Вы тут

Журналістку Дзіяну Серадзюк аштрафавалі па новых паказаннях АМАПаўца

Дзіяна Серадзюк у судзе / БАЖ

Журналістку газеты "Новы Час" Дзіяну Серадзюк аштрафавалі на 1350 рублёў (50 базавых велічыняў) за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі за незалежнасць Беларусі. Пра гэта паведамляе прэс-служба БАЖ,

Гэта ўжо другі судовы працэс супраць дзяўчыны. Як распавядала Еўрарадыё, 10 студзеня суд адправіў пратаколы на дапрацоўку. У той час, калі па пратаколах дзяўчына была на мітынгу, насамрэч яна была на занятках замежнай мовы. 

Сёння АМАПавец Івашкоў заявіў, што на мінулым пасяджэнні ён памыліўся і бачыў Серадзюк на мітынгу не ў прамежку 18:00-18:30, а пазней. 

Яшчэ адзін сведка, міліцыянт Сяргей Астаф'еў, паведаміў, што сфатаграваў Серадзюк на мабільнік у парку Янкі Купалы. Дзяўчына звярнула ўвагу, што фота супадае з тым, што было ў справе раней, толькі каляровае. Прычым раней сцвярджалася, што здымак зроблены з камеры відэаназірання. Яна падкрэсліла, што недапушчальна такім карэнным чынам змяняць паказанні, і паставіла пад пытанне прафпрыдатнасць Івашкова.

Таксама журналістка зазначыла, што ў судзе пастаянна не з'яўляецца яшчэ адзін сведка — Шайко, а яго паказанні слова ў слова дублююць словы Івашкова. І нават памыляюцца супрацоўнікі міліцыі аднолькава.

Аднак суд усё ж аштрафаваў журналістку. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.