Вы тут

Аляксандр Кулінковіч: Я рэзкі, як панос, і ласкавы, як котка

Аляксандр Кулінковіч

4 лютага Neuro Dubel сыграе ў мінскім клубе Bristle і выканае першую песню з будучага альбома "Першы". На кружэлку самыя заслужаныя панкі краіны збіраюць праз краўдфандынг, праўда, за тры тыдні камандзе "набегла" толькі 47% патрэбнай сумы. У студыі Еўрарадыё Аляксандр Кулінковіч разважае пра патрэбнасць слова на літару "К" у сучасным свеце, мяркуе, што беларуская музыка цяжка захварэла і уваскрасіць яе можа ў тым ліку і адроджаная "Крамбамбуля" узору "Каралёў раёна".

Еўрарадыё: Праз краўдфандынгавую платформу talaka.by на сёння не сабрана і палова патрэбнай сумы на новы альбом Neuro Dubel. Ці задавальняе цябе вынік, бо да заканчэння збору засталося не так шмат часу?

Аляксандр Кулінковіч: Увогуле, у прынцыпе, я на нешта падобнае і разлічваў. Але мы ў кожным выпадку будзем пісаць альбом, незалежна ад таго, збяром мы грошы ці не. Проста будзе цяжэй, дыск, магчыма, будзе не так аформлены, як мы планавалі. Але ўсё ж разлічваю, што будзе больш за 50%, што людзі яшчэ зрэагуюць.

Еўрарадыё: Ты музыка з такім статусам, столькі гадоў граеш, столькі альбомаў у калекцыі, а на чарговы дыск просіш грошы ў людзей і нават не можаш сабраць поўную суму за такі час?

Аляксандр Кулінковіч: Напэўна, не вельмі добра не сабраць суму, але ў тым, што ёсць вось гэтае слова на літару "К" (не магу яго вымавіць) — нічога ганебнага не бачу, бо гэта ж не падаянне. Людзі, якія ўносяць ахвяраванні, атрымліваюць за гэта майкі, дыскі, праходкі на канцэрт, то бок, таксама нейкія грошы. І ў кожным выпадку, з тых унёскаў, якія прыйдуць, трэба будзе вылічваць падаткі, выдаткі на прэзенты, і насамрэч, мы атрымаем зусім няшмат, літаральна на піва. Калі б адкаціць час на паўгода назад, то я б, напэўна, гэтым не займаўся. Не той, напэўна, мы гурт, які можа сабраць патрэбную суму, бо мы ў асноўным граем не для такіх людзей, якія могуць нешта даць. Ды і не ў той час мы жывём — цяпер людзі моцна збяднелі, што б там па целіку ні казалі.

Еўрарадыё: Як краўфандынг уплывае на новы альбом? Вы пачалі ўжо яго запісваць...

Аляксандр Кулінковіч: Так, пачалі. Я ішоў сюды і думаў, што заўсёды пачынаў рабіць дзюбельскія праекты загадзя, хаця я — страшны фаталіст, калі планую нешта на дзень наперад, гэта значыць, што я проста страшна ўпэўнены ў сабе мача. Але з "Дзюбелем" звычайна ўсё па-іншаму. З альбомам "Афтары правды" была такая сітуацыя, што я проста прыйшоў у студыю і сказаў: "Хлопцы, я дамовіўся з "Рэпаблікам" на прэзентацыю новага альбома". А альбома не было ўвогуле. Затое тут жа загарэўся агонь у дупе і пачалі нешта рабіць, бо дагэтуль плявалі ў столь. Цяпер мы пачалі пісаць альбом, але не ведаем, за якія грошы яго скончым. Але веру, што ўсё будзе добра. Песня — гэта ж не кніга. Калі яна пішацца, пішацца калектывам, яна не можа доўга ляжаць і захоўвацца, яна забываецца.

Еўрарадыё: Дарэчы, колькі трэба на альбом Neuro Dubel?

Аляксандр Кулінковіч: Пяць тысяч.

Еўрарадыё: Нядаўна да нас заходзіў Аляксандр Саладуха і сказаў, што запісаў свой апошні альбом за 33 тысячы долараў. Як бы мог гучаць альбом Neuro Dubel за такія грошы?

Аляксандр Кулінковіч: Безумоўна, ён гучаў бы лепей, мы б запісалі яго за межамі краіны, была б больш дарагая вокладка, мы б прэзентавалі яго ў больш дарагой зале, бо мы не можам сабе дазволіць Prime Hall, напрыклад. Але ў самім матэрыяле нічога б не змянілася — гэта ўсё адно быў бы Neuro Dubel. Мы ўжо знайшлі сябе. 

Еўрарадыё: Ты музыка, калумніст, блогер, акцёр. Колькі Кулінковічаў ужываюцца ў адным Сашы?

Аляксандр Кулінковіч: Напэўна, усё ж музыка, акцёр і журналіст. Бо дробныя какашкі ў Фэйсбуку — гэта не калумніст, а накіпела. Я нават папярэджваю, што накіпела, гэта як "attention", то бок, далей можна не чытаць. Я думаю, як журналіст, такі недавучка-самавучка, як, у прынцыпе, і музыка. Дзіўны я чалавек. Рэзкі, як панос, і ласкавы, як котка. Так жа і на сцэне.

Еўрарадыё: На што здольны Аляксандр Кулінковіч, прыпёрты да сценкі?

Аляксандр Кулінковіч: На ўсё, што заўгодна! Напэўна, да самаспалення.

Еўрарадыё: Пасля таго, як вызначылі прадстаўніка Беларусі на "Еўрабачанні" ты напісаў, што не верыш у поспех беларускамоўнай песні...

Аляксандр Кулінковіч: Я не люблю "Еўрабачанне", мне яно брыдкае. Але з аднаго боку, я разумею, што няма чаго там рабіць на гэтым паганым конкурсе, а калі і ёсць што рабіць, то трэба спяваць па-англійску і прымаць правілы гульні. З іншага боку, як грамадзяніну і беларусу, вельмі прыемна, што едзе туды сёлета беларуская каманда, будзе спяваць па-беларуску, і, дарэчы, гурт цудоўны. У іх вельмі станоўчая энергетыка, і за кошт гэтага цалкам магчымы ўдалы выступ. Шчырасць цяжка схаваць. А канкурсанты на "Еўрабачанні" збольшага прафесіяналы, і іх шчырасць замазаная, вывераная, пакрытая глазурай, блішчыць. Я буду вельмі рады, калі апынецца, што не маю рацыі. Буду, натуральна, балець за нашых, крычаць і скакаць, калі яны будуць выступаць.

Еўрарадыё: "Нейра Дзюбеля" табе мала. З'явіўся яшчэ праект "Велосипедистов". Для чаго?

Аляксандр Кулінковіч: Гэта акустычныя песні, якія пісаліся мной у 1990-я, і якія абсалютна не кладуцца на электронную цяжкую музыку. З "Дзюбелямі" мы спрабавалі іх зрабіць, але разумелі, што яны для гурта не цікавыя, яны сумныя ці не атрымліваюцца. Таму быў створаны асобны гурт, з'явіўся кухонна-п'яны фармат, нам усім вельмі падабаецца, бо ў нашым гурце можна і нават трэба піць абсалютна афіцыйна: куфаль з півам — гэта як асобны інструмент. То бок, мы спрабуем стварыць атмасферу кухні, можна размаўляць з музыкамі, піць з музыкамі, чокацца, атрымліваецца атмасфера вялікай падвыпіўшай сям'і. 2 лютага ў Beer&Wine, дарэчы, будзе канцэрт "Велосипедистов". Прыходзьце.

Еўрарадыё: "Велосипедистов" — гэта твой уласны эксперымент. А з Neuro Dubel вы эксперыментуеце ў новым альбоме?

Аляксандр Кулінковіч: Калі я скажу, што новы альбом будзе падобны да Neuro Dubel і падобны да папярэдніх альбомаў, я скажу кепска. Маўляў, застой, стаім на месцы. З іншага боку, калі я скажу, што мы эксперыментавалі і нешта прыдумлялі, людзі, якія нас слухаюць, падумаюць, што нейкая фігня. Не трэба эксперыментаў, таму што "Дзюбель" ужо знайшоў свой стыль, сваё гучанне. Натуральна, там будуць песні, не падобныя адна на адну, будзе і цяжкі рэп, і самота. Так, мы не развіваемся, але тое самае можна сказаць пра AC/DC ці Motorheard. Мы працуем, мы запішам цудоўны і самы лепшы альбом. Так атрымалася, што ў ім няма прахадных песень.

Еўрарадыё: Што можна назваць мэйнстрымам у беларускай музыцы?

Аляксандр Кулінковіч: Не ведаю. Увогуле, наша музычная культура ў апошні час памірае, хварэе, прычым, цяжка.

Еўрарадыё: Магчыма, яна перанараджаецца? Падавалася, што раней яна была больш ідэйнай, а тэхніка кульгала, цяпер стала наадварот...

Аляксандр Кулінковіч: Магчыма. Гэта як з людзьмі: чым менш гаджатаў, тым лепшыя ў нас стасункі. Я сказаў сваім хлопцам, што мне абсалютна пляваць на тое, што мы цяпер пішамся ў лепшай студыі, чым тая, у якой мы пісаліся год ці дзесяць гадоў таму, мне пляваць, што мы звядземся лепш. Лепш, насамрэч, не стане. А душа застанецца, ідэйны заклік. Таму я нясціпла лічу, што "Нейра Дзюбель" трымаецца на мне, бо мне пляваць, у які мікрафон я спяваю. Я аднолькава, як у апошні раз, буду граць што ў "Графіці", што на лідскім "Бірфэсце" перад 60-цю тысячамі гледачоў.

Еўрарадыё: У апошні час на канцэртах "Нейра Дзюбеля" не бачна Юры Навумава. Ён пакінуў гурт?

Аляксандр Кулінковіч: Па ўзаемнай згодзе мы вырашылі крыху адзін ад аднаго адпачыць. Мы спадзяемся, што гэта часова.

Еўрарадыё: Летам у нас у гасцях быў Лявон Вольскі, казаў, што часы цяпер іншыя, і ўзгадваў Аляксандра Кулінковіча ў такім рэчышчы. Маўляў, некалі "Крамбамбуля" грала канцэрты, і мог патэлефанаваць Саша і сказаць, давай, Лявон, прыйду, і падпяю. Лявон казаў: "Саша, грошай няма". А Саша ў адказ: "Я і бясплатна падпяю". Чаму Саша цяпер не тэлефануе Вольскаму і не прапаноўвае свае "паслугі"?

Аляксандр Кулінковіч: Саша нядаўна тэлефанаваў Лявону і прапанаваў што-небудзь разам замуціць. Лявон сказаў, што зробіць прэзентацыю ў Вільні, і мы нешта прыдумаем. Вось такі званок і прапанову я б зрабіў і Сярожу Міхалку, бо, несумненна, трэба што-небудзь замуціць, таму што вельмі сумна, нічога не адбываецца. Мая любімая фраза пра нашу краіну, сказаная Міхалком гадоў 15 таму, пра "боўць", што кругі не разыходзяцца: кідаецца ў ваду камень, а вакол яго "боўць", такі гук. І цяпер, па вялікім рахунку, мы самі ствараем "боўць". У нас ёсць сілы, магчымасці, нават грошы ў параўнанні з многімі, каб нешта замуціць. Але мы чамусьці не можам замуціць. У фільме "Обыкновенное чудо" была такая фраза пра паляўнічага: "Ён ужо не палюе, ён піша кнігу па тэорыі палявання". Я вельмі баюся, што мы, я, мой сябра Лявон, Сярога, Варашкевіч, Хаменка — мы ўсе перастанем паляваць, а пачнём пісаць кнігу па тэорыі палявання. І да гэтага ўсё ідзе. Бо я навучыўся паляваць з гуртом "Нейра Дзюбель", і праз "Велосипедистов" я пачынаю пісаць кнігу па тэорыі, бо я ведаю, як трэба. 

Еўрарадыё: А які гэта можа быць праект, бо, па-сутнасці, Кулінковіч, Вольскі і Міхалок — гэта тры панкі?

Аляксандр Кулінковіч: Я лічу, што лепш, чым "Крамбамбуля", якую прапанаваў Лявон, не адшукаць. Гэта рэальна панкаўскі праект, як бы ён ні ўпрыгожваўся голасам Гюнеш і г.д. Я думаю, што гэтую ідэю варта працягваць і быць у гэтых межах. Адзінае, што "Крамбамбуля" была абмежаваная тэкстамі, напісанымі Лявонам. Лявон усё там прыдумаў, быў генератарам ідэй. Бо ў кожным гурце мусіць быць генератар, выканаўца і прыгажун. Мы з Сярогам дагэтуль не вырашылі, хто з нас выканаўца, а хто прыгажун. Хоць Лявон, зразумела, і ёсць генератар, і выканаўца, і прыгажун, а мы так, дапамагалі. Калі гэта адродзіцца, будзе здорава. Сярожа Міхалок, калі ты нас чуеш, ці нехта блізкі да яго, набяры, калі ласка, мяне: даўно хачу з табой пагутарыць, ну і справа ёсць, як бачыш. Мы з Лявонам гатовыя. Справа за табой.

Еўрарадыё: Ці актуальныя будуць цяпер праекты, якія некалі былі на ўздыме? Што гэта дасць беларусам?

Аляксандр Кулінковіч: Перадусім тое, чаго нам не хапае — яднанне. "Народны альбом" — гэта, калі вялікі натоўп таленавітых людзей глядзіць адзін тэлевізар. Так і тут было б здорава ўтыкнуцца ў адзін планшэт і вымазаць яго трыма адбіткамі.