Адзёр, смерць і чуткі. Чаму бацькі ў розных краінах адмаўляюцца ад вакцын

Фота: Еўрарадыё
Фота: Еўрарадыё

Толькі за першае паўгоддзе 2018 года ў еўрапейскім рэгіёне на адзёр захварэлі 41 тысяча чалавек. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 37 захварэлых памерлі ад ускладненняў. Спецыялісты ўпэўненыя, што галоўным эфектыўным сродкам у барацьбе з гэтым і іншымі смяротна небяспечнымі інфекцыйнымі захворваннямі з'яўляецца вакцынацыя.

Журналісты незалежных выданняў з Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны пры падтрымцы "Медиасети" вырашылі аб'яднаць намаганні, каб распавесці, як іх краіны змагаюцца з адром, чаму бацькі адмаўляюцца прывіваць сваіх дзяцей і што можна супрацьпаставіць — і эпідэміі, і недаверу да сістэм аховы здароўя.

 

Украіна: чакаемая ўспышка

Колькасць хворых на адзёр ва Украіне вылічаецца дзясяткамі тысяч. Толькі ў гэтым годзе ад ускладненняў памерлі дзевяць чалавек: шэсць дзяцей і трое дарослых. Паводле назіранняў эпідэміёлагаў, ўспышкі адру цыклічныя, прыкметны рост колькасці хворых звычайна назіраецца кожныя пяць гадоў. І калі ўкраінцы будуць зноў адмаўляцца ад прышчэпак, наступны ўсплёск (верагодна, ён адбудзецца ў 2022-23 годзе), стане яшчэ больш маштабным.

Украінскія бацькі адмаўляюцца вакцынаваць дзяцей, бо баяцца ўскладненняў, якія можа выклікаць прышчэпка, а таксама не давяраюць сістэме аховы здароўя, падазраючы, што яе мэта — збыт вакцын, якія далёка не заўсёды бываюць якасныя. Лекары як могуць спрабуюць папоўніць недахоп інфармацыю.

Чытайце падрабязнасці ў матэрыяле "Грамадскага": “Адзёр ва Украіне: чаму бацькі выступаюць супраць прышчэпак і як з гэтым змагаецца Мінздароўя”

 

Грузія: боты, фэйкі і прапаганда

У праблемы скажэння інфармацыі вакол вакцын шмат вымярэнняў. Напрыклад, палеміка вакол вакцын можа распаляцца штучна — да такой высновы прыйшлі аўтары амерыканскага даследавання. Навукоўцы з Універсітэта Джорджа Вашынгтона вывучылі ў твітары паведамленні прыхільнікаў і праціўнікаў вакцынацыі і прыйшлі да высновы, што спрэчкі вакол гэтай тэмы падаграюцца акаўнтамі, звязанымі з расійскай "фабрыкай троляў".

У апошнія гады ў Грузіі актыўна распаўсюджваюцца дзікія чуткі пра страшныя наступствы вакцынацыі. Яны рэгулярна падаграюцца сюжэтамі расійскіх тэлеканалаў, якія з энтузіязмам расказваюць жахоцікі пра амерыканскую лабараторыю на тэрыторыі Грузіі. Калі верыць гэтым крыніцам, вірусы ў Грузіі распаўсюджвае менавіта яна.

Чытайце падрабязнасці ў матэрыяле "JAMnews": “Адзёр у Грузіі  —  эпідэмія невуцтва?”

 

Беларусь: “завозныя выпадкі”

У Беларусі антыпрышчэпкавыя настроі суседнічаюць з ізаляцыянізмам. Адзін з апытаных журналістамі лекараў назваў вірус адру ў Беларусі "завозным" — яго, як і аргументы праціўнікаў вакцынацыі, у асноўным, прывозяць з-за мяжы, — лічаць лекары.

І ўсё-ткі грамадзяне Беларусі прышчапляюць дзяцей. 95 адсоткаў маленькіх беларусаў абароненыя ад адру вакцынамі.

"У нас шмат рускамоўнага насельніцтва. Да нас ідзе антыпрышчэпкавая інфармацыя з Расіі і Казахстана. Глядзіш — і страшна становіцца. Гэта распаўсюджваюць нават лекары. Я такіх пазбаўляў бы дыпломаў", — сказаў Еўрарадыё лекар-рэаніматолаг Максім Ачэрэтны.

Чытайце падрабязнасці ў матэрыяле "Еўрарадыё": “Ці пагражаюць беларускаму грамадству “антыпрышчэпнікі” і чаму вакцынацыя  —  гэта необходна”

 

Азербайджан: моцна напалоханыя людзі

Большасць антыпрышчэпнікаў Азербайджана — гэта напалоханыя бацькі, ад якіх у свой час адмахнуліся лекары. Страхі гэтых бацькоў без праблем мог бы развеяць любы педыятр з раённай паліклінікі — тады ў грамадстве не клубілася б столькі палахалівых чутак і, адпаведна, антыпрышчэпнікаў было б на парадак менш, — перакананы азербайджанскі доктар.

Аднак колькасць такіх бацькоў невялікая: у 2015 годзе спецыялісты СААЗ прызналі, што ў Азербайджана атрымалася перамагчы адзёр. У той час як эпідэмія бушуе ў суседняй Грузіі, тут пакуль атрымліваецца не прапусціць яе праз мяжу. Рэцэпт усё той жа: вакцынацыя. У 2017 годзе, калі стала вядома пра чарговую ўспышку адру ў Грузіі, Азербайджан пачаў новую кампанію па вакцынацыі — і асабліва пільна сачыў за яе выкананнем у памежных з Грузіяй рэгіёнах.

Зараз у краіне прышчэпленыя да 97 адсоткаў усіх дзяцей, але непрышчэпленых можа стаць больш.

Чытайце падрабязнасці ў матэрыяле "Мейдан-ТБ": “Краіна зробленых прышчэпак”.

 

Малдова: дзве тысячы даведак

Адзёр абрынуўся на Малдову знянацку: цэлыя чатыры гады гэтае захворванне не фіксавалася, а ў 2018 годзе выявіўся адразу 281 хворы. У барацьбе з хваробай малдаўскія ўлады зрабілі стаўку на каранцін і даведкі. Яны вырашылі аддзяліць прышчэпленых дзяцей ад непрышчэпленых, і ў верасні гэтага года дзверы школ апынуліся зачыненымі для 7 тысяч дзяцей. Ужо праз два тыдні Міністэрства аховы здароўя рапартавала, што дзякуючы гэтай санкцыі колькасць прышчэпленых дзяцей вырасла роўна на 2 тысячы. Прынамсі, столькі даведак аб планавай вакцынацыі прадастаўлена ў малдаўскія школы.

Праваабаронцы чакаюць, што ў хуткім часе могуць з'явіцца судовыя пазовы супраць Міністэрства адукацыі: калі дзяржава не дазваляе непрышчэпленаму дзіцяці наведваць школу, яна павінна забяспечыць яго альтэрнатыўнай магчымасцю навучацца. І пакуль такую ​​магчымасць забяспечыць не можа.

Чытайце падрабязнасці ў матэрыяле "ЗдГ": “Адбіць атаку: як Малдова змагаецца з распаўсюджаннем адру”

 

У межах “Медиасети” над праектом працавалі: Дзімітры Аваліані, Кацярына Аляксандр Надзія Апенька, Ліліана Батнарук, Вольга Булат, Манана Вардыяшвілі, Марыя Калеснікава, Андрэй Мамай, Гюнэль Маўлуд, Дзіяна Петрыяшвілі, Давід Піпія, Раман Пратасевіч, Віталь Ругайн, Сеўда Самедава, Юліяна Скібіцкая, Тахміна Тагізадэ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі