Беларуская мова на "Басовішчы" робіцца ўсё больш неабавязковай

“З тэхнічнага боку "Басовішча" вельмі вырасла”





Мадэрнізацыя "Басовішча" працягваецца. Першае, што ўражвае каманду Еўрарадыё, а разам з намі і ўсіх, хто наведваў фэст раней — тэхнічныя фішкі сёлетніх “Басоў”.





Вялікая сцэна з двума экранамі па баках, тры ўдарныя ўстаноўкі для беспраблемных перазменак музыкаў, хітры лічбавы пульт, святло — такога пад Гарадком не бачылі за ўсе 20 гадоў правядзення фэсту! А цёплыя грымёркі для гуртоў, а дастатковая колькасць сталоў і лавак за сцэнай… Музыкі ўпершыню на "Басовішчы" адчуваюць пяшчотны клопат пра сябе.





"З тэхнічнага боку "Басовішча" вельмі вырасла, — перабіваюць адзін аднаго музыкі гурта Pomidor/Off Сяргей Канановіч і Зміцер Харытановіч, старажылы фэсту. Упершыню яны прыехалі на "Басы" ў 1997 годзе ў складзе Hasta la Filsta. — Мы, зразумела, прывезлі з сабой гітарны ўзмацняльнік і мяшок "жалеза" на ўсялякі выпадак, але, што прыемна, яны нам не спатрэбіліся".





Гледачы "Басовішча" таксама не застаюцца без бонусаў. Інфармацыйныя тумбы з мапай і раскладам фэсту даюць магчымасць спланаваць уласны час. У намётавым мястэчку з’яўляюцца душы — цяпер пасля слэму можна вярнуць сабе чалавечае аблічча. Ну і галодным ніхто не застаецца: бігас, калбаскі і піва на "Басах" — справа звыклая!

З лайнапу "Басоў" сёлета цалкам знікаюць “генералы беларускага року”





Не здзіўляе нікога і сёлетні фармат "Басовішча". Апошнія 4 гады арганізатары ўпарта адварочваюць музычную частку фэсту ад “голага” року. З лайнапу "Басоў" цалкам знікаюць “генералы беларускага року”. Затое ўсё часцей з галоўнай сцэны гучыць этна (ORKIESTRA KLEZMERSKA TEATRU SEJNEŃSKIEGO) этна-транс (KINIOR & ZABELOV, DIED MOROZ CONVENTION +3) ды дабпанк-хіп-хоп (MASALA SOUNDSYSTEM).



"Зараз няма выразных межаў у рок-музыцы. Рок — гэта проста нейкая плынь, хваля, якая можа быць і цалкам электронная, — разважае лідар Akute Раман Жыгараў. — Напрыклад, некаторыя гурты ўвогуле не ўжываюць жывых інструментаў. Але гучаць насамрэч рок-н-рольна! Таму тое, што на "Басах" ёсць такая тэндэнцыя — гэта не хіба. Гэта таксама класна! І мы бачым, што народ аднолькава адрываецца і пад рок-н-рол, і пад больш электронныя гурты. То бок, зараз фестываль крыху іншы па абсталяванні і арганізацыі. І гэта развіццё, гэта не застой, што радуе!"

KINIOR & ZABELOV

“Мне ўсё роўна, хто што бачыў у Мінску”





Палова гуртоў, што граюць на XXIV "Басовішчы" — польскія зоркі. Другая палова — беларускія артысты, якія часта выступаюць на радзіме. Магчыма, таму на фэсце мы заўважаем мала беларусаў.





"Калі мы з Ілонай Карпюк складалі праграму, мы яе складалі нібыта для сябе: якія гурты хочам пачуць, — тлумачыць выбар музыкаў адзін з арганізатараў фэсту, лідар гурта Zero-85 Юрка Асеннік. — Akute, Re1ikt я ведаю з інтэрнэту. Калі мы робім фэст, мы запрашаем на яго лепшыя беларускія гурты. Мне ўсё роўна, хто што бачыў у Мінску. Я мушу разглядаць, хто і што бачыў у Беластоку. Што ён ведае і што яму паказаць. Як паказаць тое, што адбываецца зараз у беларускай музыцы, не запрасіўшы Akute, Re1ikt і Clover Club?"

Clover Club





“Басы” ператвараюцца ў звычайны польскі фэст, госці якога — музыкі з Беларусі





У 2000-х патрапіць на "Басовішча" для маладых гуртоў было асаблівай удачай. Каб адпавядаць фармату фэсту, музыкі перакладалі свае песні на беларускую мову. Але зараз беларускамоўнасць — як адметная рыса фестывалю — сыходзіць на другі план. Беларускія гурты не запарваюцца на гэты конт і выходзяць на сцэну з англамоўнымі сэтамі. Нават калі ў загашніку ёсць і беларускамоўны твор.





"Песня першапачаткова была напісаная па-англійску, і ў перакладзе яна не так дасканала гучыць. Атрымліваецца абсалютна не тая энергія, — распавядае Еўрарадыё вакалістка Clover Club Патрык. — Таму мы не бачылі сэнсу ў тым, каб яе выканаць на "Басовішчы". Хаця і рэпетавалі. Мы не бачым сэнсу ў перакладзе такім чынам. Калі ўжо пісаць песні па-беларуску, дык пісаць адразу па-беларуску. А так атрымліваецца вельмі сінтэтычна, мелодыка робіцца іншай".



Страчваючы сваю падкрэсленую беларускамоўнасць, "Басы" пераўтвараюцца ў цалкам звычайны фэст. Нават у звычайны польскі фэст, госці якога — музыкі з Беларусі. І натуральна, што калі не адфарматаваць ідэю фэсту, не завяршаць яго магутным хэдлайнерам, не ствараць яго разам з абазнанымі ў музычных працэсах беларусамі, з цягам часу ён цалкам страціць свае пазіцыі і гледача.

“Мы зараз намагаемся "Басы" вярнуць да вытокаў”





Прынамсі, беларусы замест "Басоў" выберуць той жа Heineken Open'er — зорныя хэдлайнеры і паступовае з'яўленне там беларускіх гуртоў зробяць сваю справу.





“Мы зараз намагаемся "Басы" вярнуць да вытокаў, — тлумачыць Еўрарадыё Юрка Асеннік.— І тое, што сёння тут выступаюць польскія зоркі — Kim Nоwak, MASALA SOUNDSYSTEM, Indios Bravos, а побач з імі — беларускія зоркі — доказ таго,што фестываль беларускі. Фестываль добрай музыкі — ён такім быў і такім застаецца. Зразумела, што было рознае. Але зараз усё інакш”.





Наступнае "Басовішча" — XXV па ліку — расставіць усё на свае месцы, кажа Асеннік. Менавіта на ім адбудзецца “камбэк дыназаўраў” (фразу нам дорыць Раман Жыгараў з Akute) беларускага року. Яго зоркамі, абяцае Юрка, абавязкова стануць Neuro Dubel, "Крама" і Ulis.

200 фота з "Басовішча 2013" тут.

ILO&FRIENDS

DZIECIUKI і Аляксандр Памідораў

Pomidor/OFF

MASALA SOUNDSYSTEM

DIED MOROZ CONVENTION +3

Kim Nowak

Re1ikt

Akute

Vinsent

Perkalaba

INDIOS BRAVOS

The Toobes