Збой у сетцы электразарадак Malanka нарэшце выпраўлены
Сетка зарадных станцый Malanka / autokatalog.by
Па стане на раніцу 5 сакавіка доступ да сэрвісаў сеткі зарадных станцый Malanka па-ранейшаму абмежаваны. Правайдар працягвае тэхнічныя працы, неабходныя пасля збою, які здарыўся напярэдадні.
Прадстаўнікі сеткі паведамілі, што на станцыях часова можна зарадзіць электрамабіль бясплатна. Дармовая зарадка будзе даступная да поўнага аднаўлення працы сэрвісу.
Спіс станцый можна даведацца ў анлайн-табліцы.
На час тэхнічных работ партнёр сеткі forEVo таксама дазволіў бясплатна зараджаць электрамабілі на сваіх станцыях.
Пра збой у сетцы зарадных станцый Malanka па ўсёй Беларусі стала вядома зранку 4 сакавіка. Прычынай называлася аварыя на воблачнай платформе аператара сувязі МТС.
Паведамленне пра тое, што сетка Malanka справілася са збоем і ўсё выправіла, з'явілася ў яе тг-канале 5 сакавіка пасля 13:00.