З пачатку міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЕС загінулі 126 чалавек

Мігранты ля плота на беларуска-польскай мяжы

Мігранты ля плота на беларуска-польскай мяжы / SCANPIX / AP

На мяжы Беларусі і ЕС з пачатку міграцыйнага крызісу загінулі 126 чалавек. 116 смерцяў былі задакументаваныя ў справаздачы "Праходу няма. Смерць мігрантаў на мяжы Еўрасаюза з Беларуссю". Вытрымкі з гэтага дакумента прыводзіць выданне Wyborcza. Гэтыя 116 чалавек загінулі ў перыяд са жніўня 2021 года да сакавіка 2024 года. Аднак, калі праца над справаздачай ужо была завершана, паступілі звесткі пра смерць яшчэ 10 чалавек.

Найбольш частымі прычынамі смерці мігрантаў былі пераахаладжэнне і знясіленне. Доўгі час яны вымушаныя былі заставацца ў лесе. 11 чалавек патанулі, калі спрабавалі пераплысці памежныя рэкі. Яны лічылі, што гэта прасцейшы шлях. Пяць чалавек загінулі ў аўтакатастрофах — машыны, на якіх іх перавозілі, з'язджалі ад паліцэйскай пагоні і траплялі ў ДТЗ. Людзі гінулі і ў выніку гвалтоўнага выправаджэння ў Беларусь. Не ўсе целы ўдалося апазнаць, сваякі многіх загінулых не знойдзеныя. Вядома таксама, што не менш за дзевяць жанчын страцілі цяжарнасць падчас спробаў перайсці мяжу.

Польскія ўлады абвінавачваюць у правакаванні міграцыйнага крызісу беларускія ўлады. Увесну сітуацыя на мяжы зноў абвастрылася. Загінуў польскі салдат. У Варшаве казалі, што спробаў незаконнага перасячэння мяжы зрабілася больш, мігранты сталі агрэсіўнейшымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі