Арганізатар “Басовішча” Юрка Асеннік: Сумую па часах "тых" "Басоў"

Юрку Асенніка — музыку і чалавека, для якога "Басовішча" стала адной з галоўных справаў жыцця, — мы вылоўліваем паміж выступамі Akute i "Перкалабы". Апантаны і пазітыўны лідар Zero-85 прыбег у гукарэжысёрскі намёт, каб паставіць фонавую музыку паміж гуртамі.

“Цяпер усё інакш”

Еўрарадыё: Упершыню за 24-гадовую гісторыю "Басовішча" мы не бачым на сцэне "генералаў айчыннага року" — музыкаў, выступ якіх сабраў бы сталых фэнаў фестывалю. З чым гэта звязана?

Юрка Асеннік: Праз год будуць XXV "Басы". Юбілей. Калі толькі Neuro Dubel не адмовіцца, мы будзем іх чакаць. Калі толькі "Крама" не адмовіцца, яны будуць граць. Калі Ulis не адмовіцца, ён будзе зоркай дваццаць пятых "Басоў". Гэта сцэна Славы Кораня. Гэта сцэна "Мроі" — гэтае месца, гэты лес.

"Басовішча" накіравала ўсё маё жыццё. На тое, каб "Басовішча" жыло, было такім, якім яно ёсць, шмат энергіі і часу паклаў Лёнік Тарасевіч. Таксама Ілона Карпюк. Мы цяпер спрабуем вярнуць "Басы" да вытокаў. Сёння тут выступаюць польскія зоркі: Kim Nоwak, MASALA SOUNDSYSTEM, Indios Bravos — а побач з імі — беларускія зоркі: Pomidor/Off, Akute, Re1ikt, Dzieciuki. Тут жа зоркі, якія толькі пачынаюць свяціць — як Сlover Club — і дыджэі, якія граюць з лепшымі дыджэямі з Вялікабрытаніі і Польшчы. Усё гэта — доказ таго, што "Басовішча" — фестываль беларускі.

Фестываль, які, на жаль, не мае ўплыву на ўсё, прынамсі, на тыя ж візы. Але мы чакаем тут сваіх суродзічаў, братоў, сясцёр. Мы, беларусы тут, у Польшчы, запрашаем усіх беларусаў з Беларусі, каб прыязджалі да нас праз год. Гэта фестываль добрай музыкі — ён такім быў і такім застаецца. Хаця, зразумела, было рознае. Але цяпер усё інакш.

“Мы — людзі вольныя. Вольныя, калі слухаем музыку”

Еўрарадыё: З-за адсутнасці "генералаў", вялікай колькасці польскіх гуртоў, паслаблення "беларускамоўнасці" як крытэря выступлення на "Басах" для беларускіх каманд, можа падацца, што "Басовішча" ператвараецца ў звычайны польскі фэст...

Юрка Асеннік: Не-не-не. "Басовішча" — гэта беларускі фестываль рок-музыкі, музыкі маладой Беларусі, які арганізуюць польскія беларусы для польскіх і беларускіх беларусаў. Мы арганізуем фэст для ўсіх, хто цікавіцца беларускай музыкай.

Я ведаю, што гэта прагучыць банальна, але праўда жыцця банальная, як каханне, як мір, як спакой. Мы высылаем у свет такі мэсадж: мы — людзі вольныя. Вольныя, калі слухаем музыку. “Басовішча” — гэта два дні, калі мы вольныя людзі. І тут не мае значэння, хто ты — беларус, украінец, паляк, цыган, габрэй, немец. "Навошта гэтыя межы, калі за іх рэжуць?" — як спявае Міхалок. Усё проста: мы — тутэйшыя беларусы, робім беларускі музычны фестываль, на які запрашаем украінскія і польскія гурты, як і публіку з гэтых краін. Гэта фестываль, на якім гучыць добрая музыка... А наконт мовы...

Еўрарадыё: Наконт мовы, так!

Юрка Асеннік: У конкурсе мы разглядалі толькі гурты, якія спяваюць на беларускай мове. Таму што "Басовішча" не можа прамаваць, рабіць бонус гурту, які спявае па-англійску. Нас, прынамсі, гэта не цікавіць. Нас цікавіць музыка фармату Zet, "Кальян", Deviation, "Новае неба", фармату Hasta la Filsta ці Clover Club. Тут як раз адчуваецца сэрца, адчуваецца, што гэта сур'ёзна, гэта шчыра. І тое, што Hasta la Filsta калісь, а цяпер Clover Club спяваюць на англійскай мове — тут, у гэтым выпадку, не мае значэння. Ёсць польскія гурты, якія спяваюць па-англійску, але яны не перастаюць быць з-за гэтага польскімі гуртамі. Памятаеш, Tornado некалі спявалі па-англійску? Так прынята ў хэві-метале! І гэта было нармальна!

“Я не разглядаю таго, хто што бачыў у Мінску”

Еўрарадыё: І ўсё ж некалі гурты дзеля таго, каб патрапіць на "Басовішча", перакладалі свае тэксты на беларускую мову. І гэта нават паўплывала на светапогляд некаторых музыкаў.

Юрка Асеннік: Не ведаю, я ніколі не перакладаў. Я ўсё жыццё спяваю на мове, на якой пішу тэксты. О, зараз пачынае Perkalaba... Энергія, энергія і пазітыўны настрой. Трэба ўсміхацца.

Еўрарадыё: Сёння ў фэсце ўдзельнічаюць беларускія гурты, якія даюць шмат канцэртаў у Беларусі. І, верагодна, адна з прычын невялікай колькасці беларускай публікі на фэсце — у тым ліку і гэты факт. Адсутнасць "генералаў" у нейкім сэнсе зрабіла сваю справу.

Юрка Асеннік: Калі мы з Ілонай Карпюк складалі праграму, мы рабілі яе быццам для сябе: якія гурты хочам пачуць. Akute, Re1ikt я ведаю з інтэрнэту. Калі мы робім фэст і трэба паставіць у яго праграму лепшыя беларускі гурты, я не разглядаю таго, хто што бачыў у Мінску. Я мушу разглядаць тое, хто што бачыў у Беластоку. Што ён ведае і што яму паказаць. Як паказаць тое важнае, што адбываецца зараз у беларускай музыцы, не запрасіўшы Re1ikt, Akute, Clover Club...

Еўрарадыё: The Toobes?

Юрка Асеннік: The Toobes — гэта іншае пытанне. "Тубсы" — гурт, вельмі вядомы ў Польшчы, але гурт беларускі. Тут ніхто не ведае, што такое "Ляпис Трубецкой", на жаль. Ніхто не ведае, што такое Nagual, Gurzuf. Мала людзей ведаюць Port Mone. Таму мы іх ужо запрашалі і праз год будзем запрашаць, каб яны разам з "ДахаБраха" з намі тут адзначылі 25-ы юбілей. Я сабе не ўяўляю, каб праз год на юбілеі "Басовішча" тут не хапіла б "ДахіБрахі" з Port Mone, каб тут не хапіла б Neuro Dubel... Я хацеў бы, каб прыехала Кася Камоцкая. Я люблю "Рана-рана, калі свеціць сонца праз фіранкі" і гэта ўсё... Цяжка. Я сумую па часах, калі была тут іншая атмасфера, іншая энергія. Цяпер іншая. Але мы як можам працуем над тым, каб яна была самай лепшай на гэты момант!

Галоўнае фота: www.ultra-music.com.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі