За выезд з грамадзян бяруць грошы ў Турцыі і Коста-Рыцы

З такой заявай ён выступіў у пятніцу, наведваючы завод "Мотавела".

"Нашы людзі сёння, якія нас усё крытыкуюць, — бедная, жабрацкая краіна, а да 3 мільярдаў долараў вывозяць за мяжу ў Еўрасаюз і ўвозяць барахло, якое мы таксама выпускаем. Дык вось, я даўно даручыў: ажно да таго, што з'язджаеш за межы краіны па гэтае барахло, заплаці пошліну. Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем, плаці 100 долараў з носа і едзь за мяжу".

Старшыня Мінгарвыканкама і кіраўнік "Мотавела" моўчкі слухаюць Аляксандра Лукашэнку, без эмоцыі. Яны не ківаюць і не ўсміхаюцца, не падтакваюць, як гэта звычайна бывае.

Эканамічны аналітык Леанід Заіка мяркуе, што заява Аляксандра Лукашэнкі чыста эмацыйная, і сумняваецца, што гэта насамрэч будзе ўведзена. Паводле яго слоў, падобнае абмежаванне будзе парушаць усе магчымыя міжнародныя нормы, у тым ліку “Хартыю аб правах чалавека” і пункт аб вольным перамяшчэнні.

"Думаю, гэта эмацыйны ўсплёск. Эмоцыі. Прэзідэнт вельмі перажывае. Перажывае за лёс краіны. Зразумела, калі нехта паедзе набываць бульбу ў Літву, якая там можа таннейшай, чым у Беларусі, — на гэта зневажальна глядзець. У нас па восені нейкія дзіўныя рэчы назіраюцца. То прапануюць браць падаткі з непрацуючых, а гэта 440 тысяч чалавек, то прапануюць браць грошы за выезд з краіны на шопінг".

Магчыма, заява эмацыйная. Але ж нядаўна, 28 жніўня, заяву пра тое, што шмат грошай беларусы вывозяць за мяжу, рабіў прэм'ер Міхаіл Мясніковіч:

"Паглядзіце, якія аб'ёмы валюты вывозяць нашы людзі ў Літву, Польшчу, іншыя краіны, каб набыць там спажывецкія тавары. Што, мы не можам зрабіць іх самі?"

Але ж прэм'ер прапанаваў, каб мы зрабілі гэтыя тавары самі. А прэзідэнт яму адказаў:

"Прывозяць тавары, якія мы таксама выпускаем... Выязджаеш за межы, заплаці выязную мыту. Тады ён прыйдзе ў нашу краму і купіць наш халадзільнік, а не будзе цягнуць з Еўрасаюза барахло невядома якой вытворчасці".

І самае цікавае, што такая практыка ёсць у некаторых краінах. У Коста-Рыцы за выезд за мяжу ў аэрапорце бяруць 30 долараў з кожнага чалавека, у Турцыі за выезд з краіны грамадзяне плацілі 15 лір у 2006 годзе.

Фота: Радыё Свабода

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі