Вы тут

"Афіцыйна, з праводкай па базе": беларускія правы ў сацсетках каштуюць Br780

Беларускія правы прадаюць у сацыяльных сетках  / sudexpert.gov.by

Раскамнагляд заблакаваў каля 15 тысяч сайтаў, якія прапаноўвалі падробленыя дакументы грамадзянам Расіі. Але ўсё роўна: кароткі запыт у пошукавіку — і выпадае вялікая колькасць аб'яў і спасылак на інтэрнэт-крамы з правамі, даведкамі, дыпломамі.

У Беларусі правы не прадаюцца на кожным кроку. Але на расійскіх рэсурсах знайсці аб'явы пра продаж беларускіх пасведчанняў кіроўцы можна. З нядаўніх часоў яны рэкламуюцца і ў "Інстаграме". Мы наткнуліся там на аб'яву, у якой прадаўцы так пераконваюць у сваёй надзейнасці: "Нашы людзі працуюць у МРЭА, ДАІ, па ўсёй тэрыторыі РБ". 
 

Кур'ерам па любым адрасе

Спачатку вырашылі даведацца, ці лёгка "купіць правы". Прыкінуўшыся патэнцыйнымі пакупнікамі, пытаемся пра дэталі здзелкі.

Інакш кажучы, за грошы прапануюць не проста пластыкавую картку з тваім фота і фэйкавымі звесткамі, а ўнясенне ў базу даных ДАІ. Калі дакументы будуць гатовыя, нам абяцаюць выслаць фота правоў, пасля чаго мы павінны будзем аплаціць астатнюю суму і зможам атрымаць дакумент кур'ерам або поштай па любым адрасе.

За самае стандартнае пасведчанне кіроўцы з катэгорыямі АМ і B дзялкі хочуць 780 беларускіх рублёў. "Калі вам не спадабаецца якасць дакументаў па фатаграфіях — вернем перадаплату", — абяцаюць яны. Для пераканаўчасці дадаючы, што "ўсё афіцыйна, з праводкай па базе, ніколі такога не было, каб у кагосьці былі праблемы. Раней усе куплялі праз знаёмствы, цяпер усё крыху прасцей". І запрашаюць уступіць у тэлеграм-канал з водгукамі.

Гарантый няма

У ДАІ кажуць, што выкрыць уладальніка фальшывых правоў нескладана. У базе звестак змяшчаецца шмат інфармацыі, якую складана падрабіць: дзе і калі чалавек заканчваў аўташколу, з якой спробы, прозвішча таго, хто прымаў экзамены, нумар медыцынскай даведкі. Звесткі могуць выглядаць праўдападобна, але толькі на першы погляд. Найменшая праверка — і кіроўца спаліўся.

Відавочна, што задзейнічаць так шмат адказных асоб у карупцыйнай схеме немагчыма. Таксама відавочна, што бізнес па падробліванні правоў кіроўцы няпыльны. Кіроўцы, якіх ДАІ ловіць з левымі дакументамі, не ідуць у суд з заявамі аб махлярстве. Цябе падманулі, калі ты спрабаваў падмануць дзяржаву? Твае праблемы.
 

Бязмежныя магчымасці

Мяркуючы па прэс-рэлізах МУС, падробкі карыстаюцца попытам. Купляюць "ліпу" тыя, хто быў пазбаўлены права кіравання т/с або не мог здаць экзамен у ДАІ. Але сустракаюцца сярод парушальнікаў і тыя, хто атрымаць пасведчанне кіроўцы нават не спрабаваў.

Час ад часу беларускія кіроўцы трапляюцца з падробленымі расійскімі правамі. Напрыклад, у Гомелі ў канцы красавіка супрацоўнікі ДАІ спынілі кіроўцу за парушэнне хуткаснага рэжыму. 41-гадовы жыхар абласнога цэнтра прад'явіў пасведчанне кіроўцы РФ. "Як было ўстаноўлена, у лютым гэтага года мужчына на тры гады быў пазбаўлены права кіравання аўто на тэрыторыі Беларусі за кіраванне ў нецвярозым стане. Таксама неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за язду без правоў", — паведамілі ў ДАІ.

 

Інспектары ўсумніліся ў сапраўднасці прад'яўленага пасведчання кіроўцы і адправілі на экспертызу, якая паказала, што пасведчанне кіроўцы было выраблена саматужным спосабам. Пачата крымінальная справа.

Па законе з сапраўднымі расійскімі правамі кіроўца можа тры месяцы ездзіць па тэрыторыі Беларусі. Потым ён абавязаны абмяняць іх на беларускія. Кіроўцы карыстаюцца тым, што штампаў аб перасячэнні мяжы ў пашпартах даўно не ставяць, даказаць, што законныя тры месяцы ўжо прайшлі, складана.
 

Да двух гадоў

Адказнасць за выкарыстанне падробленага пасведчання кіроўцы надыходзіць тады, калі кіроўца прад'яўляе яго інспектару ДАІ. Інакш кажучы, калі купіць падробленыя правы, пакласці іх дома і паказваць сябрам (маўляў, глядзіце, якую штуку купіў за 780 рублёў!), то парушэння закона няма. Злачынства здзяйсняецца ў той момант, калі кіроўца спрабуе з дапамогай падробкі падмануць службовую асобу.

У адпаведнасці з артыкулам 380 КК РБ "Падробка, выраб, выкарыстанне або збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў" такому кіроўцу пагражае крымінальная адказнасць і пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу, папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, арышту на тэрмін да шасці месяцаў або абмежавання волі тэрмінам да двух гадоў.

Яшчэ трэба памятаць, што кожнае прад'яўленне падробленага пасведчання кіроўцы інспектару ДАІ будзе разглядацца як асобны факт выкарыстання падробкі. Гэта значыць, калі кіроўцу некалькі разоў спынялі інспектары ДАІ, ён кожны раз прад'яўляў ім падроблены дакумент і гэта будзе даказана (напрыклад, былі зафіксаваны штрафы), ён панясе пакаранне па кожным эпізодзе паасобку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.