Што рабіць, каб людзі выходзілі на волю: мяняць стратэгію ці далей ціснуць?

Сустрэча палітвязняў у Варшаве

Сустрэча палітвязняў у Варшаве / LookByMedia

Збліжэнне пазіцый прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна зноўку падняло пытанне, ці не надышоў час для беларускіх дэмакратычных сіл мяняць падыходы і стратэгію. Каб працэс вызвалення палітвязняў паскорыўся, трэба прасіць Еўропу пачаць размаўляць і дамаўляцца з Аляксандрам Лукашэнкам. 

Еўрарадыё распытала экспертаў, ці варта гэта рабіць, ці спрацуе змена падыходу і ці гатова Еўропа да гэтага? 

“Працягваць рабіць палітвязняў тэмай нумар адзін, прыярытэтам нумар адзін”

Экспертка ў міжнароднай палітыцы Роза Турарбекава лічыць, што “калі давядзецца ісці на дыялог з Лукашэнкам, трэба проста ўсё добра прадумаць”. 

— Для мяне не існуе дылемы паміж ціскам і перамовамі. Для мяне галоўнае — цана ўдала сфармуляванай сустрэчнай прапановы. Вось пра што ідзе гаворка.

Пакуль што сфармуляванай прапановы Лукашэнку ад Еўропы няма. Таму што Лукашэнка не разглядаецца як самастойны суб'ект перамоў. Вось у чым справа, — кажа Турарбекава.

Яна нагадвае, што перамовы Беларусі з Польшчай — гэта, “хутчэй, рэха амерыкана-беларускіх перамоў, а не пазіцыя Еўропы, бо еўрапейская пазіцыя ў гэтым пытанні не змянілася”.

— Яна заключалася ў тым, каб Лукашэнка ў адказ на зняцце санкцый найперш прадэманстраваў сябе як самастойны суб'ект, гэта значыць як незалежны ад Расіі. А таксама пачаў змяняць унутрыпалітычную сітуацыю, спыніў або прынамсі прыпыніў палітычныя рэпрэсіі, тым самым паказаўшы, што ён гатовы ісці насустрач.

Але Лукашэнка нічога падобнага не робіць. Ні па адным з гэтых двух пунктаў няма ніякіх зрухаў.

І самае галоўнае для еўрапейцаў — Лукашэнка не выглядае незалежным суб'ектам. Ён усімі спосабамі даказвае, што залежыць ад Расіі. У тым ліку гэта бачна на прыкладзе апошняга інцыдэнту з Латвіяй — я маю на ўвазе атаку на латвійскай мяжы.

Пра гэта пішуць усе: польскія палітыкі, эксперты, нямецкія і польскія аналітыкі ды іншыя еўрапейскія эксперты. Усе кажуць пра адно: відавочна, што за спінай Лукашэнкі стаіць Пуцін, — нагадвае экспертка.

Але ж Турарбекава лічыць, што “трэба пастаянна гаварыць пра палітвязняў, паўтараць, што яны — наш прыярытэт нумар адзін, наш боль і наша галоўная просьба”. 

“Не думаю, што апазіцыі варта мяняць сваю пазіцыю”

Дырэктар праграмы па Расіі, Усходняй Еўропе і Еўразіі Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошас лічыць, што адзіная выніковая палітыка ў дачыненні да такіх людзей, як Лукашэнка — гэта ціск.

— Я не думаю, што апазіцыі варта мяняць сваю пазіцыю, змяняць падыход і пераходзіць на іншы бок, падхопліваць амерыканскі сцяг, які яшчэ не выпаў з рук ЗША. Я ў гэта не веру.

Вялікага поспеху з боку еўрапейцаў у гэтым плане я таксама не бачу.

Іншая справа, што еўрапейцы павінны проста павялічваць сваю актыўнасць, колькасць ініцыятыў і прапаноў, а таксама колькасць магчымасцей, якія Еўропа патэнцыйна можа стварыць для Беларусі і беларусаў. Вось гэтым трэба займацца.

Трэба таксама паляпшаць візавую палітыку. Не скажу, што яе абавязкова трэба лібералізаваць, але магчымасці для жыхароў Беларусі ездзіць у еўрапейскія краіны павінны пашырацца, а не звужацца, — лічыць эксперт.

Пры гэтым Аркадзь Мошас нагадвае пра тое, што “ў Еўропе адбываецца сек'юрытызацыя свядомасці”. І згадвае пра ўдзел у тэракце ў Германіі ўладальніка беларускага пашпарта.

— Людзям ужо два гады кажуць, што будзе вайна з Расіяй, што расійская гібрыдная вайна ўзмацняецца і эскаліруе. І гэта праўда.

Таму стаўленне да расіян і, як дадатак, на жаль, да беларусаў таксама становіцца ўсё больш насцярожаным.

І аднаго такога выпадку можа аказацца дастаткова, каб перакрэсліць вялікі аб'ём намаганняў, нават калі б яны былі прыкладзены. А яны пакуль нават не прыкладаюцца, — распавядае эксперт.

“Калі палітыка зменіцца, тады трэба будзе мяняць і падыход да санкцый”

Намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан лічыць, што стратэгію не трэба моцна карэкціраваць. 

—  Што тычыцца санкцый, то, зразумела, іх трэба ўзмацняць, пакуль палітыка не змяняецца. 

Раней жа якія былі закіды? "Давайце здымаць санкцыі, бо Лукашэнка ўсё роўна не будзе мяняць сваю палітыку, таму не трэба іх уводзіць". Гэта даволі дзіўны падыход — пачынаць змяняць санкцыйную палітыку яшчэ да пачатку ўмоўнай лібералізацыі або змены палітычнага курсу.

Нават калі гавораць пра амерыканцаў: маўляў, яны сустракаюцца з Лукашэнкам і здымаюць санкцыі. Але яны ж таксама здымаюць санкцыі ў абмен на вызваленне палітвязняў. Лукашэнка ў гэтым плане таксама крыху змяніў сваю палітыку, — кажа палітык.

Брухан кажа, што “санкцыі самі па сабе не звяргаюць рэжымы”. І нагадвае пра ідэю круглага стала.

— Калі Лукашэнка хоча хутка дамагчыся зняцця санкцый, то найлепшы падыход — правесці круглы стол, дамовіцца. Тады ў еўрапейцаў з'явіцца зразумелая падстава для зняцця санкцый.

Чаму з нас здымаюць санкцыі? Таму што адбываецца нацыянальны дыялог, спыніліся рэпрэсіі, вярнуліся людзі, якія могуць займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю, дазволена рэгістраваць палітычныя партыі.

Зразумела, хтосьці скажа, што гэта мары або завышаныя чаканні. Але чаму не? Чаму не прапаноўваць такі варыянт?

Менавіта таму трэба казаць: "Слухайце, пакуль рэпрэсіі не спынены, пакуль не дазволена нармальная легалізацыя незалежных сродкаў масавай інфармацыі і грамадзянскіх арганізацый у Беларусі, ні пра якія змены гаварыць нельга".

Спыненне рэпрэсій — гэта базавая рэч. Без гэтага нікуды, — нагадвае палітык.

Ён спадзяецца, што Еўрапейскі саюз, ЗША і Украіна не падтрымаюць падыход, калі адных палітвязняў будуць вызваляць — і адразу набіраць новых.

— Без спынення рэпрэсій або спробы выдаць іх утойванне за спыненне нічога не атрымаецца. Інфармацыя ўсё роўна будзе даходзіць да людзей.

Каб гэтага не адбылося, адна з важных рэчаў, пра якія я кажу, — гэта дэкрыміналізацыя дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці, у тым ліку праваабаронцаў, каб яны маглі фіксаваць рэпрэсіі.

Толькі тады можна будзе ўпэўнена казаць, што рэпрэсіі спынены, а не проста схаваны пад коўдру, пад дыван, — падсумоўвае Арцём Брухан.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.