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе сапсавалася дарагое абсталяванне.